Ян Казімер Пашкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ян Казімер Пашкевіч (другая палова XVI ст. — 1636[1]) — паэт, слуцкі шляхціч гербу «Радван», слуга Канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага.

Біяграфічных зьвестак пра яго амаль не засталося. Вядома, што за заслугі, аказаныя ў канцылярыі, ад караля 18 жніўня 1631 г. атрымаў намінацыйную прывілею на скарбовае дваранства і юргельт у памеры 160 злотых па сьмерці Самуэля Бральніцкага[2].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядомы яго адзіны верш «Полска квітнет лаціною...» (датаваны 1621, апубл. 1842), які сваімі ідэйна-эстэтычнымі якасьцямі вылучаецца сярод патрыятычнай паэзіі на старабеларускай мове[1]. Твор захаваўся ў Слуцкім сьпісе Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 году. У ім зьмешчана яшчэ 5 аўтографаў паэта, а таксама запісы іншых асобаў, якія сьведчаць, што ў 1-й пал. XVII ст. рукапіс бытаваў у Вільні, дзе, напэўна, і быў напісаны верш[3]. Асноўны матыў твора — ухваленьне роднай мовы, падкрэсьліваньне яе выбітнага месца ў жыцьці грамадзтва і кожнага чалавека[4]. Напісаны правільным чатырохстопным харэем, гэта твор паказвае адыход беларускай паэзіі XVII ст. ад неарганічнай старабеларускай мове сылябікі, на зьмену якой прыходзіла сыляба-танічная сыстэма вершаскладаньня[1]. Паводле В. Рагойшы, адзін зь першых узораў харэічнага мэтру ў беларускай пісьмовай паэзіі[5].

Аўтограф верша «Полска квітнет лаціною…» на старонках рукапісу Літоўскага Статута 1529 году, c. 28.

У гэтым адзіна вядомым творы Я. К. Пашкевіча, напісаным у панэгірычным стылі, упершыню прагучала актуальная і сёньня думка аб тым, што народ жыве да таго часу, пакуль жыве яго мова[6]. Падкрэсьліваючы значэньне старабеларускай мовы («русчызны») ў жыцьці ўсяго Княства і ставячы яе па значнасьці на адзін узровень з польскай, Я. Пашкевіч выказвае ўпэўненасьць у шчасьлівым лёсе роднага слова[1].

старабеларускі тэкст

Полска квитнет лациною,
Литва квитнет русчызною,
Без той в Полще не пребудеш,
Без сей в Литве блазнѣм будзеш.
Той лати[н]а езык дает.
Та без Руси не вытрвает.
Ведзъ же юж, Рус, иж тва хвала
По всем свете юж дойзрала;
Весели ж се ты, русине,
Тва слава никгды не зкгине[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мн., 2011. — С. 13—14. — 901 с — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978—985-08-1291-9
  2. ^ Галубовіч, Віталь. Матэрыялы па гісторыі скарбу ВКЛ у кнігах запісаў за перыяд праўлення Уладзіслава IV Вазы // Białoruskie Zeszyty Historyczne : Беларускі гістарычны зборнік. — Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 2002. — В. 17. — С. 73—87.
  3. ^ а б Лицкевич, Олег. (2003) Ян Казимир Пашкевич. "Полска квитнет лациною…" (1621) Гісторыя Беларусі IX-XVIII стагоддзяў. Першакрыніцы Праверана 2012-06-04 г.
  4. ^ Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад., прадм., камент. І. Саверчанкі. — Мінск: Кнігазбор, 2007. — С. 391. — 608 с.
  5. ^ Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. —Мн.: Выш. школа, 1979. — С. 112. — 320 с.
  6. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 619

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]