Перайсьці да зьместу

Удзельнік:Цмок чорны/Рэферэндум у БССР 1991 г.

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Умовы для рэферэндуму[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адзіны ў гісторыі Савецкага Саюза рэферэндум праходзіў у складаных для краіны ўмовах, якія сведчаць аб глыбокім крызісе савецкай палітычнай сістэмы.

Па-першае, рэферэндуму папярэднічаў парад суверэнітэтаў савецкіх рэспублік, у частцы з якіх узнімалася пытанне аб выхадзе са складу Савецкага Саюза. Прычым гэты працэс перакінуўся і на аўтаномныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя ўтварэнні СССР. Наглядна, што сярод «піянераў» аказаліся не толькі краіны Балтыі, але і Расія. Гэта было звязана з актыўнай дзейнасцю па паслабленні ўплыву Саюзных улад якую разгарнуў Б.М. Ельцын, стаўшы на той момант галоўным канкурэнтам М.С. Гарбачова ў барацьбе за ўплыў у Маскве. Гэта было звязана з тым, што партыйным уладам трэба было дзяліць сталіцу з новым кіраўніцтвам Расійскай СФСР. Пазней М.С. Гарбачоў у сваіх мемуарах пісаў: «Я ўпэўнены, што, калі б не фатальны крок Расіі, Саюз можна было б захаваць». Хаця многія набліжаныя да Міхаіла Сяргеевіча сцвярджалі, што да восені 1990 г. прэзідэнт практычна не кантраляваў сітуацыю ў краіне «краіна працягвала існаваць па інерцыі».

Па-другое, да гэтага моманту ў краіне развіваліся такія тэндэнцыі як дэцэнтралізацыя, глыбокі эканамічны крызіс. Нерашучасць улады спрыяла з'яўленню «гарачых кропак» у Савецкім Саюзе. Да таго моманту міжнацыянальныя канфлікты раз-пораз успыхвалі ў розных рэгіёнах СССР. Можна ўзгадаць сутыкненні ў Ферганскай даліне, Сухумскія хваляванні, хваляванні ў Казахстане, Якуціі і Тбіліскія падзеі 1989 г., Ошскія падзеі 1990 г., а таксама такі буйны канфлікт як армяна-азербайджанскае супрацьстаянне вакол Нагорнага Карабаха, і многія іншыя міжнацыянальныя супярэчнасці, якія пяройдуць у актыўную фазу крыху пазней. У такіх умовах саюзнае кіраўніцтва спрабавала вывесці краіну з крызісу шляхам стварэння новага міждзяржаўнага аб'яднання з улікам паслаблення ўлады цэнтра і прыняцця існуючых рэалій.

Падрыхтоўка і правядзенне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У адрозненні ад суседніх Саюзных рэспублік, у БССР хваля палітычнага і эканамічнага крызісу толькі пачала закранаць насельніцтва рэспублікі. Акрамя таго, на выбарах у Вярхоўны Савет (ВС) БССР XII склікання, якія прайшлі вясной 1990 г., партыя Камуністычнай Партыі Беларусі (КПБ) заняла 289 месцаў, а апазіцыйная партыя Беларускі Народны Фронт (БНФ) толькі 27 месцаў. Такая сітуацыя дазволіла на некаторы час адтэрмінаваць і запаволіць страту ўлады партыйнымі органамі. Гэта ў сваю чаргу, дазволіла ўладам дабіцца прыняцця закона аб арганізацыі рэферэндуму і дамагчыся яго выканання.

24 снежня 1990 г. на Чацвёртым з'ездзе народных дэпутатаў СССР была прынята пастанова «Аб захаванні Саюза ССР, як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік», у якім пастанаўлялася «лічыць неабходным захаванне Саюза ССР як абноўленай федэрацыі раўнапраўных саюзных рэспублік, у якой будуць захоўвацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасці». У гэты ж дзень З'езд прыняў іншую пастанову – «Аб правядзенні рэферэндуму па пытанні аб Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік».

Напачатку 1991 г. на тэрыторыі БССР КПБ адчувала сябе даволі ўпэўнена, хаця ў рэспубліках Балтыі да таго моманту камуністычныя партыі Літвы, Латвіі, Эстоніі не мелі ніякай рэальнай улады. Ва Украіне ішоў працэс нацыяналізацыі партыі і адрыву яе ад Цэнтра. Пра гэта нам кажа адмова ад правядзення рэферэндуму і фармулёўка пытання, якое было пастаўлена на рэферэндум ва Украінскай ССР, а гэтак жа праведзены 1 снежня 1991 г. рэферэндум за незалежнасць Украіны.

Беларуская ССР была своеасаблівай «выспай» стабільнасці на заходніх межах Савецкага Саюза. Гэта было звязана з тым, што ў БССР не было шырокага нацыянальнага руху, яшчэ не пачаў востра адчувацца палітычны і эканамічны крызіс. Хаця нельга адмаўляць таго факту, што і ў БССР ішоў павольны працэс страты камуністычнай партыяй рычагоў улады. З мэтай адтэрміноўкі надыходзячага палітычнага крызісу ў БССР і жадання «знайсці ўдзячных слухачоў, каб выказацца наконт рэферэндуму» 26 лютага 1991 г. М.С. Гарбачоў прыехаў з візітам у Беларусь, дзе выступіў з прамовай перад ВС Беларускай ССР.

На сесіі ВС Беларускай ССР 22 студзеня 1991 г. па прапанове кіраўніка паседжання У.І. Шаладанава разглядалі пытанне аб дадатковым уключэнні ў парадак дня пункт пра рэферэндум аб адносінах да існавання СССР (пры гэтым у БССР адсутнічаў закон аб рэферэндуме). Гэтая прапанова выклікала даволі актыўную дыскусію ў ВС рэспублікі «Паважаныя дэпутаты! У нас на парадку дня бягучай сесіі ёсць пытанні аб канцэпцыі новай Саюзнай Дамовы і аб ратыфікацыі дагавораў з Расіяй, Украінай і Казахстанам. Я лічу, што толькі абмеркаваўшы гэтыя пытанні, можна разгледзець пытанне аб правядзенні рэферэндуму, таму ў мяне прапанова:

1. Абмеркаваць пытанне аб ратыфікацыі дагавораў з Расіяй, Украінай і Казахстанам.

2. Абмеркаваць канцэпцыю новай Саюзнай Дамовы і толькі пасля гэтага разгледзець пытанне аб правядзенні дадзенага рэферэндуму.

Пасля чаго пытанне было пастаўлена на галасаванне. За ўключэнне яго ў парадак дня прагаласавалі сто шэсцьдзесят шэсць дэпутатаў пры кворуме сто семдзесят чатыры дэпутаты. Такім чынам, аб'ектыўна Вярхоўны Савет Беларускай ССР не падтрымаў ініцыятыву М.С. Гарбачова, накіраваную на захаванне Саюза ССР шляхам некарэктна сфармуляванага пытання. 26 студзеня ў газетах была надрукавана пастанова Прэзідыума ВС БССР «Аб арганізацыі падрыхтоўкі і правядзенне ў Беларускай ССР рэферэндуму СССР па пытанні аб захаванні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік», падпісаную Н.І. Дземянцеем і датаваную 21 студзеня 1991 г. Негледзячы на адмову ВС БССР разглядаць нават уключэнне ў парадак дня пытання аб рэферэндуме. Падрыхтоўка ўсёж такі пачалася.

Не гледзячы на гэта частка дэпутатаў паспрабавала змяніць сітуацыю на сваю карысць. У барацьбе з камуністычнай уладай апазіцыйна настроеныя дэпутаты спрабавалі не толькі «сушыць яўку» [рабіць так каб на ўчастак прыйшло як мага менш людзей], але і павесці Беларусь па шляху Казахстана і Украіны, а менавіта ўключыць у бюлетэнь дадатковае пытанне. У газеце «Советская Белоруссия» ў артыкуле парламенцкага карэспандэнта Р Жардзецкай указваецца, што падчас аднаго з паседжанняў ВС БССР дэпутат У.І. Ганчар па прапанове 70 сваіх калегаў прапанаваў уключыць у бюлетэнь дадатковае пытанне «Ці лічыце вы, што СССР павінен быць пераўтвораны ў Саюз Суверэнных Рэспублік шляхам заключэння міждзяржаўных дагавораў паміж Беларуссю і іншымі суверэннымі рэспублікамі (дзяржавамі)?». Гэтая прапанова не знайшла падтрымкі ў неабходнай колькасці дэпутатаў і таму не была ўнесена ў бюлетэнь.

Вынікі рэферэндуму 17 сакавіка 1991 г. у БССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыхары Беларускай ССР пераважнай большасцю падтрымалі ідэю Прэзідэнта СССР М.С. Гарбачова і прагаласавалі «За» Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як абноўленую федэрацыю раўнапраўных суверэнных рэспублік з вынікам у 82.7%, паказаўшы не толькі высокую ступень падтрымкі ідэі, але і высокую ступень актыўнасці ўдзелу ў плебісцыце якая дасягнула 83.3%. Паказальнікі ў БССР былі большымі за РСФСР і Украінскую ССР, але меншымі за сярэднеазіяцкія рэспублікі, што стала прыемным нечаканасцю для Прэзідэнта і яго каманды.

Нечаканасцю вынік аказаўся па той прычыне, што ў 1991 г. камуністычная партыя актыўна карысталася сацыялагічнымі апытаннямі і прагнозамі экспертаў. Адзін з такіх прагнозаў – «Прагноз па выніках апытання экспертаў. ТЭМА: Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Рэферэндум – 1991» – быў дадзены 01.02.1991 г. Так, згодна з гэтым прагнозам меркавалася, што за «Захаванне Саюза Савецкіх Сацыялістычных рэспублік у фармулёўцы рэферэндуму*» ў БССР выступіць 70%, а «Узровень яўкі на рэферэндум» складзе 78%. Як мы сёння ведаем, за захаванне Саюза Савецкіх Сацыялістычных рэспублік у фармулёўцы рэферэндуму выступіла 82,7% грамадзян, а ўзровень яўкі склаў 83,3%. Цікава, што па большасці рэспублік гэты прагноз быў блізкі да канчатковых вынікаў рэферэндуму, пры ўмове, што рэспубліка не адмовілася ад правядзення Усесаюзнага рэферэндуму.

20 студзеня 1991 года было праведзена сацыялагічнае даследаванне на старонках «Народнай Газеты». Там была апублікавана, распрацаваная АН БССР і Цэнтрам па аналізе і прагназаванні сацыяльных з'яў «Феномен», экспрэс-анкета. У ёй прапаноўвалася адказаць на некаторыя пытанні, адно з пытанняў гучала наступным чынам «На IV з'ездзе народных дэпутатаў СССР Прэзідэнт М. Гарбачоў вылучыў прапанову правесці рэферэндум аб стаўленні да прыватнай уласнасці на зямлю і аб Саюзнай дамове. Якая ваша пазіцыя па гэтых пытаннях?». Чытачу прапаноўвалася адказаць на два пытанні «Саюз суверэнных дзяржаў на федэратыўнай аснове «За», «Супраць». Варта таксама адзначыць, што выслаць адказ на пытанні трэба было не пазней за 31 студзеня 1991 г.

За дзень да пачатку рэферэндуму ў той жа газеце ў артыкуле «Улада вачыма чытачоў» былі апублікаваны вынікі экспрэс-анкетавання, якія па рэгіёнах былі наступнымі:

Табліца 1
За Супраць Свой варыянт адказу Не адказаў
Мінск: 38.1 50.0 4.8 7.1
Брэст і вобласць: 43.6 42.7 7.5 6.2
Віцебск і вобласць: 48.6 38.8 7.1 5.5
Гродна і вобласць: 50.1 41.5 4.1 4.3
Гомель і вобласць: 51.7 39.8 3.5 5.0
Мінская вобласць: 50.9 37.8 4.2 7.1
Магілёў і вобласць: 60.8 27.7 6.7 4.8

Пазіцыя рэспандэнтаў адносна Саюза суверэнных рэспублік у цэлым па масіве размеркаваліся так: «За» – 44%, «Супраць» – 44%, сваю фармулёўку (канфедэрацыя, эканамічная супольнасць і г. д.) прапанавалі 5%, не змаглі адказаць 7%.

Рэдакцыя атрымала больш за 4 тысячы адказаў на экспрэс-апытанне. Большасць чытачоў (71.2%) не з'яўляюцца чальцамі якой-небудзь грамадска-палітычнай арганізацыі; сябры КПСС склалі 20,3%; сябры БНФ – 3,7%; сябры іншых арганізацый – 3,3%; не адказалі на пытанне аб партыйнай прыналежнасці толькі 1,5% рэспандэнтаў.

Што тычыцца непасрэдных вынікаў галасавання, ужо на наступны дзень пасля рэферэндуму газета «Советская Белоруссия» на сваіх старонках апублікавала папярэднія дадзеныя:

Табліца 2
За Супраць Прыняло ўдзел
Мінск: 65.6 32.7 71.1
Брэст і вобласць: 83.6 13.1 87.2
Віцебск і вобласць: 85.7 13.1 86.0
Гродна і вобласць: 79.8 17.9 85.2
Гомель і вобласць: 89.6 9.3 85.3
Мінская вобласць 85.1 13.9 86.4
Магілёў і вобласць: 87.0 11.4 82.7
Вынік: 82.6 16.0 83.3

З дзвюх табліц мы можам бачыць, што Брэст і вобласць прагаласавалі «за» з вынікам 83.6%, «супраць» – 15.2% пры яўцы 87.2%. Трэба адзначыць, што Брэсцкая вобласць пераадолела парог яўкі ў 80%. Найбольш актыўнымі і з лепшым станоўчым вынікам галасавання з'яўляюцца раёны: Пінскі (96.9%; 90.5%), Столінскі (96.0%; 90.9%), Іванаўскі (94.9%; 90.4%), Маларыцкі (95.4%; 90.3%), Драгачынскі (94.2%; 90.1%), Кобрынскі (95.1%; 87.0%), Камянецкі (94.8%; 86.6%), Баранавіцкі (94.2%; 88.9%), Лунінецкі (92.6%; 90.7%), Брэсцкі (93.3%; 86.2%). Вынікі ў гарадах адрозніваюцца ў бок паніжэння падтрымкі прапанаванага ўладамі рэферэндуму: Брэст (77.0%; 74.0%), Баранавічы (77.3%; 77.5%), Пінск (76.4%; 78.7%), Кобрын (84.9%; 76.3%).

Віцебск і вобласць упэўнена прагаласавалі «За» абноўлены Саюз з вынікам у 85.5%. Выказалася супраць 13.2% пры яўцы 86.0%. Таксама вядома, што ў шэрагу раёнаў вобласці: Лазненскі з грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні, станоўча на пытанне адказалі 94.7%, Дубровенскім – 94.3%, Бешанковіцкім 93.5%, Сенненскім – 93.5%, Талачынскім – 92.7%, Верхнядзвінскім – 91.7%, Аршанскім – 91.7%, Гарадоцкім – 9.1,6%, Ушацкім – 91.6%. Нягледзячы на гэта ў г. Наваполацку ў камуністычнай партыі ўзніклі праблемы. Так са справаздачы вынікае, што «У г. Наваполацку адзіным з гарадоў і раёнаў вобласці за захаванне СССР выказалася менш за палову ад усіх грамадзян, уключаных у спісы для галасавання» [81, с. 30]. Правальны вынік быў выкліканы тым, што «дэструктыўную пазіцыю занялі не толькі групы БНФ, дэмакратычнага форуму, але і народныя дэпутаты БССР Баршчэўскі, Якаўка, работнікі гарадскога Савета народных дэпутатаў». Гомель і вобласць прагаласавалі «За» абноўлены Саюз з вынікам у 81.4%, выказалася супраць 18.6% пры яўцы 73.4%. Адзін з самых высокіх працэнтаў прагаласаваўшых «За» абноўлены Саюз паказаў г. Гомель і Гомельская вобласць (праўда, былі і выключэнні: у горадзе Гомелі ў Савецкім раёне «менш за 50 працэнтаў ад спісачнага складу прагаласавалі за захаванне Саюза ССР». Верагодна, гэта было абумоўлена тым, што пры Чарнобыльскай катастрофе менавіта на гэты рэгіён прыйшоўся асноўны «ўдар» Чарнобыля. Менавіта гэтым фактарам скарысталіся дзяржаўныя СМІ, якія пісалі аб тым, што толькі ў адзіным саюзе магчыма пераадолець наступствы чарнобыльскай катастрофы. Гэтую і Магілёўскую вобласць, за выключэннем г. Мінска, наведаў М. Гарбачоў. Усе гэтыя фактары не маглі не адбіцца станоўча на канчатковым выніку рэферэндуму ў вобласці.

Гродна і вобласць прагаласавалі «За» абноўлены Саюз з вынікам у 79.8%, выказалася супраць 17.9% пры яўцы 85.2%. З справаздачы абкама Гродзенскай вобласці, накіраванага ў ЦК КПБ, вядома, што працэнт тых, хто прыняў удзел у галасаванні ў 8 з 17 раёнаў вобласці, перавышае адзнаку ў 93%, раёны якія мяжуюць з Літвой былі ўзятыя пад асаблівы кантроль і там удалося дасягнуць выніку ў 90% тых, хто прагаласаваў «За» Саюз. На 97 участках з 910 па вобласці ўсе грамадзяне, уключаныя ў спісы для галасавання, прынялі ў ім удзел. На двух участках працэнт тых, хто прыйшоў на выбары, склаў менш за 50%. Па г. Гродна «ў галасаванні прынялі 75.9% унесеных у спісы грамадзян. «Так» Саюзу сказалі 67.1% тых, хто прыняў удзел у галасаванні». Гэта ўсяго на 1.5% больш, чым у г. Мінску. Важна адзначыць, што дадзеныя лічбы – гэта папярэднія дадзеныя, г.зн. існуе верагоднасць таго, што ў г. Гродна жыхары выказаліся «За» Саюз з канчатковымі вынікам яшчэ меншым за вынік сталіцы Беларусі. Такім чынам, зыходзячы са справаздачы Гродзенскага абкама, можна меркаваць, што самай «напружанай» вобласцю ў краіне (пасля г. Мінска) была Гродзенская вобласць. Бо толькі тут існавалі раёны, якія былі ўзятыя пад «асаблівы кантроль» партыйнымі арганізацыямі. Таксама толькі ў Гродзенскай вобласці прысутнічалі ўчасткі ў сельскай мясцовасці, на якіх у рэферэндуме прынялі ўдзел толькі 50% грамадзян. Такі вынік можна абгрунтаваць тым, што вобласць мяжуе з Польшчай, у якой да таго моманту ўжо пачаўся дэмакратычны пераход улады і Літвой, дзе ў студзені разгарнуліся драматычныя падзеі каля тэлевежы, якія прывялі ў шок не толькі савецкую, але і сусветную грамадскасць. Можна меркаваць, што гэтыя фактары маглі ў большай ці меншай ступені таксама паўплываць на вынікі галасавання.

Магілёў і вобласць прагаласавалі «За» абноўлены Саюз з вынікам у 87.7%, выказаліся супраць 10.7% пры яўцы 82.9%. Высокія паказчыкі абумоўлены тымі ж прычынамі, што і Гомельскай вобласці. Чарнобыльская катастрофа ў значнай меры паўплывала на жыццё вобласці, што не магло не праявіцца падчас галасавання на рэферэндуме. Так вядома, што ў Быхаўскім, Слаўгарадскім, Хоцімскім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Дрыбінскім, Мсціслаўскім, Чэрыкаўскім, Клімавіцкім раёнах вынік быў звыш за 95%. Менавіта гэтыя раёны, акрамя Хоцімскага, Дрыбінскага і Мсціслаўскага, у рознай ступені падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Найменшая ж колькасць тых, хто прагаласаваў «За» Саюз пражывала ў гарадах Магілёў, Горкі, Асіповічы і Бабруйск.

Мінская вобласць прагаласавала «За» абноўлены Саюз з вынікам у 85.1%, выказалася супраць 13.9% пры яўцы 86.4%. Такія лічбы ідуць у разрэз з Мінскам. Мінская вобласць з'яўляецца трэцяй па колькасці жыхароў, якія прагаласавалі за Саюз, уступаючы толькі Магілёўскай і Віцебскай вобласці. Такі высокі вынік верагодна звязаны з тым, што цэнтрамі «пратэстнага» галасавання з'яўляліся абласныя гарады, дзе былі сканцэнтраваны дэмакратычныя сілы, большая частка адукаванага насельніцтва і моладзі. Горад Мінск паказаў станоўчы вынік у 65.6%, выказалася супраць 32.7% пры яўцы 71.1%. Такім чынам, бачна, што ў сталіцы краіны, у г. Мінску быў самы вялікі працэнт людзей, якія сказалі «Не» абноўленым Саюзу. Гэта абумоўлена тым, што ў г. Мінск з'яўляецца самым буйным горадам у рэспубліцы, а таксама месцам, дзе ўзніклі такія грамадскія аб'яднанні як «Талака», «Няміга», «Тутэйшыя», «Паходня», а таксама грамадска-палітычнае аб'яднанне БНФ. «Адраджэнне». Менавіта тут былі сканцэнтраваны асноўныя сілы апазіцыйна настроеных людзей. У астатніх гарадах рэспублікі (у першую чаргу абласных) такога кшталту арганізацыі таксама існавалі, але не мелі таго ўплыву і магчымасцяў, якія былі ў сталіцы.