Людвік Вольнік
Лю́двік Во́льнік (па-польску: Ludwik Wolnik; 19 жніўня 1889, Сьлесін — пасьля 1941) — польскі ўрадовец, інжынэр. Бурмістар Баранавічаў і Наваградку.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бацька — Казімер Вольнік. Скончыў аддзяленьне мэханікі Палітэхнікуму ў Кётане. З пачаткам Першай сусьветнай вайны ў 1914 годзе трапіў у расейскі палон. Высланы на Ўрал, пасьля працаваў на будоўлі фабрык у Маскве. У 1916—1918 гадах выконваў абавязкі віцэ-дырэктара фабрыкі Густава Пэлкі (Gustaw Pełka) у Маскве. Тамака ж заснаваў Таварыства Велькапалян (Stowarzyszenie Wielkopolan), дзе працаваў сакратаром.
Пасьля вяртаньня ў Польшчу, працаваў у Міністэрстве публічнай працы. Ваяваў дабраахвотнікам у польска-бальшавіцкай вайне 1920 году.
Пасьля дэмабілізацыі застаўся на Крэсах. Зь ліпеня 1934 году абраны бурмістрам Баранавічаў, пасьля бурмістар у Наваградку. Спрыяў разьвіцьцю прамысловасьці Наваградчыны. Лічыцца заснавальнікам ў 1936 годзе ў Баранавічах прадпрыемства «Kresexport» (250 працоўных), кансэрвы якога экспартаваліся ў Заходнюю Эўропу і ЗША[1][2].
Удзельнічаў у грамадзкім жыцьці, быў сакратаром Лігі паветранай і супрацьгазавай абароны (LOPP) у Наваградку з 1927 году. Удзельнічаў (разам з прэзыдэнтам Масьціцкім) у Камітэце сьвяткаваньня «Дзён Міцкевіча» 3 чэрвеня 1931 году і насыпаньні кургану Міцкевіча.[3] У 1935 годзе выканаўчым камітэце Фундацыі польскага школьніцтва замежжа ў Наваградку.[4]
Арыштаваны НКУС БССР 29 верасьня 1939 году. Асуджаны 4 верасьня 1940 году па 74 УК БССР, як «чалец контрарэвалюцыйнай арганізацыі» на 8 гадоў папраўчых работ. Знаходзіўся ў Суслаўскім ППЛ (Сусловский ИТЛ), Новасыбірскай вобласьці. Вызвалены 2 верасьня 1941 году[5].
Рэабілітаваны пракуратурай Берасьцейскай вобласьці 31 ліпеня 1989 году.