Emacs
Emacs — вольны тэкставы рэдактар. Першапачаткова быў створаны ў 1976 годзе Рычардам Столманам і Гаем Стылам(en) як набор макраў (адсюль яго назва — анг. Editor MACroS) для рэдактара TECO. Характарызуецца вельмі вялікімі магчымасьцямі пашырэньня, наладжвальнасьці і самадакумэнтаваньня. Галоўнай асаблівасьцю Emacs зьяўляецца тое, што большая яго частка напісана да дыялекце Emacs Lisp, што дазваляе зьмяняць праграмны код рэдактара падчас працы без патрэбы перазапуску праграмы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арыгінальны Emacs быў створаны ў 1976 годзе ў лябараторыі штучнага інтэлекту Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту як набор макраў для рэдактара TECO. Тады гэты рэдактар працаваў на PDP-10 і быў напісаны на асэмблеры гэтай машыны.
Першая Lisp-вэрсія Emacs была напісаная ў 1978 годзе з выкарыстаньнем дыялекта Lisp ,MacLisp, карыстальніцкія пашырэньні таксама пісаліся на гэтай мове. Выбар Lisp зрабіў Emacs пашыральным, як ніколі да гэтага, з-за скрыптавой прыроды Lisp, таму гэтая ідэя была потым шырока ўжываная пры стварэньні новых вэрсіяў рэдактара.
У 1981 годзе была створана першая вэрсія Emacs, якая працавала на апэрацыйнай сыстэме UNIX — GoslingEmacs. Яна была напісана на C з магчымасьцю напісаньня пашырэньняў на мове MockLisp, якая насамрэч ня зьяўляецца ў поўным сэнсе LIsp, бо ня мае яго структур зьвестак, а толькі падобны сынтаксыс. Пазьней GoslingEmacs быў прададзены, але Столман атрымаў дазвол на разьвіцьцё і распаўсюджаньне яго ранейшай, вольнай вэрсіі.
У 1984 годзе Столман пачаў працаваць над праектам GNU Emacs. Як і GoslingEmacs, ён быў напісаны на C і Emacs Lisp у якасьці мовы пашырэньняў. У хуткім часе GNU Emacs стаў дэ-факта стандартным рэдактарам тэксту для UNIX.
У 1991 годзе Джэймі Завінскі і іншыя з карпарацыі Lucid стварылі сваю вэрсію рэдактара — LucidEmacs на базе альфа-вэрсіі GNU Emacs 19. Даволі хутка кодавая база разьдзялілася, і ў выніку LucidEmacs пераназвалі ў XEmacs, які дагэтуль разьвіваецца пад гэтай назвай[1].
Магчымасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Emacs быў створаны для базавага рэдагаваньня тэксту, але ён таксама падтрымлівае розныя магчымасьці тэкставага працэсара, выкарыстоўваючы для гэтага староньнія бібліятэкі: LAΤΕΧ, Ghostscript і іншыя. Пазьней Emacs быў дапоўнены шматлікімі дадаткамі, слаба зьвязанымі альбо зусім не зьвязанымі з рэдагаваньнем тэксту, напрыклад: праца з электроннай поштай, эмулятар тэрмінала, дапаўненьні для зручнага напісаньня праграмнага коду і інш. Такія магчымасьці для пашырэньня забясьпечваецца тым, што большая частка Emacs напісана на Emacs Lisp, які дазваляе вельмі шырока мадыфікаваць існуючую функцыянальнасьць і дадаваць новую.