Перайсьці да зьместу

Беларускі абласны камітэт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Беларускі Абласны Камітэт пры Ўсерасейскім Савеце Сялянскіх Дэпутатаў, БАК дзейнічаў у лістападзе 1917 — 1918 гг. Створаны ў Петраградзе з дэлегатаў ад беларускіх губэрняў на Ўсерасейскім зьезьдзе сялянскіх дэпутатаў, членаў Устаноўчага сходу, а таксама з прадстаўнікоў арміі і флёту. 31 студзеня 1918 г. Уладзімер Ленін падпісаў дэкрэт аб утварэньні Белнацкама. Камісарыят пачаў сваю дзейнасьць 14 лютага, празь дзень пасьля падпісаньня дэкрэту[1]. 24 лютага адбылося першае пасяджэньне яго калегіі.

У Белнацкам уваходзілі Яўсей Канчар (старшыня), М. Гольман і П. Караткевіч (намесьнікі старшыні), А. Кусе-Цюз (сакратар), Ф. Замойскі, Л. Каляда, С. Малашчыцкі, Дз. Сабалеўскі, В. Селіванаў і інш. (усяго 70 чал.).

У дэклярацыі ад 30 лістапада 1917 г. выступіў за аўтаномію Беларусі ў складзе Расейскай Фэдэратыўнай Рэспублікі. Імкнуўся ўзначаліць беларускі нацыянальны рух, «канчатковай мэтай «Белнацкама» называлася «скліканьне Ўсебеларускага зьезду для выяўленьня волі народа беларускага»[2]. Наладзіў кантакты з Наркамнацам, атрымліваў падтрымку ад СНК на чале з У. Леніным. Першы Ўсебеларускі зьезд, скліканы разам зь Вялікай Беларускай Радай, распушчаны 17(30).12.1917 паводле пастановы СНК Заходняй вобласьці і фронту. БАК выдаў працы Я. Карскага «Беларуская мова» і «Этнаграфічная карта беларускага племя» (1918). Я. Канчар, пісаў, што на працягу студзеня — красавіка 1918 г. БАК зрабіў спробу скліканьня II Усебеларускага зьезда, уступіўшы дзеля гэтага ў перамовы са Сталіным, і атрымаў яго згоду. Аднак неспрыяльны для беларускага руху ход падзеяў прымусіў «часова» адмовіцца ад гэтай думкі[3]. Некаторыя яго члены сталі супрацоўнікамі Беларускага нацыянальнага камісарыяту.

Першапачаткова акрамя кіраўніцтва (старшыня, ягоны намесьнік, галоўны сакратар, якія стваралі адказную калегію, казначэй) працавала шэраг аддзелаў па напрамках дзейнасьці. Іх кіраўнікі складалі пашыраную распарадчую калегію.

Аддзелы:

  • культурна-асьветніцкі
  • юрыдычны
  • статыстычны
  • бежанскі
  • ваенны
  • выдавецкі
  • працы
  • агульнага справаводзтва
  1. ^ У сувязі з пераходам на грыгарыянскі календар наступным пасьля 31 студзеня днём стала 13 лютага.
  2. ^ Лазько, Р. Белнацкам і Наркамнац: першы прыкры вопыт узаемаадносін (студзень — чэрвень 1918 г.) / Рыгор Лазько // Беларускі гістарычны часопіс. — 2012. — № 2. — С. 7.
  3. ^ Канчер, Е. Из истории общественных, национальных и революционных движений белорусов // Неман. — 1993. — № 1. — С. 142.