Шэльфавы ледавік Роса
Шэльфавы ледавік Роса (па-ангельску: Ross Ice Shelf) — найвялікшы шэльфавы ледавік ў Антарктыдзе, разьмешчаны ў зоне Роса, выдаецца ў мора Роса паміж Зямлёй Мэры Бэрд (паўвостраў Эдуарда VII) на захадзе і Зямлёй Вікторыі (востраў Роса) на ўсходзе. Мае плошчу каля 487 000 км². Працягласьць з поўдня на поўнач складае каля 850 км, з усходу на захад — каля 800 км.
Ледавік быў адкрыты Джэймзам Росам у часе сваёй экспэдыцыі ў студзені 1841 року і, паколькі ён не даваў праплысьці караблям дасьледчыкаў далей на поўдзень, яго назвалі Ледзяны бар’ер Вікторыі (у гонар ангельскай каралевы), але пасьля яго назва зьмянілася на Ледзяны бар’ер Роса ў гонар яго першаадкрывальніка.
У паўднёва-ўсходняй частцы ледавіка на глыбіні 800 мэтраў пад лёдам месьціцца возера Ўіланз[1], якое населена мікраарганізмамі, які выкарыстоўваюць для сваёй жыцьцядзейнасьці вуглякіслы газ[2].
Жыўленьне ледавіку адбываецца за кошт спаўзаньня ледавіковых мас з прылеглых да мора частак матэрыка і часткова за кошт сьнегу, які выпадае на саму паверхню ледавіка. Сярэдняя хуткасьць руху ўсходняй часткі ледавіка складае 800 м/рок, заходняй — 1500 м/рок (ад 1,5 да 3 м у дзень). З часам лёд на ўскрайку ледавіка адколваецца, ўтвараючы айсбэргі, якія выносяцца потым плынямі ў акіян. Самы вялікі з зарэгістраваных айсбэргаў меў плошчу 31 080 км² (да прыкладу: плошча Бэльгіі складае 30 528 км²)
Структура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ледавік мае трохкутную форму, на поўначы абрываецца ў мора Роса стромкай сьцяной, якая расьцягнулася на 600 км і мае вышыню ад 15 да 50 м над паверхняй вады. Таўшчыня лёду складае ад 150—200 м ў вонкавага краю і да 700 м у частцы каля паверхні сушы. Ледавік знаходзіцца на плаву, у выніку чаго ўздымаецца і апускаецца пад узьдзеяньнем прыліваў і адліваў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шэльфавы ледавік Роса — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў