Удзельнік:Ліцьвін/Гідронімы Барысаўскага раёну
Выгляд
Гідронімы Барысаўшчыны (Міхась Мацельскі, «Гоман Барысаўшчыны» №6-8(123—125) за 2009 год)
Дадзены сьпіс утрымлівае назвы рэк, рэчак, ручаёў, старыц, азёр, якія знаходзяцца на тэрыторыі Барысаўшчыны, або па іх праходзіць мяжа Барысаўскага раёну. Прычым прыводзяцца як сучасныя, так і больш старыя назвы. Для кожнага ручая, рэчкі або ракі ўказваецца, якім прытокам і якой ракі ён зьяўляецца, даецца прывязка яго вусьця да бліжэйшага населенага пункта. Усяго сьпіс утрымлівае больш за 100 тутэйшых гідронімаў. Аднак ён не зьяўляецца поўным.
- Айна — адна са старых формаў запісу назвы ракі Гайна.
- Альхоўка — рэчка, левы прыток Мужанкі. Упадае ў яе ля вёскі Новая Мётча. Падрабязьней — гл. «ГБ» №10(115) за 2008 г.
- Балотніца — левы прыток Мужанкі. Упадае ў яе на захад ад вёскі Забалотніца. Падрабязьней — гл. «ГБ» №12(57) за 2003 г.
- Барошча (?) — рэчка, правы прыток Бродні (прытоку Бярэзіны). Упадае ў яе каля чатырох кілямэтраў на паўночны захад ад вёскі Вялікае Стахава.
- Беражніца — форма запісу вярхоўяў ракі Сха, якая выкарыстоўвалася ў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзях.
- Беразанка — рака, правы прыток Дзіражыны (Дзіражына — рака, правы прыток Бярэзіны, працякае ў Докшыцкім раёне). Упадае ў яе каля трох кілямэтраў на поўнач ад вёскі Разьліцьце.
- Бобр — левы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе ля Чэрнеўкі. Падрабязьней — гл. «ГБ» №3(36) за 2002 г.
- Бродня — рака, правы прыток Схі. Упадае ў яе каля паўтара кілямэтра на паўднёвы ўсход ад вёскі Бродаўка.
- Бродня — рака, прыток Бярэзіны. Упадае ў яе ля вёскі Вялікае Стахава. Падрабязьней — гл. «ГБ» №10(31) за 2001 г.
- Бурчак — рака, упадае ў возера Пялік каля двух кілямэтраў на паўднёвы захад ад аднайменнай вёскі. Падрабязьней — гл. «ГБ» №3(108) за 2008 г.
- Бурчэк — больш старая форма запісу рэчкі Бурчак.
- Бяроза — мясцовая форма назвы ракі Бярэзіна.
- Бярэзіна — рака, прыток Дняпра.
- Вейніца — рака, левы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе каля пяці кілямэтраў на паўднёвы захад ад вёскі Леванова. Назва выкарыстоўвалася ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя.
- Вялікая Рака — рака, левы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе каля пяці кілямэтраў на паўночны захад ад вёскі Пялік. Падрабязьней — гл. «ГБ» №7-8(40-41) за 2002 г.
- Вярбінец — возера ў пойме Бярэзіны, яе старыца. Знаходзіцца каля трох кілямэтраў на паўднёвы захад ад вёскі Дрозьдзіна.
- Вярховіца — форма запісу ракі Вярховішча.
- Вярховішча — рака, левы прыток Юроўкі. Упадае ў яе каля сямі з паловай кілямэтраў на паўночны захад ад вёскі Сялец. Падрабязьней — гл. «ГБ» №9(78) за 2005 г.
- Гайна — рака, правы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе каля паўтара кілямэтра на поўнач ад вёскі Весялова. Падрабязьней — гл. «ГБ» №2(71) за 2005 г.
- Глініца — рака, правы прыток Схі. Упадае ў яе каля паўтара кілямэтра на паўднёвы захад ад вёскі Страшнае (Высокі Бераг). Падрабязьней — гл. «ГБ» №5(74) за 2005 г.
- Глухое — возера на поўнач ад Старой Мётчы.
- Гнюта — возера. Зараз асушана. Існавала ў пойме ракі Цна на рацэ Гнюта каля трох з паловай кілямэтраў на захад ад Ганцавічаў.
- Гнюта — рэчка, левы прыток Цны. Зараз не існуе. Упадала ў яе каля чатырох кілямэтраў на захад ад Ганцавічаў.
- Гурба — рака, левы прыток Вялікай Ракі. Упадае ў яе каля дзевяці кілямэтраў на захад ад вёскі Жортай. Падрабязьней — гл. «ГБ» №7(76) за 2005 г.
- Дамашкаўскае — возера, знаходзіцца каля пяці кілямэтраў на паўночны захад ад вёскі Дзедзелавічы.
- Дворышча — адна з формаў назвы ракі Ельніца (прытока Плісы).
- Доўгае — возера. Знаходзіцца каля паўтара кілямэтра на паўночны захад ад вёскі Пялік.
- Дрозьдзінскае — возера ў пойме Бярэзіны, яе старыца. Знаходзіцца каля трох кілямэтраў на паўднёвы захад ад вёскі Дрозьдзіна.
- Ельніца — рака, левы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе каля чатырох кілямэтраў на паўночны захад ад вёскі Ельніца (Хаўхоліцкага с/с). Падрабязьней — гл. «ГБ» №3(84) за 2006 г.
- Ельніца — рэчка, левы прыток Плісы. Упадае ў яе на паўночны захад ад вёскі Струпень. Падрабязьней — гл. «ГБ» №2(59) за 2004 г.
- Жартайка — рака, левы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе каля кілямэтра на паўночны захад ад вёскі Пялік.
- Зара — форма запісу назвы ракі Бродня (прыток Схі), якая выкарыстоўвалася ў ХІХ стагодзьдзі.
- Зэмбінка — рака, правы прыток Гайны. Упадае ў яе каля двух кілямэтраў на ўсход ад вёскі Каменка. Падрабязьней — гл. «ГБ» №12(69) за 2004 г.
- Калпяніца — рака, левы прыток Бродні (прытока Бярэзіны). Упадае ў яе каля шасьці з паловай кілямэтраў на паўднёвы захад ад вёскі Вялікае Стахава.
- Капаніца — канал у пойме Бярэзіны вакол Барысаўскага замка. Такая назва выкарыстоўвалася ў ХVІІІ стагодзьдзі.
- Кармшанка — рэчка, левы прыток Бродні (прытока Бярэзіны). Упадае ў яе каля васьмі кілямэтраў на паўднёвы захад ад вёскі Вялікае Стахава.
- Кішкуранка — рака, левы прыток Гайны. Упадае ў яе каля трох кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад вёскі Паляны. Падрабязьней — гл. «ГБ» №1(70) за 2005 г.
- Князь — возера ў пойме Бярэзіны. Знаходзіцца каля паўтара кілямэтра на паўднёвы захад ад вёскі Бягі.
- Курынка — рэчка, левы прыток Схі. Упадае ў яе ля Жыцькава.
- Лаўнік — ручай, левы (?) прыток Жартайкі. Упадае ў яе каля кілямэтра-паўтара на ўсход ад вёскі Жартайка
- Ліпка — рака, правы прыток Дзіражыны (Дзіражына — рака, правы прыток Бярэзіны, працякае ў Докшыцкім раёне). Упадае ў яе каля шасьці кілямэтраў на паўночны ўсход ад вёскі Разьліцьце.
- Лісінская затока — працяглая затока Бярэзіны, у вярхоўі пераходзіць у безыменны ручай. Верагодна, былая старыца Бярэзіны. Упадае ў яе справа каля чатырох з паловай кілямэтраў на ўсход ад вёскі Скупліна. Падрабязьней — гл. «ГБ» №10(103) за 2007 г.
- Лошна — возера. Знаходзіцца ля паўднёвага захаду возера Пялік. Падрабязьней пра паходжаньне назвы возера — гл. «ГБ» №10(115) за 2008 г.
- Лошыца — правы прыток Мужанкі. Упадае ў яе ля вёскі Замужаньне.
- Луком’е — возера ў пойме Бярэзіны каля трох кілямэтраў вышэй возера Пялік.
- Лютка — рака, упадае з усходу ў возера Пялік ля аднайменнай вёскі.
- Мажанка — адна са старых формаў назвы ракі Мажніца.
- Мажніца — рака, правы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе каля кілямэтра на поўнач ад вёскі Броды.
- Маленькі Пелічок — адна з формаў назвы Пелічка.
- Манча — рака — левы прыток Бярэзіны (працякае па мяжы Барысаўскага і Бярэзінскага раёнаў). Упадае ў яе каля трох кілямэтраў на захад ад вёскі Арэшкавічы Бярэзінскага раёна.
- Маска — рака, правы прыток Ровы. Упадае ў яе каля паўтара кілямэтра на паўночны захад ад вёскі Сяменькавічы. Падрабязьней — гл. «ГБ» №1(34) за 2002 г.
- Мошка — рэчка, левы прыток Смольніцы. Упадае ў яе каля двух кілямэтраў на ўсход ад вёскі Бараўляны. Падрабязьней — гл. «ГБ» №2(119) за 2008 г.
- Мрай — рака, правы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе каля чатырох кілямэтраў на ўсход ад вёскі Ўборак.
- Мрай, ручай — мэліярацыйная канава, якая ўпадае ў раку Мрай каля трох з паловай кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад вёскі Мсьціж.
- Мужанка — рака, левы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе каля кілямэтра на ўсход ад вёскі Глівін. Падрабязьней — гл. «ГБ» №2(95) за 2007 г.
- Мужана — форма назвы ракі Мужанка
- Набокая - рака або старыца, знаходзілася ў раёне сутыку пойм рэк Гайна і Бярэзіна. Вядома пра выкарыстоўваньні гэтай назвы ў ХVІ стагодзьдзі.
- Нача — правы прыток Бабра. Упадае ў яго на поўнач ад Вяляцічаў. Падрабязьней — гл. «ГБ» №9(54) за 2003 г.
- Нача — рака, левы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе каля чатырох кілямэтраў на паўночны захад ад вёскі Хаўхоліца.
- Недалька — рака, правы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе каля паўтара кілямэтра на поўнач ад вёскі Броды. Падрабязьней — гл. «ГБ» №12(105) за 2007 г.
- Неманічка — рака, левы прыток Схі. Упадае ў яе на паўночны захад ад вёскі Вуглы.
- Неманіцынка — адна з формаў запісу назвы ракі Неманічка.
- Някроўля — рака або старыца, знаходзілася ў раёне сутыку пойм рэк Гайна і Бярэзіна. Вядома пры выкарыстоўваньні гэтай назвы ў ХVІ стагодзьдзі.
- Палік — зрусіфікаваная форма назвы возера Пялік, якая пачала выкарыстоўвацца як у беларускай, так і ў рускай мовах зь сярэдзіны ХХ стагодзьдзя.
- Пелічок — назва шырокай часткі Бярэзіны каля некалькіх кілямэтраў ніжэй возера Пялік.
- Пліса — рака, правы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе ля паўднёва-ўсходняй ускраіны Барысава. Падрабязьней — гл. «ГБ» №11(20) за 2000 г.
- Пруды — возера ў басэйне ракі Гурба. Знаходзіцца каля шасьці з паловай кілямэтраў на паўночны захад ад вёскі Жортай.
- Пустамсьціжка — рака, раней — правы прыток Мрая, упадаў у яго каля кілямэтра на паўднёвы ўсход ад вёскі Ўборак. Зараз яго верхняя частка зьяўляецца асноўнай крыніцай вады для ручая Мрай. Падрабязьней — гл. «ГБ» №5(110) за 2008 г.
- Пуста-Мсьціская — іншая форма назвы ракі Пустамсьціжка.
- Пядань — рака, левы прыток Цны. Упадае ў яе каля пяці кілямэтраў на паўднёвы захад ад вёскі Пядань. Падрабязьней — гл. «ГБ» №11(104) за 2007 г.
- Пяданька — старая форма запісу назвы ракі Пядань.
- Пялік — возера, празь якое працякае Бярэзіна. На яго беразе знаходзіцца аднайменная вёска. Падрабязьней — гл. «ГБ» №4(13) за 2000 г.
- Пяшчанка — рэчка, правы прыток Бродні (прытока Бярэзіны). Упадае ў яе каля паўтара кілямэтра на паўночны захад ад вёскі Вялікае Стахава. Падрабязьней — гл. «ГБ» №12(81) за 2005 г.
- Ракаўка — рака, правы прыток Глініцы. Упадае ў яе каля кілямэтра на паўднёвы захад ад вёскі Страшнае (Высокі Бераг). Падрабязьней — гл. «ГБ» №4(85) за 2006 г.
- Раслаўка — форма назвы ракі Ракаўка, якая выкарыстоўвалася ў ХІХ стагодзьдзі.
- Рова — рака, правы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе каля трох з паловай кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад вёскі Навасёлкі (Глівінскага с/с). Падрабязьней — гл. «ГБ» №11(56) за 2003 г.
- Сарбля — рака, правы прыток Бродні (прытока Бярэзіны). Упадае ў яе каля пяці кілямэтраў на паўднёвы захад ад вёскі Вялікае Стахава.
- Сасна — рэчка. Раней — правы прыток ракі Пуста-Мсьціскай, зараз упадае ў Мрай каля кілямэтра на поўдзень ад вёскі Ўборак. Падрабязьней — гл. «ГБ» №10(67) за 2004 г.
- Сергуцкі канал — канал, злучаны зь левым берагам Бярэзіны. Распачынаецца каля двух з паловай кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад вёскі Броды.
- Смольніца — рака, правы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе ля выхаду з возера Пялік. Падрабязьней — гл. «ГБ» №11(116) за 2008 г.
- Смолянка — форма запісу назвы ракі Смольніца, якая выкарыстоўвалася ў ХІХ стагодзьдзі.
- Стабніца (?) — рэчка, правы прыток Бродні (прытока Бярэзіны). Упадае ў яе каля кілямэтра на поўнач ад вёскі Вялікае Стахава. Назва выкарыстоўвалася ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя.
- Старыца — адна са старых назваў ракі Ракаўка.
- Стружка — рэчка, правы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе ў вёсцы Глівін. Зараз гістарычная назва рэчкі практычна не выкарыстоўваецца. Падрабязьней — гл. «ГБ» №3(120) за 2009 г.
- Стружка — старыца Бярэзіны, знаходзіцца каля кілямэтра ад вёскі Касьцюкі.
- Студзёнка — адна з формаў назвы рэчкі Сьцюдзёнка.
- Сха — рака, левы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе ў Барысаве. Падрабязьней — гл. «ГБ» №11(44) за 2002 г.
- Сьвятазёр’е — старая форма запісу назвы возера Сьвятое.
- Сьвятое — возера, знаходзіцца ля вёскі Дубяні. Зараз яе гістарычная назва практычна не выкарыстоўваецца.
- Сьвяціца — старыца Гайны. Знаходзіцца каля паўтара кілямэтра на ўсход ад вёскі Жарсьцьвянка.
- Сьцюдзёнка — рэчка, раней правы прыток ракі Мрай. Зараз упадае ў канал — ручай Мрай каля двух кілямэтраў на паўночны ўсход ад вёскі Божыдар (Беразоўшчына) — правы прыток Мрая. Падрабязьней — гл. «ГБ» №9(102) за 2007 г.
- Сыч — рэчка, правы прыток Чапы. Упадае ў яе ў вёсцы Чарневічы. Падрабязьней — гл. «ГБ» №9(90) за 2006 г.
- Трасьцянка — рэчка, правы прыток Мрай. Упадае ў яго каля трох кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад вёскі Мсьціж.
- Хітрая — рака, правы прыток Лісінскага заліва. Упадае ў яго каля паўкілямэтра ад яго вусьця. Падрабязьней — гл. «ГБ» №4(61) за 2004 г.
- Цна — рака, левы прыток ракі Гайна. Упадае ў яе ля вёскі Сутокі (Смалявіцкага раён). Падрабязьней — гл. «ГБ» №1(58) за 2004 г.
- Цха — адна з формаў назвы ракі Сха, якая выкарыстоўвалася ў ХІХ стагодзьдзі.
- Цытра — больш старая назва ракі Хітрая.
- Чапа — рака, правы прыток Бярэзіны. Упадае ў яе каля паўтара кілямэтра на ўсход ад вёскі Восава (Чарневіцкага с/с). Падрабязьней — гл. «ГБ» №1(118) за 2009 г.
- Чарніца — рака, левы прыток Ровы. Упадае ў яе ля вёскі Засьценак. Падрабязьней — гл. «ГБ» №7(64) за 2004 г.
- Чэрнік — возера, старыца Бярэзіны. Знаходзіцца каля трох кілямэтраў на паўночны захад ад вёскі Пялік.
- Чэрнік — рэчка, упадае з усходу ў возера Пялік.
- Элізеенталь — адна са старых форм назвы возера Дамашкаўскага.
- Юроўка — рака, правы прыток Гурбы. Упадае ў яе каля дзесяці кілямэтраў на паўночны захад ад вёскі Сялец.