Камісія паліцыі Вялікага Княства Літоўскага
Камісія паліцыі Вялікага княства Літоўскага — цэнтральны калеґіяльны орган улады ВКЛ па падтрымцы грамадзкай бясьпекі й парадку. Створаны Гарадзенскім соймам 1793 году адначасова з Кароннай камісіяй паліцыі замест Камісіі паліцыі абодвух народаў. У склад камісіі павінен быў уваходзіць 1 сэнатар і 5 прадстаўнікоў ад шляхты, выбраных на сойме; яе пасяджэньні мусілі адбывацца пад старшынствам вялікага або надворнага маршалка ВКЛ. У камісію былі выбраны Мікалай Радзівіл (кашталян віленскі), В. Гарэцкі (войскі віленскі), Стэфан Валовіч (падкаморы рэчыцкі), С. Корсак, М.Мараўскі, А.Казакоўскі. Вялікі маршалак ВКЛ Л.Тышкевіч мала ўдзельнічаў у працы камісіі, на яе пасяджэньнях звычайна старшынстваваў Валовіч. Была падсправаздачная сойму, падначалена Дэпартамэнту паліцыі Пастаяннай Рады. Камісіі падпарадкоўваліся мясцовыя камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя. У задачы камісіі ўваходзіў нагляд над дзейнасьцю мясцовай адміністрацыі (было фактычна скасавана самакіраваньне гарадоў), справы «бясьпекі, спакою й публічнай выгоды», цэнзура, нагляд над шпіталямі, барацьба з бадзяжніцтвам. У апарат камісіі ўваходзілі пісар, судовы і эканамічны рэгенты, ґенэральны сакратар, пленіпатэнт, архівіст, касір, геамэтар. Камісія пачала працу ў Горадні 28 сьнежня 1793 году. Займалася арґанізацыяй новых гарадзкіх маґістратаў, упарадкаваньнем асьвятленьня й гандлю ў Вільні, рэґуляваньнем коштаў, шпітальнай справай і інш. Дзейнічала да пачатку паўстаньня 1794 году, да якога далучыліся амаль усе яе члены.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Zahorski, A. Centralne instytucje policyjne w Polsce w dobie rozbiorów. — Warszawa, 1959.
- Анішчанка, Я. Камісія паліцыі Вялікага княства Літоўскага / Яўген Анішчанка // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 тамах / Рэдкалегія: Г.П.Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]; Навуковыя кансультанты: Я.К.Анішчанка [і інш.]. Том 2: К — Я. — 2-е выданне. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — С. 26.