Пальміра (атол)
Пальмі́ра (па-ангельску: Palmyra Atoll) — невялікі незаселены атол у паўночнай частцы Ціхага акіяна, на поўдзень ад Гаваяў. Складаецца з 50 каралавых выспачак агульнай плошчай 12 км². Даўжыня берагавой лініі налічвае 14,5 км. Большасьць выспачак парослая пальмавымі дрэвамі. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў на выспах складае 4500 мм штогод, сярэднегадавая тэмпэратура вагаецца вакол 30 °C.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выспа была адкрытая ў 1798 годзе, але першы чалавек тут высадзіўся толькі ў 1802 годзе, калі каля атола разьбіўся карабель «Пальміра». У першай палове ХІХ стагодзьдзя на атоле былі спробы пачаць здабычу гуана, але аказалася што буйных радовішчаў тут няма.
У 1862 годзе гавайскі кароль Камэамэа ІV загадаў заняць атол і 15 траўня гэтага ж году атол быў афіцыйна далучаны да Гавайскага каралеўства. Потым Пальміра трапіла ў прыватную ўласнасьць, зьмяніўшы некалькі ўладальнікаў. На атол пачала прэтэндаваць і Вялікабрытанія. У канцы ХІХ стагодзьдзя адбыліся спробы брытанскай калянізацыі, яле брытанскае паселішча праіснавала толькі зь верасьня 1885 да жніўня 1886 году.
У 1898 годзе Пальміра разам з Гаваямі была анэксаваная Злучанымі Штатамі Амэрыкі. З гэтага часу (акрамя часу Другой сусьветнай вайны) атол знаходзіўся ў прыватнай уласнасьці розных людзей і фірмаў да нашых дзён.
У 1940 годзе атол перайшоў пад кіраўніцтва Вайскова-марскіх сілаў ЗША, якое арганізавала тут базу марской авіяцыі. З гэтай базы стартавалі самалёты якія ажыцьцяўлялі партуляваньне Ціхага акіяна. Пасьля заканчэньня вайны, у 1947 годзе Пальміру вярнулі былым уладарам. Пасьля пераўтварэньня Гаваяў у амэрыканскі штат у 1959 годзе, Пальміра, якая да гэтага часу адносілася да Тэрыторыі Гаваяў, быў выдзелены ў асобную адміністрацыйную адзінку.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пальміра (атол) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў