Перайсьці да зьместу

Асобны корпус жандармаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Расейскія жандармы. 1890 год

Асобны корпус жандармаў (па-расейску: Отдельный корпус жандармов) — ваенная паліцыя ў Расейскай імпэрыі, створаная ў 1836 годзе на аснове жандармскіх дывізіёнаў корпуса ўнутранай варты і жандармскага палка. Уся краіна была падзеленая на некалькі (спачатку пяць, потым восем) жандармскіх акругаў, на чале якіх стаялі вышэйшыя жандармскія чыны. Акругі, у сваю чаргу, распадаліся на аддзяленьні. На аддзяленьне прыходзілася звычайна 2—3 губэрні; начальнікамі прызначаліся жандармскія штаб-афіцэры.

У 1880 годзе Асобны корпус жандармаў пераданы ў падпарадкаваньне Міністэрству ўнутраных справаў Расейскай імпэрыі. Указ 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882 году захаваў за міністрам унутраных справаў званьне шэфа жандармаў і значэньне камандуючага ўсімі ўпраўленьнямі і часьцямі корпуса жандармаў (за выключэньнем часьцей, якія знаходзяцца пры вайсковых акругах), непасрэднае кіраваньне корпусам даручыў аднаму з таварышаў міністра, загадчыку паліцыяй, з найменьнем апошняга камандзірам асобнага корпуса жандармаў. Гэты камандзір, у страявым, інспэктарскім і ваенна-судовым дачыненьні, карыстаўся правамі і ўладай камандуючага войскамі вайсковае акругі; па страявой частцы ён дзейнічае праз штаб корпуса, а па прадмэтах, якія адносяцца да выяўленьня і дасьледаваньня злачынстваў — праз дэпартамэнт паліцыі міністэрства ўнутраных справаў.