Эндзі Ўоргал

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эндзі Ўоргал
Эндзі Ўоргал з Арчы, фатаздымак Джэка Мітчэла, 1973 год
Імя пры нараджэньні Андрэй Варгола
Дата нараджэньня 6 жніўня 1928
Месца нараджэньня Пітсбург, ЗША
Дата сьмерці 22 лютага 1987 (58 гадоў)
Месца сьмерці Нью-Ёрк, ЗША
Прычына сьмерці Арытмія
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак мастацтва, кіно
Навуковая сфэра гравюра[d], малярства[2], фільм[2], графіка[d][2], дызайн[2] і поп-арт[d][2]
Жанры партрэтнае маляваньне[d][3][4], натурморт[d][3][4] і партрэт[4]
Плынь поп-арт
Працы «Дзяўчыны з Чэлсі» (1966), «Таматны суп Campbell» (1962)
Сайт warhol.org (анг.)
Подпіс Выява аўтографу

Э́ндзі Ўо́ргал (па-ангельску: Andy Warhol, сапраўднае імя Андрэй Варгола, па-славацку: Andrej Varhola; 6 жніўня 1928, Пітсбург, ЗША — 22 лютага 1987, Нью-Ёрк, ЗША) — прадстаўнік поп-арту і сучаснай культуры ўвогуле. Эндзі Ўоргал вядомы дзякуючы сэрыі кампазыцыяў зь вялікім калярыстычным кантрастам, для стварэньня якіх выкарыстоўваў тэхніку трафарэтнага друку. Праз гэты мэтад былі створаныя кампазыцыі звычайнай амэрыканскай лядоўні, банкі колы ці таматнага супу Campbell, звычайных прадметаў, напрыклад, бананаў, сурвэтак і іншых. Трафарэтны друк дапамог стварыць Ўоргалу партрэты вядомых людзей, такіх як: Мэрылін Манро, Элвіса Прэсьлі, Жаклін Кенэдзі, Марлона Брандо, Элізабэт Тэйлар, а таксама стварыў Мао Цзэ-дуна і Леніна. Эндзі Ўоргал асэнсоўваў усё, што маляваў, беспрадметна і бязь лішніх эмоцыяў. Таматны суп і даляравая банкнота мелі для яго аднолькавую вартасьць зь людзьмі, якіх ён маляваў.

Ўоргал быў прадметам шматлікіх рэтраспэктыўных выставаў, кнігаў, мастацкіх і дакумэнтальных фільмаў. Ён прыдумаў шырока выкарыстоўваемы выраз «15 хвілінная слава». Многія зь ягоных твораў зьяўляюцца калекцыйнымі і вельмі каштоўнымі. Самы высокі кошт, калі-небудзь заплачаны за карціну Ўоргала, складае 100 млн даляраў, гэта было палатно пад назвай «Восем Элвісаў», створанае ў 1963 годзе. Гэтая купля была ўзгадана ў 2009 годзе ў артыкуле часопіса The Economist, які апісаў Ўоргала як «лідэра на рынку мастацтва»[5]. Працы Ўоргала ўваходзяць у сьпіс самых дарагіх карцінаў, якія былі калі-небудзь прададзеныя.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эндру Ўоргал нарадзіўся 6 жніўня 1928 году ў Пітсбургу зь імем Андрэй Варгола. Ягоныя бацькі, Андрый Варгола і Улія Юстына Завацка (прозьвішча «Варгола» зьмянілі на ангельскі варыянт Ўоргал пасьля пераезду ў ЗША), былі эмігрантамі са Славаччыны, якая ў той час уваходзіла ў склад Аўстра-Вугоршчыны. Яны паходзілі з русінскіх грэка-каталікоў зь вёскі Мікоя на поўначы Славаччыны. У Славаччыне бацька працаваў на вугальнай шахце ў ваколіцы Медзілаборцэ.

У маладосьці Эндзі захварэў на харэю, якая, хутчэй за ўсё, была вынікам ускладненьня шкарлятыны. Гэта хвароба на ўсё жыцьцё зьмяніла зьнешні выгляд Ўоргала.

Творчыя здольнасьці, якія выявіліся яшчэ ў маладосьці, дазволілі Ўоргалу скіраваць сваю адукацыю на мастацтва. Ён паступіў на факультэт камэрцыйнага мастатацтва Ўнівэрсытэту Карнэгі Мэлан у Пітсбургу. У 1949 годзе ён пераехаў у Нью-Ёрк, дзе пачаў кар’еру ілюстратара часопісаў і стваральніка рэклямы ў Міжнародным мастацкім цэнтры. У 1950-я гады творчасьць Ўоргала яшчэ не набыла сваю адметнасьць. У гэты час Ўоргал атрымаў вядомасьць дзякуючы сваім эксцэнтрычным чарнільным малюнкам абутку, выкананым у вольным стылі з намеранымі плямамі.

У 1960-х гадах Эндзі Ўорг6ал вынайшаў тэхніку трафарэтнага друку. У 1962 годзе Ўоргал стварыў сэнсацыйную сэрыю карцінаў, на якіх былі адлюстраваны, часта ў яркіх фарбах, слоікі кока-колы і бляшанкі кансэрваў, у тым ліку вядомыя выявы бляшанак таматнага супу Campbell, якія прынесьлі яму папулярнасьць. Ён шукаў спосабы ня толькі стварэньня мастацкіх твораў з дапамогай прадуктаў масавай культуры, але і жадаў, перадусім, ствараць масавае мастацтва. Ягоныя творы выявілі пустату і бязьлікасьць заходняй масавай культуры, заснаванай на спажываньні. Хутка ён стварыў яшчэ больш яскравыя творы — выкананыя ў эксцэнтрычным стылі — выявы вядомых людзей таго часу: Мэрылін Манро, Элвіса Прэсьлі, Мао Дзэ-дуна. Скандальная рэпутацыя Ўоргала спрыяла вядомасьці працаў гэтай сэрыі. У наш час ейны кошт дасягае дзясяткаў мільёнаў даляраў.

У другой палове 1960-х гадоў Ўоргал зацікавіўся кіно. Ягоныя фільмы, створаныя разам з Полам Морысі, сталі першымі прадвесьнікамі сэксуальнай рэвалюцыі. Разам з гэтым Ўоргал стварае першую альтэрнатыўную рок-групу «The Velvet Underground». Таксама ён стаў дызайнэрам вокладак для некалькіх папулярных альбомаў, напрыклад Sticky Fingers гурту The Rolling Stones.

Вакол мастака склалася асаблівая субкультура моладзі, адна з удзельніц якой, фэміністка Валеры Саланас у 1968 годзе стрэліла ў «настаўніка», цяжка яго параніўшы. Нягледзячы на тое, што ягонае жыцьцё атрымалася ўратаваць, Ўоргал застаўся інвалідам і ў 1987 годзе памёр ад наступстваў гэтага раненьня. Ён быў пахаваны ў Пітсбургу, у грэка-каталіцкай царкве сьвятога Духу.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мастацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да пачатку 1960-х гадоў Ўоргал стаў вельмі пасьпяховым камэрцыйным ілюстратарам. Ягоныя падрабязныя і элегантныя малюнкі для абутку былі асабліва папулярнымі. Яны складаліся ў асноўным з выяваў зробленых трафарэтным друкам, тэхнікай якой ён карыстаўся ў многіх сваіх раньніх працах. Хоць многія мастакі таго пэрыяду працавалі ў камэрцыйным мастацтве, аднак не былі гэтак жа папулярны. Ўоргал быў настолькі пасьпяховым, што здавалася, што ён станьне сур’ёзным мастаком.

Поп-арт быў экспэрымэнтальнай формай мастацтва, якое толькі пачало набіраць абароты, адным зь піянэраў гэтага руху быў Рой Ліхтэнштэйн. Але Ўоргал быў вядомы як «бацька поп-арту», артыстам які зьвярнуўся да гэтага новага стылю, дзе папулярныя прадметы жыцьця могуць быць часткай палітры мастака. Ягоныя раньнія працы складаліся са здымкаў з мультфільмаў і рэклямы, дапрацаванымі фарбавым росьпісам. Даволі вядомай працай Эндзі стала кампазыцыя Мэрылін Манро, сэкс-сымбалю ЗША на той час, у незвычайнай апрацоўцы, што прынесла велізарны посьпех аўтару.

Кіно[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ўоргал працаваў у шырокім спэктры мэдыя-жывапісу, фатаграфіі, графікі і скульптуры. Акрамя таго, ён быў вельмі пладавітым кінарэжысэрам. Паміж 1963 і 1968 гадамі ён вырабіў больш за 60 фільмаў, а таксама каля 500 кароткіх чорна-белых кінапробаў[6]. Адзін зь ягоных самых вядомых фільмаў, «Сон», паказвае шасьцігадзінавы сон паэта Джона Гіёрна. 35-хвілінны фільм «Мінэт» зьяўляецца бесьперапынным здымкам ДэВэрэна Букўолтэра, які атрымоўвае задавальненьне нібыта ад аральнага сэксу, аднак камэра ніколі не нахіляецца ўніз, каб убачыць гэта. Іншая праца, «Імпэрыя» (1964), складаецца з кадраў васьмігадзіннага назіраньня за Эмпайр-Стэйт Білдынг у Нью-Ёрку ў прыцемках.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Schaffner, Ingrid The Essential Andy Warhol. — New York City: Harry N. Abrams, 1999. — ISBN 0-8109-5806-6

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эндзі Ўоргалсховішча мультымэдыйных матэрыялаў