Народны майстар Беларусі
Народны майстар Рэспублікі Беларусь — ганаровае званьне ў Беларусі, якое надаецца творчым асобам — носьбітам этнічных традыцый, якія зьяўляюцца пераемнікамі і прадаўжальнікамі традыцый і мастацкага здабытку беларускай традыцыйнай культуры, захоўваюць і перадаюць наступнаму пакаленьню тэхналёгіі і мастацкія асаблівасьці народных рамёстваў, а таксама ствараюць новыя мастацкія каштоўнасьці, што ўзбагачаюць сучасную нацыянальную культуру Беларусі.
Творчая асоба, якой нададзены статус «Народны майстар», набывае пэўную грамадзка-культурную значнасьць, што дазваляе больш пасьпяхова і плённа ажыцьцяўляць творчую дзейнасьць, мастацкую вытворчасьць вырабаў народных промыслаў, перадаваць сваё майстэрства маладому пакаленьню.
Умовы наданьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Статус «Народны майстар» можа надавацца асобе, якая:
- займаецца творчасьцю ў галіне народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ручнога мастацкага рамяства, набыла майстэрства традыцыйным спосабам празь пераемнасьць ці ў працэсе самастойнай творчай працы;
- у сваім мастацтве і рамястве абапіраецца на традыцыі (мясцовыя, рэгіянальныя, нацыянальныя), творча іх разьвівае, праяўляе здольнасьці
да індывідуальнай інтэрпрэтацыі.
Умовы распаўсюду
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Палажэньне распаўсюджваецца на катэгорыі народных майстроў, якія:
- займаюцца традыцыйным рамяством, прадаўжаюць і разьвіваюць яго традыцыі праз выкананьне ўзораў традыцыйных вырабаў;
- ствараюць мастацкія каштоўнасьці, што зьяўляюцца працягам народных традыцый, вынікам мастацкага мысьленьня, уласьцівага традыцыйнай народнай культуры, адлюстраваньнем беларускай нацыянальнай мэнтальнасьці;
- прымаюць удзел у выстаўках народнай творчасьці, сьвятах-конкурсах, фэстывалях і іншых культурна-масавых мерапрыемствах.
Віды дзейнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Творчая дзейнасьць народных майстроў ажыцьцяўляецца ў наступных відах народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і рамяства:
- разьба па дрэве;
- росьпіс па дрэве, тканіне, шкле;
- саломапляценьне;
- пляценьне і вырабы з расьлінных матэрыялаў мясцовага паходжаньня (лаза, чарот, карэньні, бяроста, дранка, лыка і г. д.);
- аплікацыя і інкрустацыя саломкай;
- ткацтва на ручных і ткацкіх станках;
- ткацтва, пляценьне, віцьцё паясоў;
- вышыўка ручная;
- карункапляценьне і вязаньне карункаў;
- ганчарства;
- выраб глінянай цацкі;
- кавальства;
- бондарства;
- выцінанка;
- выраб народных строяў у мясцовых і рэгіянальных традыцыях з захаваньнем традыцыйных тэхналёгій ткацтва, вышыўкі;
- выраб сувэнірных этнаграфічных лялек у народных строях;
- ручное мастацкае вязаньне ў беларускіх народных традыцыях;
- мастацкая апрацоўка скуры;
- выраб уручную мастацкай мэблі з дрэва;
- ітарсія па дрэве;
- нізаньне бісэру;
- пісанкарства (выраб велікодных яек-пісанак);
- пернікарства і выраб абраднага печыва (вясельныя караваі і г. д.) і інш.
Да катэгорыі народных майстроў могуць быць аднесены народныя творцы, якія займаюцца творчасьцю выяўленчага характару пераважна ў разьбе і жывапісе ці ў іншых відах нетрадыцыйнай народнай плястыкі, дзе яны выказваюцца самабытным чынам, незалежна ад узораў прафэсійнага мастацтва, і іх творы па вобразна-стылістычных парамэтрах могуць быць аднесены да катэгорыі мастацтва, якое прынята называць «прымітыўным», «наіўным», «інсітным».
Хто надае званьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пастанова аб наданьні статусу «Народны майстар» прымаецца калегіяльна экспэртнай камісіяй, створанай пры Міністэрстве культуры загадам Міністра. Парадак работы экспэртнай камісіі ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з Палажэньнем аб экспэртнай камісіі, зацьверджаным Міністрам культуры.
Пасьведчаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку прыняцьця экспэртнай камісіяй пастановы аб наданьні статусу «Народны майстар» народным майстрам выдаецца пасьведчаньне, узор якога зацьвярджаецца Міністэрствам культуры.
Пасьведчаньне аб статусе «Народны майстар» зьяўляецца дакумэнтам, які прад’яўляецца яго ўладальнікам у адпаведныя органы ўлады для пацьвярджэньня свайго асобага творчага статусу, права на заняцьце творчай дзейнасьцю, навучаньня іншых свайму рамяству, атрыманьня пэўных ільгот, а таксама ў іншыя ўстановы і арганізацыі, куды зьвяртаецца народны майстар з мэтай больш пасьпяховага ажыцьцяўленьня сваёй дзейнасьці.