Сацыялёгія навукі
Сацыялёгія наву́кі — гэта галіновая сацыялягічная тэорыя, якая вывучае навуку як сыстэму творчай дзейнасьці, якая дынамічна разьвіваецца, накіраваную на генэраваньне новых ведаў і іхную практычную рэалізацыю, і як сацыяльны інстытут, які функцыянуе ў канкрэтна-гістарычных, сацыяльна-эканамічных, сацыяльнакультурных і палітычных умовах.
Праблемная вобласьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Высьвятленьне спэцыфікі навуковай дзейнасьці, фактараў і асаблівасьцяў яе дэтэрмінацыі й матывацыі;
- Дасьледаваньне навукі як складанай арґанізаванай сацыяльнай сыстэмы;
- Вызначэньне парамэтраў і сацыяльнай значнасьці індывідуальных і калектыўных фактараў разьвіцьця навукі як сыстэмы дзейнасьці і ведаў;
- Выяўленьне асаблівасьцяў навукі як сацыяльнага інстытуту, які вырабляе новыя веды і вызначае спосабы іх практычнай рэалізацыі;
- Вывучэньне сацыяльных аспэктаў дасьледчай працы, навуковых камунікацыяў, узаемадзеяньня фармальных і нефармальных адносінаў у сацыяльных структурах навуковых супольнасьцяў, групаў і арґанізацыяў;
- Эмпірычныя дасьледаваньні й тэарэтычная эксплёатацыя сацыяльных праблем, якія ўзьнікаюць у сувязі з працэсамі дыфэрэнцыяцыі і інтэграцыі ў навуцы, з разьвіцьцём міждысцыплінарных дасьледаваньняў;
- Высьвятленьне фактараў і прычынаў дысцыплінарнай будовы навукі і прафэсійнай дзейнасьці навукоўца;
- Вызначэньне сутнасьці навуковага этасу, адказнасьці навукоўцаў, іх ролі ў разьвіцьці навуковай дзейнасьці;
- Дасьледаваньне ўзаемадзеяньня эвалюцыйных і рэвалюцыйных формаў разьвіцьця навукі;
- Дасьледаваньне сацыякультурнай абумоўленасьці навуковых ведаў і іхнага разьвіцьця, роля сацыяльных, у тым ліку маральных, ідэалаў, каштоўнасьцяў і нормаў, якія рэгулююць творчую дзейнасьць навукоўцаў, ацэнку і стымулы іхнай працы, суадносіны інстытуцыйных і асобасных аспэктаў навуковай дзейнасьці.
Асноўныя задачы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дасьледаваньне сацыяльна-эканамічнай абумоўленасьці ўзьнікненьня і разьвіцьця навукі;
- Выяўленьне асноўных элемэнтаў, якія складаюць у сваім узаемадзеяньні структурную архітэктоніку навукі як спэцыфічнай творчай дзейнасьці;
- Дасьледаваньне спэцыфічных асаблівасьцяў навукі, якая функцыянуе ў якасьці своеасаблівага сацыяльнага інстытуту;
- Вывучэньне працэсу дыфэрэнцыяцыі і інтэграцыі навуковых ведаў;
- Дасьледаваньне асаблівасьцяў і спосабаў узаемадзеяньня ў навуцы індывідуальных і калектыўных формаў творчасьці;
- Выяўленьне асаблівасьцяў, шляхоў і спосабаў сацыякультурнай дэтэрмінацыі навуковага пазнаньня;
- Прасочваньне асноўных трэндаў і ўзаемадзеяньня эвалюцыйных і рэвалюцыйных формаў разьвіцьця навуковых ведаў;
- Дасьледаваньне структурнай дынамікі навуковых кадраў, іх сацыяльнай стратыфікацыі й мабільнасьці.
Функцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пазнавальная
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэтая функцыя мае сваёй мэтай навуковае вывучэньне зьмястоўнай напоўненасьці сацыялёгіі навукі, якая высьвятляе якім чынам адбываецца навуковае асэнсаваньне навакольнага прыроднай і сацыяльнай рэчаіснасьці, месца і ролі чалавека ў ёй і ў яе пераўтварэньні ў адпаведнасьці зь ягонымі інтарэсамі, патрэбамі і мэтамі. Дазваляе даць навукова абгрунтаваны адказ на пытаньне «Як навука стварае навуковую карціну таго сьвету, той прыроднай і сацыяльнай рэальнасьці, у якой мы жывем і дзейнічаем?»
Канцэптуальна-апісальная
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Функцыя сацыялёгіі навукі, у задачу якой уваходзіць вывучэньне працэсаў стварэньня, разьвіцьця і творчага прымяненьня пэўнай сыстэмы паняцьцяў, якая пастаянна разьвіваецца, катэгорыяў, канцэпцыяў, мэтадаў, тэорыяў, а таксама правілаў навуковага апісаньня, якія адлюстроўваюць асаблівасьці вывучаемай прыроднай і сацыяльнай рэчаіснасьці, духоўнага сьвету чалавека. Яна дазваляе адказаць на пытаньне «Як навука „працуе“, што і як адбываецца ў навакольнай рэчаіснасьці і ва ўнутраным сьвеце чалавека?»
Тлумачальная
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тлумачальная функцыя паказвае, як навука дае навуковае тлумачэньне прыродным, сацыяльным і духоўным зьявам, падзеям і працэсам на аснове выяўленых рэальных фактаў і іх узаемасувязяў, тэндэнцыяў і заканамернасьцяў разьвіцьця навакольнага сьвету. Яна адказвае на пытаньне «Чаму ў навакольнай рэчаіснасьці працэсы і ўзаемадзеяньні адбываюцца менавіта так, а не інакш?»
Ацэначная
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэтая функцыя арыентаваная на выпрацоўку навукова абгрунтаванай ацэнкі разьвіцьця прыроднай і сацыяльнай рэчаіснасьці з пункту гледжаньня таго, у якой ступені сьветапераўтваральная дзейнасьць людзей адпавядае заканамернасьцям сусьветнай дынамікі, як лепш узгадніць абʼектыўную заканамернасьць з мэтанакіраванымі і актыўнымі дзеяньнямі людзей. Адказвае на пытаньне «Наколькі праўдзівая тая ці іншая навуковая тэорыя, у якой меры яна адпавядае абʼектыўнай рэальнасьці і служыць яе пераўтварэньню?»
Сьветапоглядная
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьветапоглядная функцыя сацыялёгіі навукі заключаецца ў разуменьні і інтэрпрэтацыі ролі і значэньня навукі ў фармаваньні сьветапогляду, г. зн. і сацыяльнай рэчаіснасьці. Яна адказвае на пытаньне «Якое месца займае чалавек у навакольным сьвеце і якім чынам адлюстроўваецца гэты сьвет у яго сьвядомасьці, у яго мэтанакіраванай дзейнасьці?»
Прагнастычная
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прагнастычная функцыя заключаецца ў тым, што на аснове выяўленьня тэндэнцыяў і заканамернасьцяў разьвіцьця навукі зьяўляецца магчымасьць канструяваньня найбольш верагодных сцэнароў тых ці іншых падзеяў у навуковай дзейнасьці, у разьвіцьці новых навуковых напрамкаў, г. зн. пабудова прагнозаў далейшага навукова-тэхнічнага прагрэсу. Гэтая функцыя адказвае на пытаньне «Што можа адбыцца і найверагодней адбудзецца ў разьвіцьці навукі ў будучыні?»
Адукацыйная функцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэтая функцыя ўвасабляецца ў працэсе выкладаньня сацыялёгіі навукі ў ВНУ, мае на мэце ўзброіць студэнтаў ведамі сутнасьці, асаблівасьцяў, ролі навукі ў жыцьці грамадзтва. Адказвае на пытаньне «Што трэба ведаць чалавеку аб месцы і ролі навукі ў сучасным, высокатэхнізаваным грамадзтве?»
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бабосов Е. М. Социология науки (рас.). — Минск: Харвест, 2009. — 224 с. — ISBN 978-985-16-5764-9