Тэн-код
«Тэн-код» (па-ангельску: Ten-code, фармальная назва па-ангельску: ten signals) — слоўны код для радыёабмену, які ўжываецца пераважна ў праваахоўных органах, а таксама ў іншых грамадзкіх службах ЗША. Паведамленьні з загадзя складзенага збору кадуюцца і перадаюцца словамі — парай лікаў, першы зь якіх 10 (англ. «тэн», адсюль назва). Адзінага збору кодаў паведамленьняў для ўсіх адзінак паліцыі ў ЗША не існуе, але некаторыя распаўсюджаныя паведамленьні супадаюць (як «10-4» — зразумела, прынята»).
Патрэба ў падобным кодзе, які б скараціў час, патрэбны для хуткай перадачы істотнай інфармацыі, узьнікла ў 1930-я гг., пры ўвядзеньні ва ўжытак паліцыі кароткахвалевых радыёстанцый, якія тады мелі мала каналаў для радыёабмену. Стварэньне коду адносіцца да 1937 і прыпісваецца Чарльзу Хоперу, начальніку сувязі ў 10-м паліцыйным раёне штату Ілінойс (горад Урбана). Код быў пашыраны ў 1974 Асацыяцыяй чыноўнікаў сувязі для грамадзкай бясьпекі (APCO, Association of Public Safety Communication Officials). Зь цягам часу зборы кадаваных паведамленьняў, якія азначаліся тым самым кодам, сталі адрозьнівацца, у залежнасьці ад грамадзкай службы і рэгіёну. Гэта выявілася шкодным і нават небясьпечным у час выратавальных работ пасьля атакі на Сусьветны гандлёвы цэнтар у Нью-Ёрку 11 верасьня 2001 году, калі сабраныя разам прадстаўнікі розных службаў не разумелі варыянтаў тэн-коду іншых службаў. Па гэтым досьведзе ўлады розных узроўняў у ЗША з сяр. 2000-х гг. спрабуюць перавесьці радыёперамовы грамадзкіх службаў на некадаваны радыёабмен («простую мову»), што, аднак, выклікае супраціўленьне супрацоўнікаў з прычынаў бясьпекі, прывычкі і прэстыжу.
У Сеціве
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- (рас.) АПКО коды
На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |