Картка спажыўца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Картка спажыўца — купоны для адразаньня, надрукаваныя на адным аркушы паперы, якія зьяўляюцца фактычна першым дзяржаўным выпускам папяровых грошай незалежнай Беларусі. Падчас пакупак прадуктовых або дэфіцытных тавараў у беларускіх крамах разам з савецкімі рублямі на касе падавалася картка спажыўца, зь якой касір выразала нажніцамі патрэбную суму. Выкарыстоўваліся ў суадносінах да савецкага рубля 1:1.

Купоны ўводзіліся з мэтай абароны ўнутранага спажывецкага рынку Беларусі пры цыркуляцыі савецкага рубля.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аднаразовыя купоны былі ўведзеныя са студзеня 1992 году для звароту сумесна з савецкім рублём згодны Пастанове Савету міністраў Рэспублікі Беларусь № 423 ад 14 лістапада 1991 году «Аб дадатковых мерах па абароне спажывецкага рынку рэспублікі».

Урад Беларусі плянаваў, што аднаразовыя купоны з 1 чэрвеня 1992 будуць замененыя на шматразовыя, аднак яны працягвалі выкарыстоўвацца і пасьля ўвядзеньня 25 траўня 1992 году ўласных нацыянальных грошай — беларускага рубля.

Выдаваліся купоны па месцы працы, службы ці вучобы па пашпарту з прапіскай. Пэнсіянэры атрымлівалі купоны разам з пэнсіяй. На дзяцей карткі спажыўца выдаваліся праз ЖЭС.

Прадавец быў вымушаны выразаць патрэбную колькасьць купонаў на суму пакупкі і пералічваць іх пасьля зьмены. Пры адсутнасьці нажніц купоны вырываліся з большай ці меншай ступеньню акуратнасьці. Прычым выразаць купоны загадзя было забаронена, бо на картках было прапісана імя і прозьвішча, а на самых купонах — толькі намінал.

Госьці зь іншых савецкіх рэспублік, і тыя, хто ня меў купонаў, вымушаны былі купляць тавары па больш даражэйшаму курсу.

Напрыканцы 1992 году іх карткі спажыўца не выкарыстоўваліся.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Поўныя аркушы картак мелі аднаразовыя адразныя купоны розных наміналаў.

Карткі былі імянныя. Па выглядзе афармленьня адраснага поля існуе дзьве адрозныя сэрыі. Кожная картка мела сумарны намінал дробных купонаў у 20, 50, 75, 100, 200, 300 і 500 рублёў.

Карткі I сэрыі друкаваліся зь сярэдзіны студзеня 1992 году. Сэрыя налічвала шэсьць наміналаў ад 20 да 300 рублёў.

У картак I сэрыі адрасны цэнтар быў пакрыты суцэльным фонам з прадрукаваным жоўтым ромбам. Па правым ускрайку кожнага купону праходзілі жоўтыя палосы. Але з-за таго, што на там дрэнна чыталіся і запаўняліся дадзеныя ўласьніка, было прынятае рашэньне аб друку картак зь белымі прастакутнікам ў адрасным полі. Такія карткі і сталі II сэрыяй.

Зь лютага 1992 году ўсе друкарні перайшлі на друк картак II сэрыі. Тады ж, з улікам інфляцыі, быў дададзены новы намінал — 500 рублёў.

Першая сэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другая сэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Денежное обращение Беларуси / А. М. Величко, А. А. Величко, Лазар Герич, В. Э. Озолиныш. — 2011.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]