Перайсьці да зьместу

Пяць законаў бібліятэказнаўства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пяць законаў бібліятэказнаўства
Five laws of library science
Пяць законаў бібліятэказнаўства
Жанр: тэорыя
Аўтар: Шыялі Рамамрыта Ранганатан
Мова арыгіналу: ангельская
Публікацыя: 1931
Выдавецтва: Мадраская бібліятэчная асацыяцыя
Сэрыя: Сэрыя публікацый Мадраскай бібліятэчнай асацыяцыі
Колькасьць старонак: 520

Пяць зако́наў бібліятэ́казнаўства — тэорыя прынцыпаў дзейнасьці бібліятэчнай сыстэмы, прапанаваная ў 1931 року Шыялі Рамамрытам Ранганатанам. Аўтар сфармуляваў іх у сваёй кнізе наступным чынам:

  1. Кнігі — дзеля карыстаньня;
  2. Кожнаму чытачу — ягоную кнігу;
  3. Кожнай кнізе — ягонага чытача;
  4. Эканомце час чытача;
  5. Бібліятэка — арганізм, які расьце.

Кнігі — дзеля карыстаньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы закон бібліятэказнаўства — асноватворчы для бібліятэчных паслугаў. Ён падразумявае, што кнігі захоўваюцца ў бібліятэках ня дзеля таго, каб хаваць іх ад чытачоў. Вядома, варта зьберагаць іх у добрым стане, аднак канчатковай мэтай гэтых захадаў ёсьць пашырэньне карыстаньня імі. Грош цана тым матэрыялам, да якіх чытач ня мецьме доступу. Акрамя таго, сюды таксама можна дадаць і задачы зручнага месцазхнаходжаньня бібліятэк, умоваў выдачы кніг, працоўных часоў, падбор кадраў і нават такія побытавыя дробязі, як бібліятэчная мэбля і тэмпэратурны рэжым.

Кожнаму чытачу — ягоную кнігу

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другі закон бібліятэказнаўства азначае, што бібліятэкары павінны задавальняць патрэбы шырокіх слаёў насельніцтва, набываць літаратуры абсалютна рознай тэматыкі і ўстрымлівацца ад забабонаў ды асуджэньня патрабаваньняў чытачоў. Бібліятэкары мусяць улічваць, што ўсе людзі розныя і маюць розныя густы ў кнігах. Ужо пасьля публікацыі кнігі Ранганатан далучыў да асобаў, што падпадаюць пад дзеяньне другога закону: дзяцей; інвалідаў; рамесьнікаў; слабаадукаваных дарослых; інтэлектуальна абмежаваных; працоўны кляс; асобаў вузкаспэцыяльных зацікаўленасьцяў.

Кожнай кнізе — ягонага чытача

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэці закон бібліятэказнаўства азначае, што ў бібліятэцы мае быць месца для ўсіх кнігаў, нават калі яны могуць прыдасца толькі драбнюткай частцы наведнікаў. Пазьней Ранганатан абагуліў тэрмін «кніга» на любы дакумэнт.

Эканомце час чытача

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чацьверты закон бібліятэказнаўства вымагае, каб усе наведнікі маглі проста і хутка знаходзіць патрэбныя ім матэрыялы. Дзеля гэтага бібліятэкары мусяць ладзіць сыстэмы, паслугі, майстроўні, дапаможнікі ды каталёгі дзеля зручнасьці карыстальнікаў. Надалей гэта ў сваю чаргу спросьціць жыцьцё самім бібліятэкарам.

Бібліятэка — арганізм, які расьце

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пяты закон бібліятэказнаўства азначае, што бібліятэка — не статычная, а дынамічная ўстанова. Ранганатан вылучыў два тыпы разьвіцьця: павелічэньне колькасьці адзінак у бібліятэчных зборах і павелічэньне агульнай якасьці матэрыялаў шляхам іхняй замены на лепшыя асобнікі. З часам першы варыянт упіраецца ў фізычныя памеры будынкаў, аднак тэхналёгіі XXI стагодзьдзя дазваляюць вырашыць гэта выкарыстаньнем розных тэхналягічных рашэньняў.