Перайсьці да зьместу

Сымулякр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сымуля́кр (ад лацінскага simulo, «удаваць, рабіць выгляд») — «копія», што ня мае арыгінала.

Сучаснае значэньне панятак сымулякр атрымаў, дзякуючы Жану Бадрыяру. Да таго ён азначаў проста выяву, карцінку, адлюстраваньне. Прыкладам, фатаграфія — сымулякр той рэальнасьці, адлюстраванай на ёй. Неабавязкова дакладна фатаграфічная выява: карціны, красьлюнкі на пяску, пераказ рэальнай гісторыі сваімі словамі — усё гэта ёсьць сымулякрамі.

Сёньня за сымулякр разумеюць звычайна ў тым сэнсе, якім напаўняў гэты панятак Бадрыяр: сымулякр — гэта выява без арыгінала, рэпрэзэнтацыя чагосьці, што насамрэч не існуе. Напрыклад, карцінка, якая падаецца лічбавай фатаграфіяй нечага, але насамрэч уяўляе зь сябе падробку, створаную праз размаітыя маніпуляцыі з дапамогай адмысловага праграмнага рыштунку або іншымі сродкамі, пры гэтым тое, што яна адлюстроўвае насамрэч не існуе ці ніколі не існавала — гэта сымулякр.

«Сымулякрамі» таксама мянуюць і значна большую клясу аб’ектаў ці зьяваў, не прытрымліваючыся дакладнага вышэй прыведзенага азначэньня. Падобная неаднастайнасьць выкарыстаньня панятка сымулякр паходзіць ад самога Бадрыяра, а не насуперак яму). Напрыклад, Бадрыяр назваў сымулякрам вайну 1991 году ў Пэрсыдзкай затоцы, у тым сэнсе, што, цікуючы за гэтай вайной па CNN, людзі ня мелі ніякай магчымасьці даведацца, ці было там нешта насамрэч, або гэта проста карагоды карцінак і ўзрушаных прапагандысцкіх рэпартажаў на экранах іх тэлевізараў.