Гісторыя гербу Расеі
Храналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
1261, Бізантыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Арол быў сымбалем позьняе Рымскае імпэрыі (Усходняй і Заходняй), а пасьля падзеньня Захаду стаў сымбалем Бізантыйскай імпэрыі. Двухгаловы арол быў намаляваны на радавым гербе дынастыі Палеалёгаў — апошняй імпэратарскай дынастыі Бізантыі (1261—1453).
1497[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На пячатцы Івана III Вялікага першапачаткова быў намаляваны «езьдзец» — сымбаль Масквы і ўсёй Масковіі. Двухгаловы арол быў прыняты дзяржаўным гербам пасьля яго шлюбу з Соф’яй (Зояй) Палеалёг, пляменьніцай апошняга імпэратара Бізантыі Канстанціна Палеалёга, у 1472 годзе, як знак перадачы спадчыны загінулай Бізантыі Масковіі.
Пасьля ліквідацыі залежнасьці ад Залатой Арды ўпершыню зьяўляецца вялікакняжацкая пячатка Івана III, замацаваўшая ў 1497 годзе яго грамату на зямельныя валадарствы ўдзельных князёў. Тады жа выявы пазалочанага двухгаловага арла на чырвоным полі зьявіліся на сьценах Гранавітай палаты ў Крамлі.
1582[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Першы герб зьявіўся пры Іване Жахлівым, першым расейскім цары, герб Масковіі дапаўняецца ў цэнтры спачатку аднарогам, а затым — замест яго — традыцыйным маскоўскім сымбалем — вершнікам-зьмеяборцам. Таксама зьяўляецца ардынская сымболіка, якая адлюстроўвае ролю афіцыйнай рэлігіі.
1605[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У часы смуты маскоўскі дзяржаўны сымбаль актыўна выкарыстоўваўся Ілжэдзьмітрыямі (I, II, III)[1].
У адрозьненьне ад бізантыйскага ўзору і, магчыма, пад уплывам гербу Сьвятой Рымскай імпэрыі двухгаловы арол стаў адлюстроўвацца з паднятымі крыламі[2].
1625[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пасьля 1625 году двухгаловы арол адлюстроўваецца з трыма каронамі. Паводле розных вэрсіяў, тры кароны маглі азначаць заваяваныя Казанскае, Астраханскае і Сыбірскае царствы, як зьвяз і адраджэньне Вялікай Арды.
У часы цара Аляксея Міхайлавіча арол атрымлівае сымбаль улады: скіпэтар і дзяржаву.
1699[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У часы кіраваньня Пятра I сакратар аўстрыйскага пасла ў Масковіі Ё.-Г. Корб вядзе «Дыярыюш падарожжа ў Масковію», у якім апісвае набліжаных Пятра і расправу над стральцамі. Дыярыюш цікавы як чарговы погляд на Масковію вачыма замежніка, у тым ліку ўтрымоўвае падрабязную выяву гербу Масковіі.
Пасьля 1699 году герб адлюстроўваецца з элемэнтамі Андрэеўскага ордэна, уведзенага Пятром. Арол становіцца чорным пад уплывам заходнеэўрапейскіх гербаў. «Езьдзец» на гербе часам мянуецца «гасударам» (указ 1704 году), але па сутнасьці адлюстроўваецца Юры Пераможца, што зафіксавана ў пазьнейшых дакумэнтах 1730-х гадоў.
1730 год[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1730—1740-х гадах герб атрымлівае надоўга замацаваную форму. У 1736 годзе імпэратрыца Ганна Іванаўна запрашае швайцарца па паходжаньні, швэдзкага гравёра Ё. К. Гедлінгера, які выгравіяваў да 1740 году Дзяржаўную пячатку, якая зь невялікімі зьменамі выкарыстоўвалася да 1856 году.
1800[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пасьля заваёвы Мальты Напалеонам, імпэратар Павал I становіцца главой Мальтыйскага ордэна. У 1799 годзе Павал I падпісвае «Ўказ аб уключэньні ў расейскі герб Мальтыйскага крыжа пад каронай». Крыж разьмясьціўся на грудзі арла, пад маскоўскім гербам (які быў названы «карэнным гербам Расеі»). Таксама імпэратар прадпрымае спробу распрацаваць і ўвесьці поўны герб Расейскай імпэрыі. У 1800 годзе ён прапанаваў складаны герб, на якім у шматпольным шчытце і на дзевяці малых шчытках было зьмешчана сорак тры гербы. Аднак, прыняць гэты герб да сьмерці Паўла не пасьпяваюць[3].
1830[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Да гэтага часу зьяўляюцца розныя варыянты гербу: напрыклад, арол мог мець адну карону і трымаць вянок, маланкі («пяруны») або паходню. Імпэратар Мікалай I прымае два афіцыйныя тыпы гербаў: на адным, спрошчаным, у арла толькі асноўныя элемэнты. На другім афіцыйным варыянце гербу на крылах арла зьяўляюцца тытульныя гербы: на правым — Казанскі, Астраханскі, Сыбірскі, на левым — Польскі, Таўрычны, Фінляндзкі.
1857[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пры імпэратары Аляксандры II, пад кіраўніцтвам геральдмэйсьцера барона Кенэ была праведзеная геральдычная рэформа. Арол на малюнку атрымаў новыя рысы, запазычаныя ў заходняй Эўропы — напрыклад, герб з Георгіем Пераможцам быў зьвернуты налева. Малы дзяржаўны герб быў зацьверджаны 8 сьнежня 1856 году. На ім таксама дадаліся новыя шчыты з гербамі тэрыторыяў у складзе Расейскай імпэрыі.
Усяго жа да 11 красавіка 1857 году быў створаны і прыняты цэлы камплект з гербаў, уключаючы Вялікі, Сярэдні і Малы дзяржаўныя гербы, і іншыя — у агульнай складанасьці сто дзесяць малюнкаў. Герб застанецца практычна нязьменным аж да самой лютаўскай рэвалюцыі, будуць уносіцца толькі невялікія зьмены: напрыклад, пры імпэратары Аляксандры III дадасца герб Туркэстану — яшчэ адной правінцыі Расейскай Імпэрыі.
1917[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пасьля лютаўскай рэвалюцыі і прыходу да ўлады Часавага ўраду герб губляе абсалютна ўсе атрыбуты; застаецца адзін арол, перарысаваны зь пячаткі Івана III. У такім выглядзе герб праіснаваў да прыняцьця гербу РСФСР 24 ліпеня 1918 году і гербу СССР 6 ліпеня 1923 году.
1993[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сучасны дзяржаўны герб быў прыняты ў 1993 годзе. Ён замяніў герб РСФСР (а да таго герб СССР) у якасьці дзяржаўнага. Сучасны герб утрымоўвае асноўныя гістарычныя элемэнты гербу Расейскай імпэрыі акрамя Андрэеўскага ордэну, аднак большасьць царскіх сымбаляў пазбаўленыя ў прэзыдэнцкай рэспубліцы якога-небудзь сэнсу.
У 2000 годзе быў прыняты закон «Аб Дзяржаўным Гербе Расейскай Фэдэрацыі»[4], які ўсталёўвае апісаньне і парадак выкарыстаньня гербу.
Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вілінбахаў Г. В., «Дзяржаўны герб Расеі — 500 гадоў».
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гісторыя гербу Расеі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў