Народны майстар Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Народны майстар Рэспублікі Беларусь — ганаровае званьне ў Беларусі, якое надаецца творчым асобам — носьбітам этнічных традыцый, якія зьяўляюцца пераемнікамі і прадаўжальнікамі традыцый і мастацкага здабытку беларускай традыцыйнай культуры, захоўваюць і перадаюць наступнаму пакаленьню тэхналёгіі і мастацкія асаблівасьці народных рамёстваў, а таксама ствараюць новыя мастацкія каштоўнасьці, што ўзбагачаюць сучасную нацыянальную культуру Беларусі.

Творчая асоба, якой нададзены статус «Народны майстар», набывае пэўную грамадзка-культурную значнасьць, што дазваляе больш пасьпяхова і плённа ажыцьцяўляць творчую дзейнасьць, мастацкую вытворчасьць вырабаў народных промыслаў, перадаваць сваё майстэрства маладому пакаленьню.

Умовы наданьня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Статус «Народны майстар» можа надавацца асобе, якая:

  • займаецца творчасьцю ў галіне народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ручнога мастацкага рамяства, набыла майстэрства традыцыйным спосабам празь пераемнасьць ці ў працэсе самастойнай творчай працы;
  • у сваім мастацтве і рамястве абапіраецца на традыцыі (мясцовыя, рэгіянальныя, нацыянальныя), творча іх разьвівае, праяўляе здольнасьці

да індывідуальнай інтэрпрэтацыі.

Умовы распаўсюду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палажэньне распаўсюджваецца на катэгорыі народных майстроў, якія:

  • займаюцца традыцыйным рамяством, прадаўжаюць і разьвіваюць яго традыцыі праз выкананьне ўзораў традыцыйных вырабаў;
  • ствараюць мастацкія каштоўнасьці, што зьяўляюцца працягам народных традыцый, вынікам мастацкага мысьленьня, уласьцівага традыцыйнай народнай культуры, адлюстраваньнем беларускай нацыянальнай мэнтальнасьці;
  • прымаюць удзел у выстаўках народнай творчасьці, сьвятах-конкурсах, фэстывалях і іншых культурна-масавых мерапрыемствах.

Віды дзейнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Творчая дзейнасьць народных майстроў ажыцьцяўляецца ў наступных відах народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і рамяства:

  • разьба па дрэве;
  • росьпіс па дрэве, тканіне, шкле;
  • саломапляценьне;
  • пляценьне і вырабы з расьлінных матэрыялаў мясцовага паходжаньня (лаза, чарот, карэньні, бяроста, дранка, лыка і г. д.);
  • аплікацыя і інкрустацыя саломкай;
  • ткацтва на ручных і ткацкіх станках;
  • ткацтва, пляценьне, віцьцё паясоў;
  • вышыўка ручная;
  • карункапляценьне і вязаньне карункаў;
  • ганчарства;
  • выраб глінянай цацкі;
  • кавальства;
  • бондарства;
  • выцінанка;
  • выраб народных строяў у мясцовых і рэгіянальных традыцыях з захаваньнем традыцыйных тэхналёгій ткацтва, вышыўкі;
  • выраб сувэнірных этнаграфічных лялек у народных строях;
  • ручное мастацкае вязаньне ў беларускіх народных традыцыях;
  • мастацкая апрацоўка скуры;
  • выраб уручную мастацкай мэблі з дрэва;
  • ітарсія па дрэве;
  • нізаньне бісэру;
  • пісанкарства (выраб велікодных яек-пісанак);
  • пернікарства і выраб абраднага печыва (вясельныя караваі і г. д.) і інш.

Да катэгорыі народных майстроў могуць быць аднесены народныя творцы, якія займаюцца творчасьцю выяўленчага характару пераважна ў разьбе і жывапісе ці ў іншых відах нетрадыцыйнай народнай плястыкі, дзе яны выказваюцца самабытным чынам, незалежна ад узораў прафэсійнага мастацтва, і іх творы па вобразна-стылістычных парамэтрах могуць быць аднесены да катэгорыі мастацтва, якое прынята называць «прымітыўным», «наіўным», «інсітным».

Хто надае званьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пастанова аб наданьні статусу «Народны майстар» прымаецца калегіяльна экспэртнай камісіяй, створанай пры Міністэрстве культуры загадам Міністра. Парадак работы экспэртнай камісіі ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з Палажэньнем аб экспэртнай камісіі, зацьверджаным Міністрам культуры.

Пасьведчаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку прыняцьця экспэртнай камісіяй пастановы аб наданьні статусу «Народны майстар» народным майстрам выдаецца пасьведчаньне, узор якога зацьвярджаецца Міністэрствам культуры.

Пасьведчаньне аб статусе «Народны майстар» зьяўляецца дакумэнтам, які прад’яўляецца яго ўладальнікам у адпаведныя органы ўлады для пацьвярджэньня свайго асобага творчага статусу, права на заняцьце творчай дзейнасьцю, навучаньня іншых свайму рамяству, атрыманьня пэўных ільгот, а таксама ў іншыя ўстановы і арганізацыі, куды зьвяртаецца народны майстар з мэтай больш пасьпяховага ажыцьцяўленьня сваёй дзейнасьці.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]