Перайсьці да зьместу

Наста Ройц

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Наста Ройц
Дата нараджэньня 6 лістапада 1883(1883-11-06)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 6 лістапада 1964(1964-11-06)[1][2] (81 год)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Занятак малярка, скульптарка

Наста Ройц (па-харвацку: Nasta Rojc; 6 лістапада 1883, Белавар, Аўстра-Вугоршчына — 6 лістапада 1964, Заграб, Югаславія) — харвацкая мастачка.

Наста Ройц нарадзілася ў сям’і палітыка Мілана Ройца. Пачаўшы захапляцца жывапісам, яна сутыкнулася з непаразуменьнем з боку бацькі, якое ёй удалося пераадолець толькі выйшаўшы замуж за мастака з заможнай сям’і Браніміра Шэноа.

Свае першыя мастацкія навыкі яна атрымала ў Белаварскай гімназіі ў Ёсіпа Хохнеца і ў прыватнай школе Атона Івекавіча ў Заграбе, дзе напісала свае першыя карціны: «Ulica u snijegu» (1900-02) і «Imanje Rojčevo i Snopovi žita» (1902). Пазьней яна пераехала ў Вену, дзе з 1902 па 1904 год вучылася ў жаночай мастацкай школе ў Людвіга Міхалека, Ганса Ціхі і Ціны Блаў, з дапамогай якой Ройц ў 1905 годзе стварыла пленэр «Motiv iz Bistre».

Праз два гады яна пераехала ў Мюнхэн для навучаньня ў жаночай Акадэміі ў Генрыха Кніра і Ангела Янка. Там жа яна завяла знаёмства са скульптарам Міраславам Кралевічам, што заахвоціла яе вярнуцца ў Вену для вывучэньня скульптурнага рамяства.

Пад канец Першай сусьветнай вайны Ройц стала чальцом суфражысцкай плыні і напісала аўтабіяграфію, у якой апісвала свой шлюб з Бранімірам Шэноа. У 1924 годзе яна накіравалася ў падарожжа па Англіі і Шатляндыі з двума афіцэрамі брытанскай арміі, падчас якога напісала некалькі карцін з якіх вылучаецца «Naš auto u Škotsko» — першы малюнак аўтамабіля, створаны харвацкім мастаком.

  1. ^ Nasta Rojc // Benezit Dictionary of Artists (анг.)OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
  2. ^ Brozović D., Ladan T. Nasta Rojc // Hrvatska enciklopedija (харв.)LZMK, 1999. — 9272 с.
  3. ^ https://www.gradskagroblja.hr/trazilica-pokojnika/15