Тупальшчынскі вялікі камень
Каардынаты: 54°39′53″ пн. ш. 26°24′3″ у. д. / 54.66472° пн. ш. 26.40083° у. д.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/53/%D0%A2%D1%83%D0%BF%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D1%88%D1%87%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%B2%D1%8F%D0%BB%D1%96%D0%BA%D1%96_%D0%BA%D0%B0%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D1%8C_%D0%A2%D1%8B%D1%88%D0%BA%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87_01.jpg/220px-%D0%A2%D1%83%D0%BF%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D1%88%D1%87%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%B2%D1%8F%D0%BB%D1%96%D0%BA%D1%96_%D0%BA%D0%B0%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D1%8C_%D0%A2%D1%8B%D1%88%D0%BA%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87_01.jpg)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/6/6f/%D0%A2%D1%83%D0%BF%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D1%88%D1%87%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%B2%D1%8F%D0%BB%D1%96%D0%BA%D1%96_%D0%BA%D0%B0%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D1%8C_%D0%A2%D1%8B%D1%88%D0%BA%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87_02.jpg/220px-%D0%A2%D1%83%D0%BF%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D1%88%D1%87%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%B2%D1%8F%D0%BB%D1%96%D0%BA%D1%96_%D0%BA%D0%B0%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D1%8C_%D0%A2%D1%8B%D1%88%D0%BA%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87_02.jpg)
«Вялікі камень» Тупальшчынскі — валун у Беларусі, геалягічны помнік прыроды рэспубліканскага значэньня[1]. Знаходзіцца паўночным-захадзе ад хутара Сяляцічы, Смаргонскага раёну, на тэрыторыі курганнага могільніка і разам зь ім утварае адзіны сакральны комплекс.
Назва паходзіць ад назвы былога маёнтка Тупальшчына, што знаходзіўся побач. У народзе камень больш вядомы пад назвай «Вялікі» ці «Літоўскі».
Паданьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
З валуном зьвязаны шэраг паданьняў розных па зьместу і часу стварэньня. Адно зь іх распавядае, як чэрці вырашылі перашкодзіць будаўніцтву касьцёла ў суседніх Жодзішках, і папераносілі камяні, нарыхтаваныя для будаўніцтва, у рэчышча Вяльлі. Апошні камень чорт трохі не пасьпеў данесьці да ракі, бо прапяяў певень, і чорт выпусьціў валун.
Па другому паданьню, селянін каля каменя сустрэў прыгожа апранутую дзяўчыну з доўгімі русымі валасамі, якая сказала яму прыйсьці туды заўтра а 12 гадзіне (г.зн. у час імшы ў касьцёле). Назаўтра селянін прыйшоў і ўбачыў вужа. Тады ён сказаў: «Згінь ты, прападзі!» Зьмей (а гэта ў ягоным вобліку была дзяўчына) сказаў: «Пракляў ты мяне навекі!», і зьнік.
Існуе паданьне, як швэды ў часы Паўночнай вайны пад каменем закапалі човен з золатам, і часам там можна бачыць зьзяньне.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Па зьвестках у ХІХ стагодзьдзі адзін з памешчыкаў спрабаваў зрабіць з гэтага валуна надмагільле для сваёй памерлай жонкі. З-за гэтага камень згубіў сваё першапачатковае месцапалажэньне і зьнешні выгляд.
Першы дасьледчык культавага комплексу Канстантын Тышкевіч зрабіў апісаньне валуна, замаляваў яго выгляд. Адбылося гэта падчас воднага падарожжа 13 чэрвеня 1857 году, калі Тышкевіча частавалі ў Тупальшчынскім двары гарбатай, а потым на шляху да тупальшчынскага каменя яго зноў суправаджалі мясцовыя гаспадары і госьці[2]. Па зьвестках тышкевіча, Вялікі камень меў вакол сябе кола зь меншых валуноў. Пад гэтым колам быў тайнік, дзе знайшлі скарб з двух каменных сякер.