Глеба
Глеба — прыроднае ўтварэньне, якое складаецца з генэтычна зьвязаных гарызонтаў, якія фармуюцца ў выніку пераўтварэньня павярхоўных пластоў літасфэры пад узьдзеяньнем вады, паветра і жывых арганізмаў. Гэтыя павярхоўныя пласты літасфэры называюцца глебаўтваральнай пародаю. Склад глебаўтваральнай пароды – пясчаны, супясчаны, сугліністы, гліністы, тарфяны – вызначае многія ўласьцівасьці глебы.
Працэс утварэньня глебы з глебаўтваральнай пароды называецца глебаўтваральным працэсам. Асноўнымі такімі працэсамі на Беларусі зьяўляюцца падзолісты, дзярновы, балотны і бураземны.
Падзолісты працэс патрабуе кіслага асяродзьдзя глебы і дастатковай колькасьці ападкаў. Характэрны для лясной зоны Эўропы, асабліва для яловых лясоў. У гэтых умовах шмат няўстойлівых мінэралаў разбураецца, а прадукты іх распаду зь верхняй часткі глебы вымываюцца ўніз. У выніку адразу пад верхнім гумусавым слоем фармуецца бялёсы гарызонт, складзены большай часткай з крэменязёму.
Дзярновы працэс патрабуе шчыльнага травянога покрыва, можа таксама адбывацца ў лясох на карбанатных пародах. Пры гэтым падчас раскладаньня арганічнага рэчыва утвараюцца нерастваральныя ў вадзе солі гумінавых кісьлін – гуматы. Яны спрыяюць назапашваньню ў глебе спажыўных рэчываў і ўтварэньню зярніста-камякаватай структуры глебы. Рэакцыя асяродзьдзя захоўваецца блізкай да нэйтральнай.
Балотны працэс адбываецца, калі вільгаці замнога, а кіслароду замала. Жалеза пераходзіць з трохвалентнай формы ў двухвалентную, а раскладаньне арганічнага рэчыва ажыцьцяўляецца анаэробнымі бактэрыямі. У скрайніх формах працэс вядзе да ўтварэньня магутнага тарфянога гарызонту.
Бураземны працэс найбольш характэрны для шыракалістых лясоў. Прыводзіць да назапашваньня ў верхняй частцы глебы калоідна-гліністых фракцый, узбагачаных кальцыем, магніем і жалезам.
Глеба складаецца з цьвёрдай, вадкай (глебавы раствор), газападобнай і жывой (фаўна і флёра) частак. Найважнейшай прыкметай глебы зьяўляецца ўрадлівасьць.
Геаграфічнае распаўсюджваньне глебаў на раўнінах падпарадкаванае закону шыротнай занальнасьці, а ў горах — вышыннай паяснасьці. Разам з тым у разьмеркаваньні глебавага полагу праяўляюцца вызначаныя рысы інтразанальнасьці і азанальнасьці.
У сельскай гаспадарцы глеба — асноўны сродак вытворчасьці і найважнейшы аб'ект працы.
На глебавай мапе Беларусі вылучана 27 асноўных відаў глебы.[1]
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ У.Л. Фядотаў, А.М. Цытлёнак «Мінералы, горныя пароды і глебы роднага краю», Мн, 1987, с. 66