Канстанцыя Буйло
Канстанцыя Буйло | |
Канстанцыя Буйло з мужам Віталём Адольфавічам Калечыцам у дзень шлюбу 7 чэрвеня 1916 году | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 14 студзеня 1893 Вільня, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памерла | 4 чэрвеня 1986 (93 гады) Масква |
Пахаваная | |
Бацькі | Антон Аляксандравіч Буйло Настэзія Бусілаў (Бусел) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэзія |
Мова | беларуская мова[1] |
Дэбют | «Хвоя» // «Наша Ніва» №9, 1909 |
Прэміі | |
Узнагароды | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Канстанцыя Антонаўна Буйло (у шлюбе — Калечыц; 14 студзеня 1893, Вільня, Віленская губэрня — 4 чэрвеня 1986, Масква) — беларуская паэтка.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Нарадзілася ў сям’і аб’езьніка, які працаваў у графа Тышкевіча. Акрамя яе, у сям’і была таксама малодшая сястра Іна[2]. Была ахрышчаная 17 студзеня 1893 у Віленскім касьцёле Сьвятога Якава[3]. Асноўную адукацыю атрымала дома ў хатніх настаўнікаў. Скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні (1914). Тут пазнаёмілася з Максімам Гарэцкім. Сябравала з Уладзіславай Луцэвіч. Настаўнічала ў вёсцы Горнае Скробава, дзе вучылі сына пана Дзеўчапольскага. А. Шоцкі адзначае, што К. Буйло некалькі разоў наведвала Крошын, Завосьсе, Туганавічы, Калдычэўскае возера і мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём філяматаў і філярэтаў[4]. Загадвала беларускай кнігарняй у Полацку (1915—1916), але ў сувязі зь яе закрыцьцём перайшла на працу ў Земскі саюз.
7 чэрвеня 1916 выйшла замуж за Віталя Калечыца, сына надворнага дарадцы, які паходзіў з засьцянковай шляхты Менскага павету (у 1933 арыштаваны). Пасьля кастрычніцкага перавароту працавала статысткай у Валакаламскім павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, бугальтаркай саўгаса «Данілкава». З 1923 г. пераехала ў Маскву да свайго мужа, дзе жыла да самай сьмерці на Ціхвінскім завулку, № 11. Працавала на заводзе «Аграном» (1929—1934), начальніцай адзьдзелу збыту палітэхлабарсаюзу (1934—1940), у 1940—1951 г. — начальніцай апэратыўнага адзьдзелу, затым в. а. намесьніцы дырэктара цэнтральнай канторы вэтэрынарнага забесьпячэньня трэста Саюзветзабпрам.
Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР (з 1944).
Памерла ў Маскве 4 чэрвеня 1986. У 1989 урну зь яе прахам перавезьлі ў Вішнеў на Валожыншчыне[5].
Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Друкавацца пачала ў 1909, зьмясьціўшы ў «Нашай Ніве» пад імем свайго брата Эдуарда першыя свае вершы — «Хвоя», дасланы з Адравонжы Ашмянскага павету («Наша Ніва», № 9), і «Скора зіма» («Наша Ніва», № 46). Паводле іншых зьвестак, першым надрукаваным вершам быў «Лес» (1903)[6]. Пад уласным імем пачала друкавацца з 1910. У 1914 у друкарні Марціна Кухты выдала свой дэбютны зборнік вершаў — «Курганная кветка».
Аўтарка зборнікаў вершаў «Сьвітаньне» (1950), «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973). Выйшлі Выбраныя творы (1954), «Выбранае» (1968, 1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1981). Напісала кніжкі вершаў для дзяцей «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968), «Вясной» (1984). Многія вершы паэткі пакладзеныя на музыку. Асабліва шырокую вядомасьць займела песьня «Люблю», якая стала народнай.
Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускае літэратуры» лічыў яе «найбольш выдатнай пасьля Цёткі жаноцкай сілай ў нашай поэзіі»[7].
Аўтарка п’ес «Кветка папараці» (1914) і «Сягоньняшнія і даўнейшыя» (1914, пастаўлена ў 1921).
Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і мэдалямі. Заслужаны дзяяч культуры Беларускай ССР (1968). У гонар Канстанцыі Буйло ўсталявана мэмарыяльная дошка на Вішнеўскай сярэдняй школе Валожынскага раёну, якой прысвоена яе імя[8].
Кнігапіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Канстанцыя Буйло. Курганная кветка. — Вільня: Друкарня Марціна Кухты, 1914. — 88 с.
- Канстанцыя Буйло. З цыклю «Крывы Год». Абразок у 1 дзеі. 1915—1916. // Рунь : часопіс. — 1920, 4 ліпеня. — № 9—10. — С. 7, 8.
- Канстанцыя Буйло. Світанне, 1909―1946 / уступны артыкул С. Майхровіча. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1950. — 196 с. — 4000 ас.
- Канстанцыя Буйло. Выбраныя творы. Вершы. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1954. — 194 с. — 4000 ас.
- Канстанцыя Буйло. Выбраныя творы : у 2 т. / прадмова Д. Чаркасавай. — Менск: Мастацкая літаратура. — Т. 1. Вершы 1913―1951 гг.; Па траскіх гацях: паэма. — 302 с. — 8000 ас.
- Канстанцыя Буйло. Выбраныя творы: у 2 т. / прадмова Д. Чаркасавай. — Менск: Мастацкая літаратура, 1981. — Т. 2: Вершы (1951―1975 гг.), успаміны. — 333 с. — 8000 ас.
- Канстанцыя Буйло. Курганная кветка. — (факсімільнае выданьне 1914 г.). — Мінск: Мастацкая літаратура, 1992. — 88 с. — 8000 ас. — ISBN 5-340-00584-4
- Канстанцыя Буйло. Вершы. Пісьмы. Уступнае слова і паблікацыя Дзіяны Чаркасавай. // Полымя : часопіс. — 1993. — № 5 (769). — С. 139—149.
- Буйло К. …Коціцца рэха: Вершы, паэмы, лісты // Уклад. і прадм. Д. Чаркасавай. — Мн.: Маст. літ., 1993. — 287 с. ISBN 5-340-01327-8
Крытыка, рэцэнзіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Язэп Сьветазар. Канстанцыя Буйло, як імпрэсыяністка. (Крытычны нарыс). // Беларускае слова : газэта. — 1927. — № 11 (40). — С. 2. 3.
- Язэп Сьветазар. Песьнярка каханьня. (Аб любоўным элемэнце ў творчасьці Канстанцыі Буйло). // Досьвіткі : ілюстраваны літэр-мастацкі беларускі месячнік. — 1927, красавік. — № 1. — С. 9—11.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Шматкова, Ірына "Тварыць і кахаць": творчая індывідуальнасць Канстанцыі Буйло // Роднае слова. — 2023. — № 1. — С. 16-20.
- ^ Барткова, Марыля "Мілай Костцы на ўспамін…": Да 130-годдзя Канстанцыі Буйло // Роднае слова. — 2023. — № 1. — С. 21-23.
- ^ Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 190. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4
- ^ Гарэцкі, Р. Сяброўства творцаў. Браты Максім і Гаўрыла Гарэцкія і беларускія паэткі — Канстанцыя Буйла і Наталля Арсеннева // Роднае слова. — Мн.: 2006. — № 6. — С. 104.
- ^ Канстанцыя Буйло // Першацвет адраджэння: Вучэб. дапам. па беларус. літ. для ст. кл. сярэд. шк. / Склад. М. А. Федасеенка, Т. П. Прохарава, Г. М. Разанава і інш. — Мн.: Нар. асвета, 1995. — С. 318—319. — 511 с ISBN 985-03-0216-X
- ^ Гарэцкі, М. Буйло, Канстанцыя // Гісторыя беларускае літэратуры. — Выданьне другое (папраўленае). — Вільня: Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна, 1921. — С. 198—199.
- ^ Канстанцыя Буйло (рас.). Отдел образования Барановичского районного исполнительного комитета. Праверана 6 сьнежня 2011 г.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Буйло Канстанцыя / біяграфічныя зьвесткі Л. М. Гарэлік; бібліяграфія В. І. Козіч // пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса. Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т.. — Менск: Беларуская энцыклапедыя імя ПетрусяБроўкі, 1992. — Т. 1, Абуховіч-Ватацы. — С. 384—389. — ISBN 5-85700-061-0.
- Буйло Канстанцыя // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Калядка, Сьвятлана. Канстанцыя Буйло: шлях да мастацкай незалежнасцi. // Białorutenistyka Białostocka : часопіс. — 2021. — Т. 13. — С. 123—144. — ISSN 2081–2515.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Васіль Дранько-Майсюк Канстанцыя Буйло. — 14 студзеня 2023.
- Васіль Дранько-Майсюк; Алена Баярава. Канстанцыя Буйло. «Літаратурныя ночы». Радыё Ўнет. — 2 лютага 2024.
- Васіль Дранько-Майсюк; Алена Баярава. Трыумф і жарсці Канстанцыі Буйло «Літаратурныя ночы». Радыё Ўнет. — 9 лютага 2024.
- Васіль Дранько-Майсюк; Алена Баярава. Канстанцыя Буйло і сталінскі тэрор «Літаратурныя ночы». Радыё Ўнет. — 16 лютага 2024.
- Васіль Дранько-Майсюк; Алена Баярава. Канстанцыя Буйло і яе чароўны прынц «Літаратурныя ночы». Радыё Ўнет. — 23 лютага 2024.