Мэтад мазгавога штурму
Мазгавы шторм (мэтад мазгавога штурму, мазгавы штурм, мазгавы напад, па-ангельску: brainstorming) — апэратыўны мэтад рашэньня праблемы на аснове стымуляваньня творчае актыўнасьці, пры якім удзельнікам абмеркаваньня прапануюць выказваць як мага большую колькасьць варыянтаў рашэньня, у тым ліку самых фантастычных. Затым з агульнага ліку выказаных ідэяў адбіраюць найболей удалыя, якія могуць быць скарыстаныя на практыцы. Зьяўляецца мэтадам экспэртнага ацэньваньня.
Этапы й правілы мазгавога шторму
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Правільна арганізаваны мазгавы шторм уключае тры абавязковыя этапы. Этапы адрозьніваюцца арганізацыяю й правіламі іх правядзеньня:
- Пастаноўка праблемы. Папярэдні этап. Напачатку гэтага этапу праблема павінна быць выразна сфармуляваная. Адбываецца адбор удзельнікаў штурму, вызначэньне кіроўнага й разьмеркаваньне іншых роляў удзельнікаў у залежнасьці ад пастаўленай праблемы й абранага спосабу правядзеньня штурму.
- Генэрацыя ідэяў. Асноўны этап, ад якога шмат у чым залежыць посьпех (гл. ніжэй) усяго мазгавога штурму. Таму вельмі важна выконваць правілы для гэтага этапу:
- Галоўнае — колькасьць ідэяў. Не рабіце ніякіх абмежаваньняў.
- Поўная забарона на крытыку й любую (у тым ліку дадатную) адзнаку выказваемых ідэяў, бо адзнака адцягвае ад асноўнае задачы й зьбівае творчы настрой.
- Незвычайныя й нават абсурдныя ідэі вітаюцца.
- Камбінуйце й паляпшайце любыя ідэі.
- Групоўка, адбор і адзнака ідэяў. Гэты этап часта забываюць, але менавіта ён дазваляе вылучыць найболей каштоўныя ідэі й даць канчатковы вынік мазгавога штурму. На гэтым этапе, у адрозьненьне ад другога, адзнака не абмяжоўваецца, а наадварот, вітаецца. Мэтады аналізу й адзнакі ідэяў могуць быць вельмі рознымі. Пасьпяховасьць гэтага этапу напроста залежыць ад таго, наколькі "аднолькава" ўдзельнікі разумеюць крытэры адбору й адзнакі ідэяў.
Мазгавыя напады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для правядзеньня нападу звычайна ствараюць дзьве групы:
- удзельнікі, якія прапануюць новыя варыянты рашэньня задачы;
- чальцы экспэртнае камісіі, што апрацоўваюць прапанаваныя рашэньні.
Адрозьніваюць індывідуальныя ды калектыўныя мазгавыя напады.
У мазгавым штурме ўдзельнічае калектыў зь некалькіх адмыслоўцаў і кіроўны. Перад самім сэансам мазгавога штурму кіроўны вырабляе выразную пастаноўку задачы, падлеглае рашэньню. Падчас мазгавога штурму ўдзельнікі выказваюць свае ідэі, накіраваныя на рашэньне пастаўленае задачы, прычым як лягічныя, так і абсурдныя. Калі ў мазгавым штурме бяруць удзел людзі розных чыноў ці рангаў, тое рэкамэндуецца заслухоўваць ідэі ў парадку ўзрастаньня ранжыру, што дазваляе выключыць псыхалягічны фактар «дамовы з начальствам».
Падчас мазгавога шторму, як правіла, спачатку рашэньні не адрозьніваюцца высокаю арыгінальнасьцю, але па сканчэньні некаторага часу тыповыя, шаблённыя рашэньні вычэрпваюцца, і ва ўдзельнікаў пачынаюць узьнікаць незвычайныя ідэі. Кіроўны запісвае ці неяк інакш рэгіструе ўсе ідэі, якія ўзьніклі падчас мазгавога штурму.
Затым, калі ўсе ідэі выказаныя, вырабляецца іх аналіз, разьвіцьцё й адбор. У выніку знаходзіцца максымальна эфэктыўнае й часта нетрывіяльнае рашэньне задачы.
Посьпех
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Посьпех мазгавога шторму моцна залежыць ад псыхалягічнай атмасфэры ды актыўнасьці абмеркаваньня, таму роля кіроўнага ў мазгавым штурме вельмі важная. Менавіта ён можа «вывесьці з тупіку» і ўдыхнуць сьвежыя сілы ў працэс.
Вынаходнікам мэтаду мазгавога штурму лічыцца Алекс Осбарн, супрацоўнік рэклямнае агенцыі BBD&O.
Адным з працягаў мэтаду мазгавога штурму зьяўляецца мэтад сынэктыкі.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэтад мазгавога штурму — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Творчая думка на кароткім ланцужку Койн, Кліфард, Дай / Harvard Business Review Russia / красавік 2008 — падпадзел «Чым можа быць дрэнны мазгавы штурм»