Рымскія лічбы
Ры́мскія лі́чбы — сыстэма зьлічэньня, ужываная антычнымі рымлянамі для запісу натуральных лікаў. Аснову яе складаюць шэраг літараў лацінскай абэцэды:
- I = адзін
- V = пяць
- X = дзесяць
- L = пяцьдзясят
- C = сто (ад лацінскага centum)
- D = пяцьсот
- M = тысяча (ад лацінскага mille)
Іншыя лікі запісваюцца пры дапамозе паўтарэньня гэтых лічбаў. Пры гэтым значэньні лічбаў сумуюцца, акрамя выпадку, калі меншая лічба стаіць перад вялікай. У такім разе меншы лік адымаюць ад вялікага. Гэты прынцып адыманьня выкарыстоўваюць, каб пазьбегнуць чатырохразовага паўтарэньня адной і той жа лічбы.
Прыклады:
- II = 2
- IV = 4
- VIII = 8
- IX = 9
- XVI = 16
- XXXII = 32
- LXIV = 64
- CXXVIII = 128
- CCLVI = 256
- DXII = 512
- DCLXVI = 666 (пералічаны ўсе літары, акрамя M — г. зв. лік зьвера)
- MXXIV = 1024
- MCMLXXIV = 1974
Часам прынцып адыманьня ўжываюць больш шырока: адымаць ад вялікай лічбы любую меншую. Гэтак зручна запісваць лікі як 1999 = MIM (1000 + 1000 - 1)
замест MCMXCIX
.
Выкананьне арытмэтычных апэрацыяў пры дапамозе рымскіх лічбаў — вельмі складана. Рымляне ўжывалі абак.
У наш час рымскія літары ўжываюцца для абазначэньня дат (нумары месяцаў: 25-III-1918, стагодзьдзяў: XX стагодзьдзе), у імёнах (папа Леў X, кароль Карл IX), назвах глаў, разьдзелаў кніг, у дэкаратыўных мэтах (цыфэрблят гадзіньнікаў) і інш.
Юнікод мае адмысловыя сымбалі для прадстаўленьня рымскіх лічбаў, гэта шэраг ад U+2160 да U+2183. Там зьмешчаны знакі I—XII (каб паказваць гадзіны або месяцы) і астатнія лічбы. Напрыклад лік 1644 = MDCXLIV
можна запісаць пры дапамозе гэтых асобных знакаў як ⅯⅮⅭⅩⅬⅠⅤ
. Аднак, каб ужываць гэтыя сымбалі, патрэбны праграмы, здольныя паказваць юнікодныя сымбалі і шрыфты, якія маюць гэтыя знакі. Таму пажадана ўжываць звычайныя лацінскія літары.