Слуцкія замкі
Помнік абарончай архітэктуры | |
Слуцкія замкі
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Слуцак |
Дата заснаваньня | XV ст. |
Слуцкія замкі — помнік гісторыі і абарончай архітэктуры ў Слуцку. Складаўся зь Верхняга (Горнага) і Ніжняга (Дольнага) замкаў, якія знаходзіліся на Замчышчы на беразе ракі Бычку пры яго ўтоку ў Случ (у XI—XIV стагодзьдзях тут разьмяшчаўся дзядзінец старажытнага гораду), а таксама Новага замка (Цытадэлі), які стаяў на Новым Месьце на левым беразе Случы. Існаваў у XV—XVIII стагодзьдзях.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XV ст. у Слуцку збудавалі першы драўляны замак (упершыню ўпамінаецца ў 1409 годзе). Гэты Верхні замак значыцца ў мескіх інвэнтарах за 1627, 1728, 1791, 1793 і 1800 гады (у 1791 годзе ў ім зьмяшчалася тры гарматы). Збудаваны побач зь Верхнім, Ніжні замак, паводле інвэнтару 1687 году, зьмяшчаў тры палацы. У XVIII ст. абодва гэтыя замкі мелі назву «Земляны замак».
Новы замак (Цытадэль) збудавалі ў XVII ст. як частку сыстэмы мескіх умацаваньняў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Слуцак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, комплекс замкаў зруйнавалі разам зь мескімі ўмацаваньнямі.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Верхні замак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Займаў прыродную выспу авальнай формы памерам 80 на 100 мэтраў, якая ўзвышалася над абалонай ракі Случы на 5—7 мэтраў у сутоках яе з ракой Бычком. У пачатку XV ст. стаяў на насыпным капцы і меў драўляныя сьцены і вежы. Пэрымэтрам пляцоўка атачалася глініста-пясковым валам шырынёй у аснове 22 мэтры і вышынёй больш за 4 мэтры. З боку поля вал апярэзваўся ровам шырынёй 25 мэтраў і глыбінёй каля 2 мэтраў. Схілы ўмацоўваліся дубовымі завостранымі на конус палямі даўжынёй 4—6 мэтры. Зь XVII ст. займаў плошчу каля 1,5 га. Меў пад’ёмны мост з парэнчамі, які вёў цераз абарончы роў да ўваходнай брамы. Над ёй была высокая вежа з гадзіньнікам. На вежы знаходзіўся пакрыты пазалотай медны шар з выявай арла на ім. Замкавая брама мела 4 ярусы бою. На восі ўезду стаяў 1-павярховы палац з часаных брусоў на падмурку.
Ніжні замак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разьмяшчаўся на паўночным усходзе ад Верхняга замка (на месцы былога вакольнага гораду) і аддзяляўся ад яго запоўненым вадой ровам. Быў на 2—3 м ніжэйшы за Верхні і меў выгляд няправільнага чатырохкутніка плошчай 1,9 га. Атачаўся земляным валам і драўляным парканам. У другой палове XVII ст. зьмяшчаў тры палацы, зрубленыя з часанага бруса на падмурку, вазоўню, стайню ды іншыя гаспадарчыя пабудовы. Разам зь Верхнім замкам абмываўся водамі ракі Бычку з дапамогай плацінаў і штучнага рова, які злучаў Бычок з Случчу.
Новы замак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Меў форму квадрата плошчай 1,1 га з чатырма бастыёнамі і адным равэлінам. На бастыёнах і курцінах стаялі драўляныя вежы, што не ўласьціва для заходне-эўрапэйскай бастыённай фартыфікацыі. Новы замак атачаўся вадзяным ровам, злучаным з ракой Случчу патаемным шлюзам. Уваход у цытадэль вёў цераз мост і браму, якая знаходзілася ў тоўшчы вала. Яна была 1-павярховая і мела вароты з двух палотнішчаў, зьбітых з дубовых дошак[1].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Профіль валоў замка і фартыфікацыі места, 1650 г.
-
Верхні і Ніжні замкі, 1711—1736 гг.
-
Новы змак, 1711—1736 гг.
-
Лязарэт на тэрыторыі замка, 1849 г.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Калядзінскі Л., Ткачоў М. Слуцкія замкі // БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 34.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — ISBN 985-11-0251-2