Яжовыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Яжовыя
Жанр: паэма
Аўтар: Ян Чачот
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1819
Электронная вэрсія

«Яжовыя» — паэтычная сцэнка (паводле іншых зьвестак — драматычная паэма[1]) беларускага паэта Яна Чачота, напісаная ў 1819 на беларускай мове і прымеркаваная да імянінаў старшыні Таварыства філяматаў Юзэфа Яжоўскага, што адбываліся 19 сакавіка 1819 году[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У часе напісаньня вершаў Ян Чачот знаходзіўся ў Менску як пісар Радзівілаўскай пракураторыі, створанай на загад імпэратара Аляксандра I у лютым 1814 для ўпарадкаваньня спадчыны апошняга прадстаўніка нясьвіскай галіны Радзівілаў Дамініка Радзівіла. Адсюль паэт адаслаў твор сябрам у Вільню, выказаўшы ў паэтычнай форме лёгкае шкадаваньне, што ў той час, як яго прыяцелі «апаражняюць бутэлькі» ў вясёлым застольлі, ён «посьціць, як святы», у Менску, дзе яго прымушае «маршчыніць чало мазольная пасада пісара»[3]. Дасланыя вершы Яна Чачота на ўрачыстасьці зачытвалі Адам Міцкевіч і Тамаш Зан.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Твор пабудаваны ў форме дыялёгу, у якім прамаўляюць беларускія сяляне, што прыйшлі павіншаваць Яжоўскага на сваёй уласнай мове. Дзейнымі асобамі паэмы зьяўляюцца цівун, войт, дзясятнік, хор хлопцаў і дзяўчат і сьпеў Мікіты.

Як адзначае дасьледнік польскай літаратуры Станіслаў Станкевіч, гэта была першая спроба Яна Чачота пісаць па-беларуску[4]. Уважаючы на тое, што ў той час не было ўнармаванага беларускага правапісу ды граматыкі, паэт здолеў зь нешматлікімі выняткамі дакладна перадаць фанэтычныя і марфалягічныя асаблівасьці наваградзкай гаворкі беларускае мовы[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цьвірка, К. Яркая зорка беларускага адраджэння // Чачот Ян. Выбраныя творы. — Мінск: 1996. — (Беларускі кнігазбор).
  2. ^ Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 36. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
  3. ^ Цвірка, К. След на цаліку. Творчы шлях Яна Чачота // Роднае слова. — Мінск: 1995. — № 3. — С. 19.
  4. ^ а б Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 38. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6