Фэнэрбахчэ Стамбул (баскетбольны клюб)
| Фэнэрбахчэ | |
| Заснаваны | 1913 |
|---|---|
| Месцазнаходжаньне | Стамбул, Турэччына |
| Арэна | Юлкер-спортс-арэна Зьмяшчальнасьць: 13 800 |
| Галоўны трэнэр | |
| Чэмпіянат | Супэрліга |
| Форма | |
| Клюбныя колеры | |
|
| |
| Спасылкі | |
| Афіцыйная бачына | |
«Фэнэрбахчэ» (па-турэцку: Fenerbahçe) — турэцкі баскетбольны клюб з Стамбулу, які належыць да аднайменнага найвялікшага ў Турэччыне шматспартовага клюбу. Каманда спаборнічае ў турэцкай Супэрлізе.
Паўстаўшы яшчэ ў часы Асманскай імпэрыі ў 1913 годзе, «Фэнэрбахчэ» ўважаецца адным з самых пасьпяховых клюбаў у гісторыі турэцкага баскетболу, зьяўляючыся першай турэцкай камандай, якая здабыла перамогу ў Эўралізе. Гэтая перамога была здабытая ў 2017 годзе[1], калі ў фінале туркі пераканаўча перамаглі грэцкі «Алімпіякос» зь лікам 80:64. У 2016 і 2018 гадах «Фэнэрбахчэ» двойчы быў другім у эўрапейскім кубку. У 2012 годзе клюб стаў першым і адзіным турэцкім баскетбольным клюбам, які выйграў у каманды НБА.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У 1913 годзе спартовы клюб «Фэнэрбахчэ» стварыў сваю першую баскетбольную каманду, але, паколькі ў той час у Асманскай імпэрыі не было ведаў пра баскетбол і ў краіне не было іншых камандаў, гэтыя гульцы былі занятыя толькі трэнаваньнямі. Гэтая спартовая сэкцыя, дзейнасьць якой была перапыненая Балканскімі войнамі і Першай сусьветнай вайной, была адноўленая ў 1919 годзе, але на гэты раз кіравалася амэрыканскім інструктарам. Аднак і гэтая спроба разьвіцьця баскетболу ня мела посьпеху, бо не ўдалося знайсьці іншую каманду дзеля ладжаньня матчаў.

У рэшце рэшт, з ініцыятывы Мухтара Джэнджэра і Джэма Атабэёглу «Фэнэрбахчэ» зноў стварыла баскетбольную каманду ў 1944 годзе, якая і дасягнула значных посьпехаў, калі гэты від спорту замацаваўся ў Турэччыне. «Фэнэрбахчэ» дамінаваў у баскетболе, стаўшы чэмпіёнам Стамбульскай баскетбольнай лігі ў 1955, 1956 і 1957 гадах. У матчы клюбу супраць «Галатасараю», які ладзіўся 5 лютага 1955 году і скончыўся зь лікам 55:47, «Фэнэрбахчэ» ўпершыню стаў чэмпіёнам сталічнай лігі, а гэтая гульня стала першай баскетбольнай гульнёй, якая трансьлявалася ў жывым этэры радыё ў Турэччыне. Сталічны клюб узяў тытулы чэмпіёна Турэччыны ў 1957, 1959 і 1965 гадах ня маючы паразаў цягам сэзону, а ў 1966 годзе была заснаваная сучасная прафэсійная Супэрліга. Таксама ў 1960-х гадах клюб дэбютаваў на эўрапейскіх кубках. Каманда заставалася моцнай у апошняй частцы 1960-х гадоў, але ў наступныя дзесяцігодзьдзі, асабліва ў 1970-я і 1980-я, яны мелі зьменлівы посьпех. У гэтыя дзесяцігодзьдзі дамінавалі перадусім «Эфэс Пілзэн» і «Эджзаджыбашы», а пазьней і «Юлкерспор», якія бралі большасьць тытулаў. Паколькі гэтыя каманды належылі вядомым карпарацыям з салідным фінансавым сілкаваньнем і падтрымкай, традыцыйным спртовым клюбам, як то «Фэнэрбахчэ», было цяжка супрацьстаяць ім.
«Фэнэрбахчэ» вярнуўся ў Эўралігу ў 1992 годзе, але саступіў там у папярэднім раўндзе. Клюб вяртаўся ў фінал турэцкай лігі ў 1992, 1993 і 1995 гадах, але некаторы час ня мог знайсьці спосаб выйграць чэмпіянат, але клюб дасягаў пэўных посьпехаў у канцы 1990-х. Трэцяе месца ў сэзоне 1997—1998 гадоў дазволіла клюбу вярнуцца ў Эўралігу ў сэзоне 1998—1999 гадоў, і з такімі гульцамі, як Магмуд Абдул-Раўф, Марка Міліч, Жан Табак, Ібрагім Кутлуай, клюб прабіўся ў плэй-оф, дзе прагуляў мадрыдзкаму «Рэалу». Ібрагім Кутлуай узяў трафэй найлепшага бамбардзіра Эўралігі зь сярэднім паказьнікам за матч у 21,4 пункты. Улетку 2006 году баскетбольны клюб склаў генэральны спонсарскі кантракт з Ülker, каб стварыць клюб «Фэнэрбахчэ Юлкер». Па падпісаньні спонсарскага пагадненьня каманда дамінавала ў турэцкай лізе і двойчы запар рабілася чэмпіёнам лігі ўпершыню за 16 гадоў[2]. У сэзоне 2014—2015 гадоў «Фэнэрбахчэ» ўпершыню ў сваёй гісторыі трапіў у Фінал чатырох Эўралігі, але ў паўфінале каманда саступіла мадрыдзкаму «Рэалу» і ў выніку заняла чацьвертае месца. У канцы сэзону спонсарскае пагадненьне з Ülker скончылася[3]. У наступным сэзоне 2016—2017 гадоў «Фэнэрбахчэ» ўпершыню перамог у эўрапейскай лізе. Клюб абгуляў грэцкі «Алімпіякос» зь лікам 80:64 у фінальнай гульні Фіналу чатырох, якая была згуляная ў Стамбуле. Клюб стаў першай турэцкай камандай у гісторыі, якая ўзяла трафэй Эўралігі[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ Fenerbahce Istanbul joins list of EuroLeague champions!. Euroleague.net.
- ↑ Ülker’le Fenerbahçe birleşti. Mynet Haber.
- ↑ Only Fenerbahce, not Ulker. Архіўная копія ад 03.08.2015 г.
- ↑ Fenerbahçe got the first EuroLeague title for Turkey // Eurohoops.net
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
| |||||
