Аўстрыйская дзяржаўная дамова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аўстрыйская дзяржаўная дамова
Дамова па ўзнаўленьні незалежнай і дэмакратычнай Аўстрыі, падпісаная ў Вене 15 траўня 1955
Падпісанты Аўстрыйскай дзяржаўнай дамовы: Джон Фостэр Далес, Льюэлін Томпсан, Антуан Пінэ, Ражэ Лялюэт і Леапольд Фігль
Падпісанты Аўстрыйскай дзяржаўнай дамовы: Джон Фостэр Далес, Льюэлін Томпсан, Антуан Пінэ, Ражэ Лялюэт і Леапольд Фігль
Тып дамовы шматбаковая міжнародная ўгода
Падпісаная 15 траўня 1955 (69 гадоў таму)
 ·  месца Вена, Аўстрыя
Набыла моц 27 ліпеня 1955 (68 гадоў таму)
Бакі
Мовы ангельская, нямецкая, расейская, француская
Акупацыйныя зоны Аўстрыі (1945—1955)
Акупацыйныя зоны Вены (1945—1955)

Аўстры́йская дзяржа́ўная дамо́ва (па-нямецку: Аўдыё Österreichischer Staatsvertrag ) або Дэклярацыя незалежнасьці Аўстрыі — міжнароднае пагадненьне, якім акупаваная Аўстрыя здабыла сувэрэнітэт[1]. Падпісаная 15 траўня 1955 року ў Вене хаўруснымі Вялікабрытаніяй, ЗША, СССР ды Францыяй з аднаго боку і аўстрыйскім урадам зь іншага[2]. Набыла моц 27 ліпеня 1955 року[2].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля аншлюсу 1938 року Аўстрыя стала часткай нацысцкай Нямеччыны. Аднак у 1943 року ў Маскве хаўрусьнікі пагадзіліся, што Аўстрыя ёсьць першай ахвярай нямецкай агрэсіі, пры гэтым не выключаючы ейнай ролі ў злачынствах нацызму.

Напрыканцы вайны 27 красавіка 1945 хаўрусьнікі акупавалі Аўстрыю ў выніку Венскай апэрацыі. Краіну падзялілі на чатыры акупацыйныя зоны — амэрыканскую, брытанскую, савецкую і францускую. Падобным чынам падзялілі і Вену.

У 1949 року хаўрусьнікі падзялілі Нямеччыну на Заходнюю і Ўсходнюю частку, аднак Аўстрыя засталася пад супольнай акупацыяй. Тым часам між СССР і Захадам пачалася Халодная вайна, і мірныя перамовы, якія аўстрыйскі ўрад спрабаваў зладзіць адразу па вайне, ускладніліся.

Тым ня меней, па сконе Сраліна пачалася хрушчоўская адліга і аднавіліся спадзевы на дасягненьне кансэнсусу. У 1955 року адбыліся перамовы зь міністрам замежных справаў СССР Вячаславам Молатавым. Пасьля запэўніваньняў Аўстрыі ва ўзаемным нэўтралітэце 15 траўня было падпісанае пагадненьне, якое абвяшчала свабоднай, сувэрэннай дэмакратычнай дзяржавай.

25 кастрычніка таго ж году апошнія акупацыйныя войскі пакінулі краіну. Назаўтра ж парлямэнт Аўстрыі прыняў Дэклярацыю нэўтральнасьці, і 26 кастрычніка стала ў Аўстрыі дзяржаўным сьвятам.

Акрамя статусу і прызнаньня ўласна Аўстрыйскай дзяржавы дамова абумоўлівала становішча славенскай і харвацкай нацыянальных меншасьцяў. Быў скасаваны Аншлюс, забароненыя нацысцкія і фашысцкія арганізацыі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Charles S.Maier, Günter Bischof, Peter Ruggenthaler, Gerald Stourzh, Wolfgang Mueller The Austrian State Treaty and the Cold War: Contending Perspectives // Journal of Cold War Studies. — В. 4. — Т. 23. — С. 211—245. — ISSN 1520-3972. — DOI:10.1162/jcws_c_01045
  2. ^ а б Robert M. Slusser, Jan F. Triska. A Calendar of Soviet Treaties 1917-1957. — Stanford: Stanford University Press, 1959. — С. 328.