Славацкі Бэтлеем

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Агульны выгляд Славацкага Бэтлеему

«Слава́цкі Бэтлее́м» (па-славацку: Slovenský betlehem) — манумэнтальнае драўлянае пано разьбяра Ёзэфа Пэкары, які знаходзіцца ў Доме Божае міласэрнасьці (таксама вядомым як Дом Божага нараджэньня) у вёсцы Раецка Лесна (Славаччына). Адкрыты для наведнікаў 26 лістапада 1995 твор прадстаўляе сцэну нараджэньня Ісуса Хрыста, акаймаваную сцэнамі з побыту людзей і турыстычнымі славутасьцямі Славаччыны. Уваход вольны, прымаюцца ахвяраваньні.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Майстар Пэкара пачаў працу над творам пасьля выхаду на пэнсію ў 1980 року. Плянаваў стварыць нешта, што б сумяшчала погляд верніка і перадавала прыгажосьць Славаччыны. Праца цягнулася 15 гадоў, выніковыя памеры разьбы склалі 8,5 м у даўжыню, 2,5 м у шырыню і 3 м у вышыню. На творы агулам разьмешчаныя каля 300 фігурак, палова зь якіх рухомыя.

У Індржыхаградзецкім музэі(cs) (Чэская рэспубліка) знаходзіцца Крыжовы Бэтлеем агульнай даўжынёй 17 мэтраў[a], які праўдападобна ёсьць найвялікшым падобным мэханічным творам у сьвеце (аднак у адрозьненьне ад славацкага, у ім фігуры зробленыя ня толькі з дрэва). Найхутчэй для майстра Пэкары правобразам ягонага твору паслужыў Тржэбэхавіцкі Бэтлеем (хоць сам ён гэтага не пацьвярджае). На карысьць гэтага сьведчыць той факт, што Тржэбэхавіцкі Бэтлеем мае памеры 7×3×2 м, і імавернасьць таго, што прафэсійны разьбяр Пэкара абраў для свайго твору крыху большыя памеры, ня ведаючы пра іншыя падобныя, падаецца вельмі малой. Да таго ж Тржэбэхавіцкі Бэтлеем рэпрэзэнтаваў Чэхаславаччыну на сусьветнай выставе EXPO у 1967 року ў Манрэалі і выстаўляўся ў розных славацкіх местах; гэтыя падзеі былі шырока асьветленыя ў СМІ. Урэшце, Чэхаславацкае тэлебачаньне зьняла пра Тржэбэхавіцкі Бэтлеем дакумэнтальны фільм.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яселькі

Экспазыцыя адлюстроўвае не адно Нараджэньне Хрыстовае, але й гісторыю славацкага народу. Бэтлеем разьмешчаны пасярод найзнакаміцейшых славацкіх культурніцкіх помнікаў.

Паведамленьні ў прэсе пра тое, што твор Ёзэфа Пэкары — найвялікшая ў сьвеце выява сцэны Раства і ўвогуле ўнікальны твор, што выяўляе нацыянальны побыт, не адпавядаюць рэальнасьці. Тым ня менш, Славацкі Бэтлеем, праўдападобна, найвялікшы драўляны рухомы Бэтлеем у сьвеце. Асабліва варта падкрэсьліць вырашэньне кампазыцыйных дэталяў, рэалізацыю рухомых частак, што зьяўляецца абсалютнай вяршыняй разьбы па дрэве.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Бэтлеем створаны ў форме літары U

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]