Мэйфлаўарская дамова
Мэйфлаўарская дамова (па-ангельску: Mayflower Compact) — адзін з першых дакумэнтаў Новага Сусьвету.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У час рэлігійных узрушэньняў XVI стагодзьдзя пурытане імкнуліся да рэфармаваньня пануючай у Англіі царквы знутры. Яны патрабавалі, галоўным чынам, каб рытуалы і структура, зьвязаныя з рымскай каталіцкай царквой, былі заменены на больш сьціплыя пратэстанцкія формы веравызнаньня і набажэнства. Іх рэфарматарскія ідэі разбурэньня саюзу царквы і дзяржавы пагражалі падзяліць народ і падарваць аўтарытэт караля, таму, зразумела, яны падвяргаліся ганеньням. У 1607 годзе невялікая група сэпаратыстаў — радыкальная сэкта пурытан, якія не верылі ў магчымасьць рэфармаваньня пануючай царквы — адплылі ў Лэйдэн, Галяндыя, дзе галяндцы гарантавалі ім прытулак. Аднак кальвіністы-галяндцы абмяжоўвалі выкарыстаньне іх працы толькі на нізкааплачваемых, цяжкіх работах. Некаторыя члены кангрэгацыі адчувалі усё большую незадаволенасьць. Таму ў 1620 годзе група лейдэнскіх пурытанаў атрымала ад “Віргінія Кампэні” права на зямлю, і 101 чалавек, з улікам жанчын і дзяцей, адплылі на борце “Мэйфлаўэ” ў Вірджынію. Шторм адштурхнуў іх далёка на поўнач і прымусіў сысьці на бераг у Новай Англіі. Яшчэ на караблі перасяленцы падпісалі дамову “мэйфлаўе”, каб пазбавіцца праблем з кіраўніцтвам, бо было шмат рознагалосьсяў з нагоды стылю жыцьця перасяленцаў па прыбыцьці ў Амэрыку. Майфлаўарская дамова зьяўляецца адным з першых дакумэнтаў краіны, якая пазьней будзе звацца Злучаныя Штаты Амэрыкі. Другі прэзыдэнт ЗША Джон Адамз называў Мэйфлаўарскую дамову 1620 году у ліку папярэднікаў Канстытуцыя ЗША.
Тэкст дамовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]“У імя Госпада Бога. Амэн. Мы, чые імёны напісаны ніжэй, вернападданыя нашага ўшанаванага ўладара, караля Джэймса, па літасьці Божай, караля Вялікай Брытаніі, Францыі і Ірляндыі, абаронцы веры і etc. У славу імя Госпада і распаўсюджаньня хрысьціянскай веры і пашаны караля нашай краіны прадпрымаем падарожжа, каб заснаваць першую калёнію ў паўночнай частцы Вірджыніі. З гэтага моманту ўрачыста і ўзаемна ў прысутнасьці Бога і адзін аднаго складаем дамову і аб’яднаемся ў грамадзянскую палітычную суполку, для лепшага ўпарадкаваньня і падтрымкі вышэйпададзеных мэтаў; на падставе гэтага ўводзіць, складаць і зьбіраць такія справядлівыя і роўныя для ўсіх законы, указы, акты, канстытуцыі і функцыі, якія будуць лічыцца адпаведнымі й зручнымі для ўсеагульнай выгоды Калёніі, якой мы абяцаем належнае падначаленьне і падпарадкаваньне. У сьведчаньні чаго мы падпісваемся нашымі імёнамі ў Кэйп-Кодзе адзінаццатага лістапада ў васемнаццаты год кіраваньня нашага ўладара Англіі, Францыі й Ірляндыі, караля Джэймса, і пяцьдзясят пяты год кіраваньня Шатляндыяй. 1620 год нашай эры”.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Старонка на праекце GUTENBERG.ORG
Мэйфлаўарская дамова — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў