Землятрус у Скоп’і

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Эпіцэнтар землятрусу
Гадзіньнік на старым будынку вакзала Скоп’я.
Супрацоўнікі амэрыканскага вайсковага шпіталя ў Скоп’е.

Землятрус у Скоп’е (па-македонску: Скопски земјотрес), сталіцы Сацыялістычнай Рэспублікі Македоніі. Магнітуда штуршка склала 6,9 па шкале Рыхтара[1] адбылося 26 ліпеня 1963 года і разбурыла большую частку гораду. У выніку землятрусу 1 070 чалавек загінулі, каля 3 000 атрымалі раненьні, прыкладна 75% жылых дамоў былі разбураны ці сур’ёзна пашкоджаны[2][3].

Месца пачатку землятрусу знаходзілася на адной лініі разлому з Італьянскай і Францускай Рыўерай, дзе за некалькі дзён да землятрусу людзі адчувалі слабыя штуршкі. Інтэнсіўнасьць штуршкоў у эпіцэнтры склала 9 балаў. Усьлед за першым штуршком пачаўся афтэршок меншай сілы. Усяго за суткі было зарэгістравана 84 штуршкі[1].

Адразу пасьля землятрусу каля васьмідзесяці краін скіравалі ў Югаславію сваіх ратаваньнікаў, фінансавую і гуманітарную дапамогу. 14 кастрычніка таго ж году Генэральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю № 1882, у якой адзначала, што «аднаўленьне Скоп’я стала сапраўдным знакам сяброўства і братэрства народаў»[4].

Сэйсьмічнае становішча ў рэгіёне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Поўдзень Македоніі, рэгіён ракі Вардар, вядомы як зона высокай сэйсьмічнай актыўнасьці. У гісторыі Скоп’я да XX стагодзьдзя да гэтага былі вядомыя два разбуральныя землятрусу: у 518 годзе н. э. і ў 1555 годзе. І ўсё ж, пры плянаваньні гораду і будаўніцтве будынкаў дадзеныя пра сэйсьмічную небясьпеку ніколі не ўлічваліся[2].

Землятрус[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Штуршкі адбыліся раніцай 26 ліпеня і працягваліся 20 сэкундаў[5]. Дакладны час найдужэйшага штуршка зафіксаваў гадзіньнік на будынку вакзалу Скоп’я, які спыніўся а 5:17 раніцы[3]. Агулам былі разбураны ці моцна пашкоджаны каля 75% жылых дамоў, амаль усе школы і лякарні, а таксама будынкі вакзала і паштамту, горад апынуўся адрэзаны ад навакольнага сьвету. Таксама былі зьнішчаны многія адміністрацыйныя будынкі, у тым ліку штаб-кватэра Цэнтральнага камітэту Кампартыі Македоніі, мэрыя і Нацыянальны банк. Прамысловым будынкам была нанесеная значна меншая шкода, бо яны знаходзіліся далёка ад эпіцэнтра, а іх канструкцыя дазволіла вытрымаць штуршкі[2].

Больш за ўсё пацярпелі пабудовы з цэглы, а іх абвалы справакавалі найбольшую колькасьць ахвяр[2].

Ратавальная апэрацыя і аднаўленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адразу пасьля землятрусу вайскоўцы, атрады грамадзянскай абароны і мясцовыя жыхары ўзяліся за разбор завалаў. Амаль адразу пасьля землятрусу пачалася міжнародная кампанія па ліквідацыі яго наступстваў. У аднаўленьні Скоп’я прымалі ўдзел каля 80 краін, памер ахвяраваньняў склаў суму, роўную 37 000 000 дынараў, таксама былі сабраны рэчы на суму 121 000 000 дынараў[2]. Для некалькіх дзесяткаў тысяч чалавек, якія страцілі жытло, у першыя дні былі адкрыты намётавыя мястэчкі, а цягам году пабудаваны часовыя драўляныя дамы.

Аднаўленьне гораду адбывалася ў 1960-х гадах пад кіраўніцтвам японскага архітэктару Кэндзо Тангэ.

Знакавай падзеяй стала адкрыцьцё ў 1970 годзе ў Скоп’і Музэю сучаснага мастацтва, значную частку калекцыі якога склалі творы мастацтва, падораныя іншымі краінамі пасьля землятрусу. Сам будынак для музэю быў спраектаваны польскімі архітэктарамі і стаўся падарункам ураду Польшчы[6][7]. Адным з галоўных экспанатаў новага музэю стала карціна Пабла Пікаса «Галава кабеты», падараваная гораду мастаком[8][9].

Крынціцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]