Перайсьці да зьместу

Цібла

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Цібла (па-эстонску: tibla, мн. лік tiblad, tiblat, tiblasid)[1] — у размоўнай эстонскай мове пагардлівая мянушка расейскамоўнага насельніцтва Эстоніі.[2]

Газэта «День за днём» у артыкуле «Эстонский шовинистический новояз» адзначае, што этнічнага расейца на эстонскім жаргоне пазначае цяпер зь дзясятак розных зьневажальных словаў у залежнасьці ад яго ляяльнасьці, ступені інтэграванасьці ў эстонскамоўнае грамадзтва, валоданьня эстонскай мовай і агульнага культурнага ўзроўню ва ўяўленьні этнічных эстонцаў. «Цібла, — піша газэта, — лаянка на мяжы фолу, якая пазначае ня проста расейца, але дрэннага расейца, „панаехаўшае быдла“».

Айва Пэтэрсан, Gazeta.ee, дадае:[3]

« У часткі маладога эстонамоўнага насельніцтва замацавалася меркаваньне, што расеец, як бы добра ён ні ставіўся да Эстоніі, аўтаматычна лічыцца ціблам — чалавекам, які не давярае эстонскай дзяржаве, няўдачнікам, лайдаком і чалавекам трэцяга гатунку. »

Наяўнасьць такой ненарматыўнай мянушкі фіксуецца ў эстонскіх тлумачальных слоўніках[4], а таксама публікуецца ў СМІ гэтай краіны.

Паводле сьведчаньняў большасьці крыніцаў, слова пайшло ад расейскага мацюкальнага «ты, (абраза выдаленая)» — так у Эстоніі быў пераасэнсаваны часам чуты прадстаўнікамі мясцовага насельніцтва зварот ад байцоў Чырвонай Арміі ў 1918—1920, 1940—1941 і з 1944 гадоў. Паводле іншай вэрсіі, мянушка нарадзілася ў войску Эстоніі, дзе часта побач служылі салдаты з рознай роднай мовай, але з адным, эстонскім, грамадзянствам. У эстонскай фанэтыцы словазлучэньне трансфармавалася ў больш вымаўляльнае «tybla» і ўвайшло ў маўленчы ўжытак.

Параўнальна малаколькаснай расейскамоўнай меншасьці ў даваеннай Эстоніі (у 1939 годзе расейцы складалі каля 8% яе насельніцтва)[a] гэты зварот першапачаткова, як правіла, ня тычыўся, хаця, напрыклад талінец Аляксей Рыдыгер, пазьней патрыярх маскоўскі й усяе Русі Аляксій II успамінае пра адваротнае:[5]

« Стаўленьне ў школе было нармальным: я вучыўся ў расейскіх школах, але быў пэрыяд, калі я вучыўся на расейскім аддзяленьні эстонскае школы. Праявы нацыяналізму адбываліся вельмі рэдка, часам расейцаў называлі «вэнэ цібла», г. зн. «расейская меншасьць» у пагардлівым значэньні гэтага слова. »

У пасьляваеннай Эстонскай ССР выраз выкарыстоўваўся толькі сярод нацыяналістычна настроенай часткі эстонскага насельніцтва. У прыватнасьці, яно прысутнічае ў «Песьні лясных братоў», падпольнага антысавецкага тэрарыстычнага руху эстонскіх нацыяналістаў.

Гімн лясных братоў(урывак):
Seal metsaserval väikses majas,
kus elasid mu vanemad,
seal metsaserval väikses majas
on pesa teinud punased.
Ai-tshih-ai-tshah-ai-tshah ai velled
me metsavennad oleme,
ai-tshih-ai-tshah-ai-tshah ai velled
me metsavennad eestlased.
Ning meil ei ole senti raha,
me peame metsas elama
ja me ei saa, ei või, ei taha,
ei taha tiblat teenida.

Кароткі зьмест: «Там, у хаце на ўзьлеску, дзе жылі мае бацькі, там цяпер зьвілі гняздо чырвоныя. Мы лясныя браты, мы браты-эстонцы, але ў нас няма ні сэнту грошай і мы павінны жыць у лесе, каб не працаваць на ціблаў.»

У звычайны лексыкон слова ўвайшло пасьля набыцьця Эстоніяй незалежнасьці ў 1991 годзе. З 2000-х гадоў гэтае слова пачало выкарыстоўвацца ў эстонскамоўных і расейскамоўных СМІ.

  1. ^ Eesti õigekeelsussõnaraamat ÕS 2006(эст.)
  2. ^ Росбалт: «Слово „тибла“ нередко используется в эстонском языке, как уничижительное определение жителей Эстонии, для которых родным языком является русский. („Тибла“ — искаженное „ты, бл…“ — „Росбалт“)».
  3. ^ Петерсон, Айво. Уроки Эстонии на фоне российско-грузинских событий — Gazeta.ee, 24 сентября 2008 года.
  4. ^ Гл. Eesti õigekeelsussõnaraamat ÕS 2006(эст.)
  5. ^ Интервью Патриарха Московского и всея Руси в «НГ-Религии» 24 февраля 1999 года