Перайсьці да зьместу

Цэрквы Хрыстовыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Цэ́рквы Хрысто́выя — аўтаномныя хрысьціянскія кангрэгацыі, зьвязаныя агульнымі вераваньнямі і практыкамі. Вучэньне цэркваў абапіраецца выключна на Біблію, найперш Новы Запавет. Цэрквы Хрыстовыя вучаць, што Бог уратоўвае і прымае ў Сваю царкву тых, хто слухае і верыць у Хрыста, вініцца ў граху, вызнае Ісуса Хрыста Сынам Божым, і ахрышчаны дзеля адпушчэньня грахоў і атрыманьня дару Духу Сьвятога (Дз., 2:36—47).

Цэрквы Хрыстовыя лічаць сваімі каранямі Аднаўленчы рух у ЗША XIX стагодзьдзя. Асобныя хрысьціянскія дзеячы, не зьвязаныя адзін з адным, абвясьцілі незалежнасьць ад дэнамінацыяў і традыцыйных вызнаньняў, намагаючыся аднавіць вучэньні і практыкі новазапаветнай царквы ад пачатку. Не плянуючы засноўваць новую царкву, яны проста імкнуліся да «зьяднаньня ўсіх хрысьціянаў у адзіным целе паводле вобразу арыгінальнай царквы Новага Запавету». Гэтымі рухамі былі прынятыя назвы «Царква Хрыстовая», «Царква Хрыста» і «Вучні Хрыстовыя» як біблійныя тэрміны ў адрозьненьне ад дэнамінацыйных.

Пазьней між дзьвюмя плынямі рэстаўрацыянісцкага руху, якія адрозьніваліся ў поглядах на першаснасьць адзінства ці аднаўленьня, пашырыліся рознагалосьсі, якія прывялі да падзелу руху на прыхільнікаў выкарыстаньня музычных інструмэнтаў у праслаўленьні (вядомых як Вучні Хрыстовыя) і прыхільнікаў акапэльных сьпеваў. Прадметам дадзенага артыкулу і зьяўляецца апошняя супольнасьць. Гэта іхняе асноўнае, аднак не адзінае адрозьненьне. Для Цэркваў Хрыстовых любыя практыкі, якія адсутнічаюць у Бібліі, у царкве непрымальныя, чаму вернікі і адмаўляюць выкарыстаньне музычных інструмэнтаў у набажэнствах. Вучні Хрыстовыя дапускаюць любыя практыкі, не забароненыя Бібліяй яўна.

Цэрквы Хрыстовыя цяпер дзейнічаюць, акрамя Паўночнай Амэрыкі, у Афрыцы, Азіі, Аўстраліі, Паўднёвай і Цэнтральнай Амэрыцы і Эўропе.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]