Перайсьці да зьместу

Зьменны ток

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Пераменны ток»)

Зьме́нны ток — электрычны ток, які зьмяняецца ў часе, звычайна пэрыядычна.

Пад зьменным токам таксама разумеюць ток у звычайных адна- і трохфазных сетках. У гэтым выпадку парамэтры зьменнага току зьмяняюцца па гарманічным законе.

Паколькі зьменны ток зьмяняецца ў часе, простыя спосабы рашэньня задач, прыдатныя для ланцугоў сталага току, тут непасрэдна непрыстасавальныя. Пры вельмі высокіх частасьцях зарады могуць зьдзяйсьняць вагальны рух — перацякаць з адных месцаў ланцуга ў іншыя і зваротна. Пры гэтым, у адрозьненьне ад ланцугоў сталага току, токі ў пасьлядоўна злучаных правадніках могуць апынуцца неаднолькавымі. Ёмістасьці, прысутныя ў ланцугах зьменнага току, узмацьняюць гэты эфэкт. Акрамя таго, пры зьмене току адбываюцца эфэкты самаіндукцыі, якія робяцца істотнымі нават пры нізкіх частасьцях, калі выкарыстоўваюцца шпулі зь вялікай індуктыўнасьцю. Пры параўнальна нізкіх частасьцях ланцуга зьменны ток можна па-ранейшаму разьлічваць з дапамогай правілаў Кірхгофа, якія, аднак, неабходна адпаведным чынам мадыфікаваць.

Ланцуг, у які ўваходзяць розныя рэзыстары, шпулі індуктыўнасьці й кандэнсатары, можна разглядаць, як складаную з абагульненых рэзыстара, кандэнсатара і шпулі індуктыўнасьці, злучаных пасьлядоўна. Разгледзім уласьцівасьці такога ланцуга, падлучанага да генэратару сынусаіднага зьменнага току. Каб сфармуляваць правілы, якія дазваляюць разьлічваць ланцугі зьменнага току, трэба знайсьці суадносіны паміж падзеньнем напругі і токам для кожнага з кампанэнтаў такога ланцуга.

Кандэнсатар грае розныя ролі ў ланцугах зьменнага і сталага токаў. Калі, напрыклад, да ланцуга падлучыць электрахімічны элемэнт, то кандэнсатар пачне зараджацца, пакуль напруга на ім ня будзе роўнай ЭРС элемэнту. Затым зарадка спыніцца і ток упадзе да нуля. Калі ж ланцуг падлучаны да генэратара зьменнага току, то ў адзін паўпэрыяд электроны будуць выцякаць зь левай абкладкі кандэнсатара й назапашвацца на правай, а ў іншы — наадварот. Электроны, якія перамяшчаюцца і ўяўляюць сабой зьменны ток, сіла якога аднолькавая на абодвух баках кандэнсатара. Пакуль частасьць зьменнага току ня вельмі вялікая, ток праз рэзыстар і шпулю індуктыўнасьці таксама аднолькавы.

У прыладах-спажыўцах зьменны ток часта выпрамляецца выпрамнікамі для атрыманьня сталага току.