Канстанцін Герчык

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Канстанцін Герчык
27 верасьня 191828 чэрвеня 2001
Месца нараджэньня Сорагі, Слуцкі павет, Менская губэрня, Беларуская Народная Рэспубліка
Месца сьмерці Масква, Расея
Прыналежнасьць Савецкі Саюз
Род войскаў Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня СССР
Гады службы 1938—1979
Званьне генэрал-палкоўнік (1976)
Камандаваў касмадромам Байканур (1958—1960)
Узнагароды
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Чырвонай Зоркі

Канстанцін Васілевіч Герчык (1918, Сорагі, цяпер Слуцкі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 2001, Масква, Расея) — савецкі вайскавод.

2-ы начальнік касмадрома Байканур (1958—1960) у Казаскай ССР. Браў удзел у запуску 1-га штучнага спадарожніка Зямлі і касьмічных караблёў. 24 кастрычніка 1960 годзе атрымаў цяжкія апёкі падчас выпрабаваньня балістычнай ракеты на касмадроме. У выніку здарэньня 74 чалавекі загінулі на месцы разам з галоўнакамандуючым Ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэньня СССР Мітрафанам Нядзеліным. Кавалер 2-х ордэнаў Леніна і ляўрэат Ленінскай прэміі. Стрыечны брат Даніл Герчык распрацоўваў крылатыя ракеты марскога базаваньня ў канструктарскім бюро акадэміка Чаламея ў падмаскоўным Рэўтаве[1].

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1938 годзе пачаў службу ў Чырвонай арміі. Паступіў у 2-ю Ленінградзкую артылерыйскую вучэльню, якую скончыў у 1940 годзе. Падчас Нямецка-савецкай вайны служыў на Заходнім, Бранскім, Цэнтральным, 1-м і 4-м Украінскіх франтах. Займаў пасады камандзіра ўзводу, батарэі і дывізіёну, начальніка штабу 19-га артылерыйскага палка і 135-й гарматнай артылерыйскай брыгады. Браў удзел у баях пад Бабруйскам (Беларуская ССР), Рославам (Смаленская вобласьць), Бранскам (Расейская СФСР), Яльцом (Ліпецкая вобласьць), Варонежам, Курскам, Львовам (Украінская ССР) і Прагай (Чэхаславаччына). У 1950 годзе скончыў Артылерыйскую акадэмію імя Фэлікса Дзяржынскага ў Маскве[2], дзе стаў выкладаць тактыку артылерыі. Затым заняў пасаду намесьніка артылерыйскай вучэльні.

У 1954 годзе стаў камандзірам 80-й брыгады асаблівага прызначэньня ў Белакаровічах Корасьценскага раёну (Жытомірская вобласьць, Украінская ССР). У 1957 годзе заняў пасаду начальніка штабу 5-га навукова-дасьледчага палігона-касмадома Байканур (в/ч 11284, Кызылардзінская вобласьць, Казаская ССР). Загадваў увядзеньнем у дзеяньне пускавых установак і правядзеньнем лётных выпрабаваньняў першых міжкантынэнтальных ракетаў. 2 чэрвеня 1958 году стаў кіраўніком касмадрому[2]. 8 траўня 1960 году атрымаў годнасьць генэрал-маёра. 24 кастрычніка 1960 году атрымаў моцныя апёкі падчас выбуху балістычнай ракеты Р-16 на 41-й пляцоўцы касмадрому. У выніку здарэньня 74 чалавекі загінулі на месцы разам з галоўнакамандуючым Ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэньня СССР (РВСП) Мітрафанам Нядзеліным.

У 1961 годзе стаў начальнікам Цэнтральнага каманднага пункту РВСП СССР і намесьнікам начальніка Галоўнага штабу РВСП у баявым кіраваньні. У 1963 годзе стаў начальнікам штабу ракетнай арміі. У 1968 годзе атрымаў годнасьць генэрал-лейтэнанта і скончыў Найвышэйшыя афіцэрскія курсы пры Вайсковай акадэміі Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў СССР у Маскве з годнасьцю кандыдата ваенных навук. У 1972 годзе заняў пасаду камандуючага Смаленскай ракетнай арміяй (Расейская СФСР). У 1975—1980 гадох быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларускай ССР[2]. Пасьля сыходу ў запас у 1979 годзе перайшоў на працу ў Навукова-дасьледчы інстытут аўтаматычнай апаратуры ў Маскве пры Акадэміі навук СССР. Ад 1991 году быў старшынёй Міжрэгіянальнай рады вэтэранаў касмадрому Байканур. У 1994 годзе выдаў кнігу ўспамінаў «Прарыў у космас».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Тацьцяна Лазоўская. «Слуцкі сьлед» у космасе // Зьвязда : газэта. — 5 красавіка 2014. — № 63 (27673). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б в Герчык Канстанцін Васілевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — С. 202. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0