Белая рэвалюцыя
Бе́лая рэвалю́цыя (па-пэрсыдзку: انقلاب سفید) ці Рэвалюцыя ша́ха і людзе́й (па-пэрсыдзку: انقلاب شاه و مردم)[1] — сэрыя далёкасяжных рэформаў у 1963—1973 роках, праведзеных шахам Магамэдам Рэзэ Пэглеві. Рэформы значна мадэрнізавалі Імпэрскі Іран, забясьпечылі пераразьмеркаваньне прыбыткаў(d) для працоўнага клясу, выбуховы эканамічны рост цягам дзесяцігодзьдзяў, хуткую урбанізацыю і дэканструкцыю фэўдальных традыцый[2].
Дзеля ўхвалы рэформаў ў пачатку 1963 року быў праведзены рэфэрэндум(d), 99,93% удзельнікаў якога выказаліся «за». Апазыцыйныя сілы байкатавалі рэфэрэндум[3].
Рэформы характарызаваліся высокімі тэмпамі эканамічнага росту, вялікімі інвэстыцыямі ў інфраструктуру, значным падвышэньнем ўзроўню багацьця і пісьменнасьці на душу насельніцтва. Гэта заклала аснову будучай вайсковай геапалітычнай моцы Ірану ў рэгіёне. Рэвалюцыя складалася зь зямельнай рэформы; продажу асобных дзяржаўных заводаў дзеля фінансаваньня рэформаў; будаўніцтва разгалінаванай сеткі дарог, чыгунак і авіяшляхоў; вялікай колькасьці плацінаў і арашальных праектаў; пазбаўленьня ад такіх захворваньняў, як малярыя; заахвочваньня і падтрымкі прамысловасьці; наданьня жанчынам права галасаваць, быць абранымі, займаць юрыдычныя пасады; нацыяналізацыі лясоў і пашаў; разьвіцьця пісьменьнасьці і аховы здароўя ў аддаленых вёсках; стварэньня схемаў удзелу працаўнікоў у прыбытках прадпрыемстваў. У гэты пэрыяд Магамэд Рэзэ Пэглеві намагаўся разьвіваць шматвэктарныя замежныя стасункі і навязаў супрацоўніцтва з Савецкім Саюзам ды ўсходнеэўрапейскімі дзяржавамі.
У выніку рэформаў значна вырас даход на душу насельніцтва, а прыбыткі аж продажу нафты сталі асноўнай крыніцай інвэстыцыяў у прамысловасьць. Мільёны працоўных сем’яў здолелі атрымліваць навучаньне, і ўзровень пісьменнасьці іранцаў павялічыўся ўдвая. Амаль 90% здольнікаў(d) сталі земляўласьнікамі.
Рэформай былі незадаволеныя арыстакраты і буйныя земляўласьнікі. Наўзамен ім прыйшлі драбнейшыя, аднак у цэлым сяляне не атрымалі зямлю. Надзелы надалі толькі палове зь іх, аднак пераважна недастатковай плошчы дзеля самазабесьпячэньня. Невялікая частка сялянаў сталі фэрмэрамі, а рэшта былі вымушаныя прадаць сваю зямлю за долю ў дзяржаўных каапэратывах. Большасьць жа ўвогуле не атрымалі ніякіх надзелаў і падаліся ў найміты альбо зьехалі ў гарады. Таксама шахавы рэформы пераацанілі значнасьць неэфэктыўных галінаў прамысловасьці, і міграцыя ў гарады перавысіла патрэбы над прапановай.
Другой незадаволенай часткай грамадзтва стала шыіцкае духавенства, якое баялася паслабленьня ўласнага ўплыву ў адукацыі ды сямейным праве, а таксама сярод сялянства. Найбольш адкрыта пратэставаў супраць Белай рэвалюцыі і шаха ў прыватнасьці аятала Рухала Мусаві Хамэйні. У прамове ў чэрвені 1963 року ён рашуча асудзіў здушэньне студэнцкіх пратэстаў і ўпершыню адкрыта абвінаваціў асабіста шаха. Пасьля гэтага ён быў вымушаны зьехаць з краіны, аднак гэта не аслабіла ягонага ўплыву ў Іране.
З ростам карупцыі ў дзяржаве папулярнасьць Рухалы Хамэйні яшчэ болей узрасла. Ён стаў заўзятым апанэнтам рэформаў і праціўнікам шаха, заклікаючы да ягонага зрынаньня. Рэвалюцыя 1979 року спыніла рэформы і прывяла Хамэйні на пасаду кіраўніка дзяржавы.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Abbas Amanat Iran: A Modern History. — Yale University Press, 2017. — С. 584. — ISBN 978-0300231465
- ^ 1979: Iran and America. Encyclopedia Britannica.
- ^ Moshen M. Milani The Making of Iran's Islamic Revolution. — Boulder, Colorado: Westview Press, 1988. — С. 85. — ISBN 978-0-8133-7293-8