Гіўэл ап Кадэл
Гіўэл ап Кадэл Hywel Dda ap Cadell | |
Кароль Дывэда, Поўіса й Гўінэда Уладар Сэйсыла й Дэхейбарта | |
---|---|
Выява Гіўэла з рукапісу Peniarth 28 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 880 |
Памёр | 950 |
Дынастыя | Дывэвурская дынастыя |
Жонка | Элен з Дывэда |
Бацька | Кадэл ап Родры |
Гіўэл II Да ап Кадэл (па-валійску: Hywel II Dda ap Cadell ці Hywel Dda, каля 880—950) — кіраўнік вялікай частцы Валіі, першапачаткова ўладар Дэхейбарта, каралеўства на паўднёвым захадзе краіны. Бацька Гіўэла, Кадэл, быў сынам Родры Вялікага, родапачынальнікам Дынэвурскай галіны. Гіўэл быў аднім з самых выбітных уладароў Валіі данармандзкага пэрыяду[1]. Галоўным ягоным дасягненьнем лічыцца складаньне кодэксу валійскіх законаў, якія вядомы пад назовам «Законы Гіўэла Добрага» (Cyfraith Hywel Dda).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гіўэл нарадзіўся прыкладна каля 880 году. Ён быў малодшым сынам Кадэла, сына Родры ап Мэрвіна. У 905 годзе Кадэл падпарадкаваў Дывэд і пасадзіў на сталец у ім Гіўэла. Гіўэл замацаваў сваё княжаньне, ажаніўшыся з Элен, дачкой Ліварха ап Гівайда, папярэдняга ўладара Дывэда[2]. Пасьля сьмерці Кадэла ў 909 годзе Гіўэл атрымаў таксама частку Сэйсылуга, а ў 920 годзе, калі сканаў і ягоны брат, Гіўэл аб’яднаў Дывэд і Сэйсылуг, стварыўшы новае каралеўства — Дэхейбарт. У 942 годзе пасьля сьмерці свайго стрыечнага брата, Ідвала Лысага, ён атрымаў уладу й у Гўінэду. Усе ўладаньні Гіўэла складалі амаль тры чвэрці тэрыторыі сучаснай Валіі.
Стасункі з англасаксамі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Панаваньне Гіўэла было незвычайна мірным на той час. Гэта зьвязана шмат у чым з тым, што ён меў добрыя адносіны з Этэльстанам, уладаром Ўэсэкса. Гіўэл нават біў манэту ў ангельскім Чэстэры, больш нікто з валійскіх уладароў гэтага ніколі не рабіў. Акрамя таго, Гіўэл уважліва вывучаў юрыдычную сыстэму англасаксаў, а таксама зьдзейсьніў паломніцтва ў Рым, што менавіта яго натхніла на ідэі аб больш эфэктыўным кіраўніцтве.
Але ня ўсе гісторыкі згодны ў пытаньні аб тым, чаму Гіўэл шукаў зьвяза з Этэльстанам. Хтосьці бачыць у Гіўэле шчырага англафіла й пераймальніка караля Ўэсэкса [3], іншыя лічаць што ён быў сапраўдным прагматыкам, які занадта добра ведаў расстаноўку сілаў у Брытаніі сярэдзіны X стагодзьдзя[4]. Трэба адзначыць, што аднаго з сваіх сыноў Гіўэл назваў саксонскім імём Эдўін.
Валійскі закон
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каля 945 года ў Гендзі Гўіне сабраўся своеасаблівы парлямэнт, які кадыфікаваў валійскія законы на аснове звычайнага права. У іх складаньні прымаў удзел вядомы валійскі летапісец Блегіўрыд. Пасьля сьмерці Гіўэла ў 950 годзе ягонае каралеўства было падзелена на тры часткі: Гўінэд зноўку перайшоў пад кантроль нашчадкаў Ідвала Лысага, а Дэхейбарт падзялілі сыны самога Гіўэла. Але законы Гіўэла насупраць захаваліся ў актыўна ўжываліся аж да XVI стагодзьдзя, калі іхняе дзеяньне было скасавана Генрыхам VIII. Адзін са сьпісаў законаў, рукапіс «Peniarth 28», які вядомы сваімі малюнкамі на палёх, захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Валіі ў Абэрысўіце[5]. Яшчэ адзін са сьпісаў захаваўся ў Чорнай кнізе з Чырка.
Унівэрсытэт Валіі штогод прысуджае Прэмію Гіўэла за дасьледваньні ў галіне сярэднявечнага права.
Папярэднік няма |
Кароль Дэхейбарта 909—950 |
Наступнік Оўайн ап Гіўэл Родры ап Гіўэл Эдўін ап Гіўэл |
Папярэднік Ідвал Лысы |
Кароль Гўінэда 920—950 |
Наступнік Яго ап Ідвал Еўав ап Ідвал |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Hanes Cymru by John Davies, Penguin Books; Page 86
- ^ Koch, John T. (2006). Celtic Culture: A Historical Encyclopedia. ABC-CLIO; Page 945.
- ^ John Edward Lloyd (1911). A history of Wales: from the earliest times to the Edwardian conquest Longmans, Green & Co.
- ^ D.P. Kirby, Hywel Dda: Anglophile? // Welsh Historical Review, 8 (1976—1977)
- ^ Peniarth 28 : a Latin text of the Laws of Hywel Dda
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гіўэл ап Кадэл — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- «A History of Wales from the Earliest Times to the Edwardian Conquest». John Edward Lloyd, 1912, Longmans, Green, and Co.