Перайсьці да зьместу

Красавіцкія тэзы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Выступ Леніна з «красавіцкімі тэзамі» з трыбуны петраградзкага Савету рабочых дэпутатаў у красавіку 1917 году

«Красавіцкія тэзы» (па-расейску: Апрельские тезисы) — праграма дзеяньняў расейскіх бальшавікоў пасьля Лютаўскай рэвалюцыі, плян барацьбы за перарастаньне буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў рэвалюцыю сацыялістычную шляхам захопу ўлады, прапанаваны Ўладзімерам Леніным пасьля вяртаньня ў Петраград з эміграцыі ў красавіку 1917 году. Тэкст тэзаў быў апублікаваны ў бальшавіцкай газэце «Праўда» 7 красавіка 1917 году.

«Красавіцкія тэзы» ўключаюць у сябе 10 палажэньняў:

  • Рэзкая крытыка вайны;
  • Буржуазна-лібэральная стадыя рэвалюцыі скончана і варта пераходзіць да рэвалюцыі сацыялістычнай, падчас якой улада павінна перайсьці ў рукі пралетарыяту і бяднейшага сялянства;
  • Аніякай падтрымкі Часоваму ўраду;
  • Неабходнасьць супрацьстаяньня блёку дробнабуржуазных апартуністычных элемэнтаў пры адначасовым прасоўваньні лёзунгу аб неабходнасьці пераходу ўсёй дзяржаўнай улады да Саветаў рабочых дэпутатаў;
  • Непарлямэнцкая рэспубліка, а рэспубліка Саветаў рабочых, батрацкіх і сялянскіх дэпутатаў па ўсёй краіне, зьнізу даверху, са скасаваньнем паліцыі, войска і бюракратычнага апарату і замене сталага войска ўсеагульным узбраеньнем народу;
  • Аграрная рэформа — канфіскацыя ўсіх зямель дваранства і нацыяналізацыя ўсіх зямель у краіне;
  • Банкаўская рэформа — зьліцьцё ўсіх банкаў краіны ў адзін агульнанацыянальны банк, падкантрольны Саветам рабочых дэпутатаў;
  • Кантроль Саветаў за грамадзкай вытворчасьцю і разьмеркаваньнем прадуктаў;
  • Партыйныя задачы РСДРП (б), у тым ліку перайменаваньне ў Камуністычную партыю;
  • «Абнаўленне інтэрнацыяналу».

Публікацыю саміх тэзаў Ленін суправадзіў кароткай прадмовай і прасторным камэнтарам, які сканчаецца крытыкай Пляханава. Фактычна ў «Красавіцкіх тэзах» былі сфармуляваны асновы ленінізму. Яны сталі праграмай дзеяньняў бальшавікоў у дакастрычніцкі пэрыяд, служылі ідэалягічнай базай для дзейнасьці камуністаў пасьля захопу ўлады і абгрунтаваньнем іхнай дыктатуры ў СССР. Вывучэньне «Красавіцкіх тэзаў» у савецкі час было важнай часткай ідэалягічнай адукацыі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]