Перайсьці да зьместу

Годнасьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Годнасьць — паняцьце, якое адлюстроўвае ўяўленьне аб каштоўнасьці чалавека як маральнай асобы, а таксама катэгорыя этыкі, якая абазначае маральныя адносіны чалавека да самога сябе й грамадзтва да яго. З аднаго боку, усьведамленьне чалавекам уласнай годнасьці зьяўляецца формай самасьвядомасьці й самакантролю асобы, на ёй заснаваная патрабавальнасьць чалавека да самога сябе. У такім сэнсе разуменьне ўласнай годнасьці побач з сумленьнем і гонарам зьяўляецца адным са спосабаў усьведамленьня чалавекам сваёй адказнасьці перад сабой і грамадзтвам. З другога боку годнасьць асобы патрабуе й ад іншых людзей павагі да яе, прызнаньня за ёй адпаведных правоў. На разуменьне годнасьці чалавека ўплываюць асаблівасьці гістарычнай эпохі, у якой ён жыве.

Годнасьць чалавека вызначаецца яго маральнымі (праўдзівасьць, добрасумленнасьць, сьціпласьць), інтэлектуальнымі й фізычнымі (здароўе, сіла, спрыт, прыгажосьць) якасьцямі. Яна выяўляецца ў адносінах чалавека да грамадзтва, у яго здольнасьці рабіць людзям дабро. Асноўнай умовай існаваньня чалавечай годнасьці зьяўляецца свабода асобы. Важную ролю ў разьвіцьці й захаваньні гэтага пачуцьця адыгрывае эканамічная незалежнасьць асобы, якая служыць гарантам палітычнай незалежнасьці. У шырокім сэнсе паняцьце годнасьці ўключае й наяўнасьць у чалавека пачуцьця нацыянальнай годнасьці.

  • Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелЭн, 1998. ISBN 985-11-0108-7.