Перайсьці да зьместу

Славамір

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Славамер»)
Славамір
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся IX стагодзьдзе
Памёр IX стагодзьдзе
Дынастыя Мойміравічы

Сла́вамір (па-славацку: Slavomír; IX стагодзьдзе) — вялікамараўскі князь з дынастыі Мойміравічаў, які некаторы час быў валадаром Вялікай Маравіі.

У 870 годзе кароль Усходне-Франкскага каралеўства Людовік II падтрымаў паўстаньне Сьвятаполка I супраць свайго дзядзькі і сюзарэна Расьціслава, князя Вялікай Маравіі. Расьціслаў быў схоплены, перададзены франкам і асьлеплены. Аднак франкі вырашылі захапіць і ўсходнюю частку краіны, якую Сьвятаполк хацеў для сябе. Пасьля пратэсту Сьвятаполка яны паланілі яго і паспрабавалі заваяваць ўсю краіну.

Гэтая спроба прывяла да паўстаньня, узначаленага князем Славамірам, якога абралі новым кіраўніком Вялікай Маравіі. Франкі хутка вызвалілі свайго былога хаўрусьніка Сьвятаполка і паслалі яго з моцнымі баварскімі войскамі ў мараўскія землі. Нягледзячы на вялікія падарункі і абяцаньні ад францкага караля, Сьвятаполк таемна зьвязаўся са Славамірам, які падпарадкаваўся законнаму князю. Сьвятаполк прыняў камандаваньне над войскамі Вялікай Маравіі, напаў на баварскае войска і пасьля ўпэўненай перамогі вызваліў ўсю краіну.