Пасадобль
Пасадобль (па-гішпанску: Paso doble, літаральна «падвоены крок» ці «два крокі») — гішпанскі танец, які імітуе рухі, якія адбываюцца падчас карыды[1]. Першапачатковая назва танцу — «адзін гішпанскі крок», бо кожны крок робіцца на кожны такт. Пасадобль быў адным з шматлікіх гішпанскіх народных танцаў, зьвязаных з рознымі аспэктамі гішпанскага жыцьця. Імітуючы карыду, партнэр увасабляе сваімі рухамі матадора, у той час як ягоная партнэрка рухаецца як ягоная мулета ці капотэ (чырвоны кавалак тканіны, якім дражняць быкоў).
Акрамя таго пасадоблем клічуць хуткі гішпанскі вайсковы марш, які выкарыстоўваецца пяхотнымі войскамі. Ягоная хуткасьць дазволіла войскам рабіць 120 крокаў у хвіліну, што ўдвая перавышае звычайную хуткасьць пяхоты, адкуль і паўстала назва. Таксама пасадоблем называюць музычны жанр, інструмэнтальны падвід якога часта выконваюць падчас карыды.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Марш
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вайсковы марш пасадобль адметны хуткасьцю[2]. Ён і дасюль практыкуецца на вайсковых парадах. Сярод вядомых відаў такіх пасадобляў вылучаюцца Сальдадыта-эспаньёл, Эль-Абаніка, Лёс-Нардас, Ляс-Карсарыяс і Лёс-Валюнтарыяс.
Танец
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галоўнай асаблівасьцю паміж пасадоблем ды іншымі танцамі ёсьць становішча цела. Ён вымагае спрытнасьці і фізычнае падрыхтаванасьці. Танцоры мусяць заставацца адзін перад адным і ўвесь час трымаць целы паралельна адзін аднаму, зьлёгку ўхіляючыся налева. Левыя рукі партнэраў павінны быць злучанымі амаль увесь час танцу. Грудзі трэба трымаць высока, а плечы павінны быць шырока выпрастаныя і апушчаныя. Галава мусіць быць зафіксаваная, а ў некаторых рухах нахіленая наперад і патыліцай дадолу. Такая пастава адпавядае характару рухаў матадора. Рухі і паставы, якія часта маюць адценьне драматызму, можна інтэрпрэтаваць як бітву матадора з быком. Вагу трэба разьмяркоўваць наперад, але большасьць крокаў робіцца зь пяткі.
Музыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Музыка складаецца з трох асноўных частак. Першая тэма падзелена на ўступную і асноўную частку. Часьцей за ўсё трэцяя тэма ёсьць паўтарэньнем першай тэмы. На спаборніцтвах па спартыўных бальных танцах часта выконваюцца толькі першыя дзьве тэмы. Пасадобль быў вынайдзены ў Гішпаніі, але зь цягам часу шырока разышоўся па іншым гішпанамоўным нацыям. Кожны рэгіён мае свой уласны паджанр і стыль, які тычыцца фармальных аспэктаў структуры ў адпаведнкасьці зь мясцовай музычнай традыцыяй[3]. У сучаснай Гішпаніі найбольш папулярны пасадобль у валенсійскім рэгіёне ды часта выконваецца на фэстывалі маўраў і хрысьціянаў[4][5][6].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходжаньне танцу і музыкі аспрэчваецца. Гістарычныя зьвесткі сьведчаць аб тым, што пасадобль зьявіўся не раней за XVIII стагодзьдзе, паколькі ўзгадваецца ў Гішпаніі ў 1780 годзе. У гэты ж час ён быў адаптаваны ў войска як асобны крок для гішпанскай пяхоты. Пасадобль як музычны жанр пачаў выкарыстоўваецца на карыдзе толькі ў XIX стагодзьдзі.
Паводле адной з гіпотэзаў, што назва паходзіць з францускай формы хуткага маршу францускай пяхоты канца XVIII стагодзьдзя. Сьцьвярджаецца, што францускае вэрсія парэдобль (франц. pas-redouble) мае як францускія, гэтак і гішпанскія характарыстыкі. Прыхільнікамі гэтае гіпотэзы пераважна ёсьць францускія музыказнаўцы. Яны выказалі здагадку, што танец быў вынайдзены ў спробе французаў адлюстраваць прыёмы, якія выкарыстоўваюцца ў гішпанскае карыдзе. Аднак, гэтая гіпотэза ня ў стане растлумачыць тое, што гішпанская пяхота ўпершыню тэхніку пасадобль выкарыстала раней за францускае войска. У Парыжы танец зьявіўся ў 1920 годзе, але папулярнасьць у парыскае багемы набыў у 1930-я гады, таму шмат крокаў і паставаў маюць францускія назвы.
Іншая гіпотэза тлумачыць, што танец мае паходжаньне ў традыцыйных гішпанскіх танцах і музыцы пачатку XVI стагодзьдзя. Гэтыя танцы былі распрацаваныя каля 1538 году ў выніку паступовага спалучэньня кастыльскай музыкі і танцаў з хуткім паўтаральным цыганскім танцам гаратын, што ў выніку адаптавалася ў форму маршу[7]. Вядомы гішпанскі музыказнаўца Хасэ Субіра лічыць, што паходжаньне стылю ўяўляла сабой спалучэньне вайсковых маршаў і лёгкай музыкі з гішпанскага музыкальнай камэдыі[7][8].
Найбольш слынныя матадоры ўшаноўваліся асобнымі мэлёдыямі пасадоблю. Іншыя мэлёдыі былі натхнёныя патрыятычнымі матывамі альбо мясцовымі героямі. Сёньня танец пасадобль часта ўключаецца ў танцавальныя спаборніцтвы. Упершыню ў лацінаамэрыканскую праграму спартовых бальных танцаў трапіў па Другой сусьветнай вайне.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Диниц, Ермаков, Иванникова, 2004, Пасадобль, с. 254—255.
- ^ «Pasodoble de la Bandera». Jose L. Perez.
- ^ Berenguer González, Ramón T. (2008). «Pasodobles de España».
- ^ «Moors and Christians Festival, Bocairent». Instituto de Turismo de España.
- ^ «Moors and Christians in Bocairent». Valencia News.
- ^ «History». Moros y Cristianos de Elda.
- ^ а б «Pasodobles: Origen e historia del pasodoble». Pasodobles.
- ^ «Historia del pasodoble». El Rincón de Ordóñez.