Зьезд народных дэпутатаў СССР

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зьезд народных дэпутатаў СССР
Даведка
СкаротЗНД СССР
Дата ўтварэньня25 траўня 1989 (35 гадоў таму)
Дата спыненьня існаваньня5 верасьня 1991 (32 гады таму)
Праўны станпарлямэнт
СядзібаМасква
МесцазнаходжаньнеРасейская СФСР
Дзейнічае ў месцахСавецкі Саюз
Службовыя мовырасейская
Зьвязаныя службыВярхоўны Савет СССР, Камітэт канстытуцыйнага нагляду СССР

Зьезд народных дэпутатаў СССРпарлямэнт Савецкага Саюзу ў 1989—1991 гады.

Утварэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 сьнежня 1988 году ўхвалілі Закон «Аб выбарах народных дэпутатаў СССР» і ўнесьлі папраўку ў Канстытуцыю СССР 1977 году, паводле якой Зьезд народных дэпутатаў СССР вызначаўся ў якасьці найвышэйшага органу дзяржаўнай улады. 26 сакавіка 1989 году прайшлі выбары народных дэпутатаў СССР. Сярод 2250 месцаў па 750 прызначалася для тэрытарыяльных акругаў з роўным лікам выбарцаў (вобласьці Расейскай СФСР), нацыянальна-тэрытарыяльных выбарчых акругаў і 40 агульнасаюзных грамадзкіх аб’яднаньняў. Сярод 1500 выбарчых акругаў 399 (26,6 %) былі безальтэрнатыўнымі. На гэтыя месцы вылучылі 7531-го кандыдата, што ўпершыню зрабіла выбары пераважна альтэрнатыўнымі[1]. Паўторнае галасаваньне ладзілі 9 красавіка, паўторныя выбары — 14 траўня, а паўторнае галасаваньне на паўторных выбарах — 18—21 траўня. Грамадзкія аб’яднаньні правялі галасаваньне з 11 да 23 сакавіка. У некаторых выпадках у красавіку яны ладзілі паўторныя выбары. Удалося абраць 2225 дэпутатаў, зь якіх 1957 (87 %) былі сябрамі і кандыдатамі Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу. Жанчыны занялі 352 (16 %) месцы. Сярод абраных было 237 (10,5 %) партычных працаўнікоў, 157 (6,7 %) савецкіх працаўнікоў, 95 (4,2 %) прафсаюзных працаўнікоў, 80 (3,6 %) вайскоўцаў і 7 (0,3 %) сьвятароў. Пры гэтым у Ленінградзе ня выбралі дэпутатам ніводнага партыйнага і савецкага кіраўніка, у тым ліку ніводнага 1-га сакратара і сябра бюро Ленінградзкага абласнога камітэту КПСС.

Сярод 750 месцаў у нацыянальна-тэрытарыяльных выбарчых акругах: па 32 атрымала кожная саюзная рэспубліка (у тым ліку Беларуская ССР), па 11 — кожная аўтаномная рэспубліка, па 5 — аўтаномная вобласьць і па аднам — кожная аўтаномная акруга. Сярод 750 месцаў ад агульнасаюзных грамадзкіх аб’яднаньняў:

Паўнамоцтвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сьнежні 1989 году Зьезд народных дэпутатаў СССР ухваліў Рэглямэнт ЗНД СССР і закон «Аб статусе народных дэпутатаў у СССР». Зацьвярджаў законы і пастановы большасьцю галасоў ад агульнага ліку дэпутатаў. Вынятковаму вядзеньне ЗНД СССР падлягалі:

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьезд народных дэпутатаў СССР правёў 5 сэсіяў:

  1. 25 траўня — 9 чэрвеня 1989 году;
  2. 12—24 сьнежня 1989 году;
  3. 12—15 сакавіка 1990 году;
  4. 17—26 сьнежня 1990 году;
  5. 2—5 сьнежня 1991 году.

25 траўня 1989 году старшынёй Вярхоўнага Савету СССР быў абраны генэральны сакратар Цэнтральнага камітэту КПСС Міхаіл Гарбачоў. Цэнтральнае тэлебачаньне СССР вяло наўпроставыя трансьляцыі з паседжаньняў ЗНД СССР. Да 9 чэрвеня абралі Вярхоўны Савет СССР, які ў 12-м скліканьні налічваў 542 дэпутаты. На сэсіі ў сьнежні 1989 году дэпутат Савету нацыянальнасьцяў Вярхоўнага Савету Барыс Ельцын, які ўзначаліў Міжрэгіянальную дэпутацкую групу зь ліку 388 чалавек (17 % дэпутатаў), запатрабаваў скасаваць 6-ы артыкул Канстытуцыі, дзе згадвалася, што «КПСС ёсьць кіроўнай і накіравальнай сілай» дзяржавы.

15 сакавіка 1990 году Зьезд народных дэпутатаў СССР увёў пасаду прэзыдэнта СССР, на якую абраў Гарбачова ў ходзе безальтэрнатыўнага галасаваньня. У сэсіі бралі ўдзел 2000 сярод 2245 абраных дэпутатаў. За Гарбачова падалі 1329 галасоў (59,2%), а супраць 495. Пры гэтым старшынёй зьезду быў абраны ягоны 1-ы намесьнік Анатоль Лук'янаў, які быў кандыдатам у сябры Палітбюро ЦК КПСС. Таксама на сэсіі прыбралі згадку КПСС з 6-га артыкула Канстытуцыі, што скасавала аднапартыйны лад у Савецкім Саюзе.

У сьнежні 1990 году Зьезд народных дэпутатаў СССР ухваліў Закон аб усенародным галасаваньні. Таксама стварылі пасаду віцэ-прэзыдэнта СССР, на якую быў абраны Генадзь Янаеў, які быў сябрам Палітбюро і сакратаром ЦК КПСС. Скасавалі Прэзыдэнцкую раду, але Кабінэт міністраў падпарадкавалі прэзыдэнту СССР. На пасаду старшыні Найвышэйшага арбітражнага суду СССР абралі Веньяміна Якаўлева, які быў сябрам ЦК КПСС і міністрам юстыцыі СССР. Генэральным пракурорам СССР стаў Мікалай Трубін, які быў пракурорам Расейскай СФСР. 24 сьнежня 1553 (69,3 %) дэпутаты прагаласавалі за ўсесаюзны рэфэрэндум аб прыватным землеўладаньні. Сярод іншага, заснавалі Раду бясьпекі СССР.

5 верасьня 1991 году Зьезд народных дэпутатаў СССР ухваліў «Дэклярацыю правоў і свабодаў чалавека», закон «Аб органах дзяржаўнай улады і кіраваньня СССР у пераходны пэрыяд», якім пазбавіў сябе паўнамоцтваў. Пасьля гэтага ЗНД СССР самараспусьціўся на прапанову Гарбачова.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 26 сакавіка 2014. — № 55 (27665). — С. 12. — ISSN 1990-763x.