Перайсьці да зьместу

Бактэрыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Бактэрыя»)
Бактэрыі
Клясыфікацыя
НадцарстваБактэрыі
Бінамінальная намэнклятура
Bacteria

Бактэ́рыі (па-старажытнагрэцку: βακτήριον — «пруток») — дамэн (надцарства) пракарыётных (бязьядзерных) мікраарганізмаў, часьцей за ўсё аднавузавых арганізмаў. Звычайна маюць даўжыню ў некалькі мікрамэтраў, а таксама розную форму — ад сфэраў да палачак і сьпіраляў. Звычайна ў адным граме глебы ўтрымліваецца 40 мільёнаў бактэрыяльных вузаў і каля мільёну ў мілілітры прэснай вады, наогул на Зямлі налічваецца каля пяці нанільёнаў (5×1030) бактэрыяў[1].

Для бактэрыяў характэрная наяўнасьць вузавай сьценкі, цытаплязмы, а таксама адсутнасьць ядра, мітахондрыяў, плястыдаў і іншых арганэлаў. Яны звычайна маюць вузавыя сьценкі, як расьлінныя і грыбныя вузы, але бактэрыяльныя вузавыя сьценкі звычайна вытканы з пэптыдагліканаў. Большасьць зь іх вельмі малыя, звычайна толькі 0,5—5,0 мкм пры сваіх найбуйнейшых памерах, хоць некаторыя гіганцкія бактэрыі, як то Thiomargarita namibiensis і Epulopiscium fishelsoni, могуць вырастаць да 0,5 мм у памеры і быць бачнымі няўзброеным вокам[2]. Некаторыя бактэрыі, як то мікоплязмы, такія дробныя, што могуць праходзіць праз бактэрыяльныя фільтры. Некаторыя бактэрыі ўтвараюць споры. Многія зь іх рухомыя і маюць жгуцікі. Паводле спосабу жыўленьня вылучаюць бактэрыі аўтатрофы і гетэратрофы. Залежна ад тыпу дыханьня бактэрыі падзяляюць на аэробы і анаэробы.

Далёка ня ўсе віды бактэрыяў былі апісаныя. Прычына ў велізарнай разнастайнасьці гэтай групы арганізмаў, іхны невялікі памер і праблемы ўтрыманьня ў лябараторыі, бо толькі палова зь іх можа быць вырашчыная ў лябараторных умовах[3].

Бактэрыі ўдзельнічаюць у кругазвароце рэчываў у прыродзе, ачышчэньні асяродзьдзя ад арганічных рэшткаў, фармаваньні структуры і ўрадлівасьці глебы, а таксама падтрымліваюць запасы вуглякіслага газу ў атмасфэры. Выкарыстоўваюцца ў харчовай, мікрабіялягічнай, хімічнай і іншых галінах прамысловасьці. Патагенныя (хваробатворныя) бактэрыі зьяўляюцца ўзбуджальнікамі хваробаў расьлінаў, жывёл і чалавека.

  1. ^ Prokaryotes: The unseen majority (анг.)
  2. ^ Schulz H, Jorgensen B Big bacteria // Annu Rev Microbiol, 55 С. 105 — 37. — PMID 11544351.
  3. ^ Rappé MS., Giovannoni SJ. The uncultured microbial majority // Annual Review of Microbiology. 57, С. 369—394, 2003. — PMID 14527284

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]