Палата прадстаўнікоў ЗША
Палата прадстаўнікоў ЗША (па-ангельску: The United States House of Representatives) — ніжняя палата Кангрэсу ЗША. У ёй прадстаўлены кожны штат прапарцыйна колькасьці насельніцтва. Колькасьць месцаў у палаце нязьменная і складае 435, хоць Кангрэс мае права зьмяняць колькасьць месцаў. Кожны прадстаўнік штату займае сваё месца на працягу двухгадовай кадэнцыі і можа быць пераабраны неабмежаваную колькасьць разоў. Кіраўніком палаты зьяўляецца сьпікер, які абіраецца сябрамі палаты.
Складаньне і паўнамоцтвы кангрэсу акрэсьленыя ў першым артыкуле Канстытуцыі ЗША. Пры гэтым не выкарыстоўваюцца паняцьці верхняя і ніжняя палаты. Асноўнай функцыяй Палаты зьяўляецца прыняцьцё фэдэральных законаў, гэта значыць такіх законаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі ўсіх штатаў. Білі, прынятыя ў Палаце, таксама праходзяць абмеркаваньне ў Сэнаце і візаваньне прэзыдэнтам ЗША, перш чым стануць законам.