Перайсьці да зьместу

Спакойнага шчасьця ня зычу нікому

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Спакойнага шчасьця ня зычу нікому
Аўтар: Аркадзь Куляшоў
Мова арыгіналу: беларуская

«Спакойнага шчасьця ня зычу нікому…» — верш Аркадзя Куляшова, напісаны ў 1961 року. У гэтым невялікім творы паэт паспрабаваў выявіць сваё разуменьне сэнсу чалавечага існаваньня.

Тэматыка і зьмест

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Твор мае дзьве часткі: першая складаецца ўсяго з двух радкоў, у якіх паэт выказвае сваё пажаданьне ўяўным чытачам. Другая частка — гэта аргумэнтацыя сэнсу аўтарскага пажаданьня. Яна напісаная паводле аналёгіі з народнай формай перакананьня суразмоўцы: «Навошта табе гэта».

Навошта грымотам

маланка без грому,

Навошта ручай

без пякучае смагі…

Верш пачынаецца радкамі «Спакойнага шчасьця ня зычу нікому…». Як вынікае з самой назвы, паэт уступае ў канфлікт з агульнапрынятай чалавечай аксыёмай: «Хачу жыць спакойна і шчасліва». У пачатку 1960-х гадоў у сваёй «Новай кнізе» аўтар разбурае звыклую формулу жыцьця. Усё ў сьвеце, на думку паэта, існуе ў сыстэмным, а не выпадковым адзінстве: маланка і гром, зязюля і лес, ручай і смага — усё мае сваё прызначэньне. Спакой у гэтым кантэксьце траціць сваю пасіўную адзнаку, і набывае значэньне дзейснага выяўленьня: усё жыве дзеля існаваньня іншага, усё існае павіннае мець сэнс: «Навошта грымотам маланка без грому?..» Вобразы, якія супрацьпастаўляюцца і адначасова аб’ядноўваюцца ў вершы, выяўляюць як матэрыяльную, так і духоўную прыналежнасьць: ручай — смага, зязюля — лес. Сьвет, на думку А. Куляшова, — гэта цэласнае адзінства канкрэтных жыцьцёвых праяўленьняў, якія ўтвараюць гармонію, што ў разуменьні паэта і ёсьць шчасьце. Матэрыяльнае без духоўнага страчвае сэнс жыцьця, сутнасьць чалавечага існаваньня.

Паэт нікому ня зычыць спакойнага шчасьця, бо інакш жыцьцё страчвае сэнс. Бяскрылыя і бязьдзейсныя жаданьні таксама недарэчнасьць. Мэта патрабуе працы, змаганьня, настойлівасьці.

Максім Багдановіч у «Апокрыфе» таксама разважаў над вартасьцю матэрыяльных і духоўных каштоўнасьцяў, над сэнсам прыгожага, — па сутнасьці, над складальнікамі шчасьця: «Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчасьлівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?»

У вершы Аркадзя Куляшова выразна адбіўся дух часу — пачатку 1960-х гадоў, калі народ крыху адышоў ад жахаў мінулай вайны і сталіншчыны, асэнсоўваў пэрспэктывы свайго разьвіцьця. Сэнс чалавечага існаваньня не абмяжоўваўся цяпер толькі захаваньнем самога жыцьця — ён напоўніўся іншымі формуламі. Іх пошук, адкрыцьцё, аналіз сталі кірункамі творчых задачаў паэта.

  • Сенькавец У. А. Аркадзь Куляшоў // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. З. П. Мельнікавай, Г. М. Ішчанкі. — 2-е выд., перапрац. і дап. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2016. — 304 с.: іл. ISBN 978-985-559-664-9

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]