Перайсьці да зьместу

Encounter

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
ААТ «Энкаўнтэр»
Тып таварыства з абмежаванай адказнасьцю
Дэвіз Жыцьцё — гульня. Вазьмі ў ёй удзел!
Заснаваная 2004
Краіна
Разьмяшчэньне Менск, Беларусь
Ключавыя фігуры Іван Масьлюкоў, Канстанцін Глушакоў
Галіна распрацоўка ПЗ, арганізацыя адпачынку і забаваў
Прадукцыя гульнявое ПЗ, гульнявы сэрвіс праз інфармацыйную сетку

Encounter (па-беларуску: Энкаўнтэр — «выпадковая сустрэча», «нечаканае сутыкненьне») — міжнародная сетка актыўных гарадзкіх гульняў. Паходзіць яшчэ ад аднаго значэньня слова «encounter» — «схватка», паводле назвы гульні, распрацаванай Іванам Масьлюковым у 2001 року.

Паступова праект «Схватка» здабыў папулярнасьць у моладзі і займеў спонсараў. У 2004 року з-за праблемаў з аўтарскімі правамі (брэнд «Схватка» быў зарэгістраваны ў якасьці таварнага знаку «Белінфанэтам») Іван Масьлюкоў стварыў новы праект «Encounter». Да яго далучыўся распрацоўнік праграмнага забесьпячэньня «Схваткі» Канстанцін Глушакоў.

У кожную гульню, за выняткам «Мокрых войнаў», можна гуляць аднаму чалавеку альбо камандзе зь некалькіх чалавек. Кожнай камандзе неабходны аўтамабіль дзеля перасоўваньня па населеным пункце між аб’ектамі, мабільны тэлефон ці ноўтбук з доступам у інтэрнэт дзеля атрыманьня заданьняў, ліхтарыкі.

  • Схватка — выкананьне разнастайных заданьняў на мясцовасьці на час. Перамагае каманда ці чалавек, што першымі выканалі ўсе ўзроўні.
  • Фотаэкстрым — неабходна зрабіць некалькі пастановачных здымкаў паводле строга зададзеных умоваў. Перамагае каманда, якая першай зробіць усе здымкі.
  • Фотапаляваньне — сутнасьць у паляваньні за ўдалым фатаздымкам, які залежыць ад фантазіі ўдзельнікаў. Час выкананьня ня ўлічваецца.
  • Кэшынг — падобны да геакэшынгу, але адрозьніваецца ад яго абмежаваньнем па часе і наяўнасьцю падказак. Перамагае каманда, якая першай адшукала ўсе схованкі.
  • Мокрыя войны — мэтай ёсьць высачыць «ахвяру» і замачыць яе з воднае зброі. Кожны ўдзельнік адначасна зьяўляецца і «паляўнічым», і «ахвярай».
  • Мазгавы штурм — гульня кшталту «Што? Дзе? Калі?» у шматкарыстальніцкім варыянце. Гуляць можна седзячы за кампутарам, перамагае ўдзельнік ці каманда, якая першай адкажа на ўсе пытаньні.
  • Пункты — каманда атрымлівае на сайце зашыфраваныя пункты ў месьце, дзе арганізатары зьмясьцілі адмысловыя коды. Перамагае каманда, якая першай разгадала і наведала ўсе кропкі.
  • Схованкі — каманды шукаюць схаваныя на пэўнай тэрыторыі спраты, на якіх запісаныя кады. У адрозьненьне ад геакэшынгу, хованкі трэба шукаць не па GPS-каардынатах, а па загадках і апісаньнях мясьцінаў. Перамагае каманда ці ўдзельнік, што першымі знайшлі ўсе схованкі.
  • Відэапаляваньне — творчае спаборніцтва па здымцы ўдалых відэасюжэтаў. Сыходзячы з кароткага заданьня неабходна прыдумаць і зьняць сюжэт.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Crunchbase (анг.) — 2007.