Перайсьці да зьместу

Гутаркі ўдзельніка:Bacian/Абгрунтаваньне неўжываньня слова рок

Змест старонкі недаступны на іншых мовах.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ня буду грузіць карыстальнікаў шматлікімі, у тым ліку за вушы прыцягнутымі спасылкамі, як гэта робіць пан Ляхновіч [1]. Асабліва добра дэманструе нікчэмнасьць ягоных довадаў "часопіс" «Літва», раю паглядзець: [2]. Можаце зразумець самі, які павінен быць дэфіцыт аргумэнтаў, калі ў ход ідзе такі маргінэз. Хачу толькі зьвярнуць увагу на тое, што апанэнт сьвядома і нахабна скажае сапраўдны стан рэчаў, сьцвярджаючы, што слова "рок" ў мінулым (хаця зрэшты, які ж гэты аргумэнт нават у выпадку яго справядлівасьці, калі гаворка вядзецца пра сучасную мову?) і нават зараз (!) стала ўжываецца ў беларускай мове і з'яўляецца агульнаўжываным. Мяркую, кожны сам можа прыгадаць, колькі разоў у жыцьці ён сустракаў слова "рок" у беларускамоўным тэксьце. Упэўнены, кожнаму хопіць пальцаў адной рукі, каб пералічыць гэтыя выпадкі.

Да таго ж, калі прааналізаваць прыведзеныя панам Ляхновічам тэксты (дакладней, падмацаваныя спасылкамі, бо на галаслоўныя адсыланьні да слоўнікаў Інбелкульту дый іншых крыніц ня бачу сэнсу адказваць), то можна лёгка ўпэўніцца, што гэта альбо тэксты часоў, калі ўласна тарашкевіца яшчэ не існавала, альбо мастацкія творы гістарычнай ці "этнаграфічнай" накіраванасьці. Прычым, падкрэсьлю, гэтыя творы з ужываньнем (ці, часьцей, адзінкавым ужываньнем у рамках тэксту) слова "рок" складаюць сотыя долі адсотку ад агульнай колькасьці беларускамоўных твораў, а само ўжываньне, відавочна, з'яўляецца мастацкім прыёмам. Што датычыцца слоўніка Байкова і Некрашэвіча дый іншых, то ва ўсіх слоўніках зьмяшчаецца мноства слоў, у тым ліку такіх, якія з'яўляюцца рэдкаўжыванымі, таму наяўнасьць слова ў слоўніку 1925-га году наўрад ці можна лічыць абгрунтаваньнем ягонага сучаснага ўжываньня. Напрыклад, у тым жа вышэйузгаданым слоўніку, калі паглядзець, можна знайсьці мноства словаў, якія зусім не ўжываюцца ў нашы дні. Сьцверджаньне ж, быццам слова "рок" актыўна ўжываецца беларускімі эмігрантамі, базуецца толькі на безапеляцыйным выказваньні малавядомага пісьменьніка Ласкова, прагляд асноўных эмігранцкіх сайтаў гаворыць аб адваротным (ЗБС, Рада БНР, беларуска-амерыканскія суполкі).

Што ж датычыцца ўзгаданага ў першым абзацы Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы 2006 году, то гэты "аргумэнт" наогул працуе супраць аргумэнтатара, по наўпрост кажа аб тым. што гэта слова - гарадзенскі дыялектызм (Рок — год (Нас., Мал., Бес., Сцяшк., Сцяц., Нар. Гом., Байк. і Некр., Скарбы, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.). Спадарства, гэта ж агульнабеларуская вэрсія Вікіпэдыі, недарэчна ўжываць тут дыялектызмы, да таго ж безнадзейна састарэлыя!

Такім чынам, лічу, што абсалютна неабгрунтавана і неправамоцна ужываць слова на старонках гэтай вэрсіі Вікіпэдыі, тым больш у масавым парадку, як гэта робіць пан Ляхновіч. Спадзяюся, што грамада зробіць справядлівы выбар падчас галасаваньня. Дзякую за ўвагу.--Bacian 14:46, 23 студзеня 2010 (UTC)

Пачаць абмеркаваньне пра старонку «Удзельнік:Bacian/Абгрунтаваньне неўжываньня слова рок»

Пачаць абмеркаваньне