Перайсьці да зьместу

Гісторыя пра Атылу

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гісторыя пра Атылу
Исторыя о Атыли короли угоръскомъ
Жанр: аповесьць
Аўтар: Міклаш Олаг
Мова арыгіналу: старабеларуская мова
Публікацыя: XVI стагодзьдзе
Пераклад на беларускую: 1574

«Гісто́рыя пра Аты́лу» — помнік перакладной літаратуры Беларусі 2-й паловы XVI стагодзьдзя, беларускі пераклад гістарычнай аповесьці вугорскага пісьменьніка-гуманіста Міклаша Олага, зроблены ў асяродзьдзі шляхты з польскага друкаванага выданьня 1574 року. Зьбераглася ў адзіным сьпісе, т. зв. Пазнанскім зборніку (каля 1580 року), які паходзіць з Наваградчыны. У творы падаюцца падзеі V стагодзьдзя, эпохі «вялікага перасяленьня народаў», апісваюцца ваенныя паходы гунскіх плямён пад кіраўніцтвам «біча Божага» Атылы ў Італію і Францыю, асады гарадоў, славутая бітва на Каталаўскіх палёх і інш., раскрываецца гераізм эўрапейскіх народаў у барацьбе супраць нашэсьця барбараў. Атыла паказаны як выдатны палкаводзец, правадыр гунаў, якія атаясамліваюцца з вуграмі (вугорцамі), як станоўчы герой эўрапейскай гісторыі. У творы адлюстраваныя погляды перадавых вугорскіх колаў эпохі Адраджэньня, якія перад тварам турэцкай небясьпекі марылі пра мудрага і магутнага правадыра нацыі, лічылі гунаў сваімі продкамі, у патрыятычна-асьветніцкіх мэтах імкнуліся ўзнавіць гераічныя старонкі далёкай мінуўшчыны свайго народа. Пераклад гэтай гістарычнай аповесьці на беларускую мову сьведчыць пра вялікую цікавасьць на Беларусі ў XVI стагодзьдзі да твораў гісторыка-гераічнай тэматыкі, да гісторыі іншых краін і народаў. Беларускі пераклад выкананы сьвецкім стылем старабеларускай мовы, вольным ад архаічных стараславянскіх элемэнтаў.

  • Веселовский, А. Н. Из истории романа и повести. Вып. 2. — СПб., 1888.
  • Чамярыцкі В. Гісторыя пра Атылу // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
  • Zoltán, A. Oláh Miklós Athila című munkájának XVI. századi lengyel és fehérorosz fordítása / András Zoltán. — Nyíregyháza: Nyíregyházi Főisk. Ukrán és Ruszin Filológiai Tansz.; [Veszprém]: VE Tanárképző Kara; [Budapest]: ELTE Ukrán Filológiai Tansz., 2004. — (Dimensiones culturales et urbariales Regni Hungariae; 6).