Холдынг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Холдынг (анг. holding — які валодае) — акцыянэрнае прадпрыемства, якое выкарыстоўвае свой капітал на набыцьцё кантрольных пакетаў акцыяў іншых прадпрыемстваў для кіраваньня імі. Ствараецца буйным прадпрыемствам для ажыцьцяўленьня адзінага кіраваньня некалькімі прадпрыемствамі, паскарэньня дывэрсіфікацыі і разьмеркаваньня капіталу між галінамі прадпрымальніцтва. Віды: 1) чысты — не займаецца вытворчай, гандлёвай і банкаўскай дзейнасьцю; 2) зьмяшаны — сам займаецца прадпрымальніцтвам у адмысловых галінах[1]. Можа ажыцьцяўляць унутранае пазычаньне[2].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

28 сьнежня 2009 году А.Лукашэнка падпісаў Указ № 660 «Аб некаторых пытаньнях стварэньня і дзейнасьці холдынгаў у Рэспубліцы Беларусь», паводле якога кіраўнічая кампанія ўплывае на рашэньні даччыных прадпрыемстваў холдынгу на падставе:

  • «валоданьня 25% і больш простых (звычайных) акцыяў (дзеляў у статутных фондах) даччыных кампаніяў холдынгу;
  • кіраваньня дзейнасьцю даччыных кампаніяў холдынгу — унітарных прадпрыемстваў, заснаваных кіроўнай кампаніяй холдынгу або ў адносінах да якіх кіроўная кампанія холдынгу набыла статус заснавальніка на іншых падставах, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, а таксама ўстановаў, створаных кіроўнай кампаніяй холдынгу;
  • дамовы давернага кіраваньня 25% і больш простых (звычайных) акцыяў (дзеляў у статутных фондах) даччыных кампаніяў холдынгу»[3].

Паводле 3-га пункта Ўказа, «Холдынг лічыцца створаным і набывае статус холдынгу з даты яго рэгістрацыі, якая ажыцьцяўляецца Міністэрствам эканомікі, якое вядзе Дзяржаўны рэестар холдынгаў». Паводле 12-га пункта, «Кіраўнічая кампанія холдынгу мае права ... утвараць цэнтралізаваны фонд за кошт адлічэньняў ад прыбытку ўдзельнікаў холдынгу, які застаецца ў іх распараджэньні пасьля выплаты падаткаў». «Сродкі цэнтралізаванага фонду накіроўваюцца кіраўнічай кампаніяй холдынгу яго ўдзельнікам на»:

  • «фінансаваньне капітальных укладаньняў вытворчага прызначэння, ажыццяўленьне ўдзельнікамі холдынгу цэнтралізаваных закупак машын і абсталяваньня ... з наступнай бязвыплатнай перадачай іх іншым удзельнікам холдынгу і прыняцьцем апошнімі атрыманых машын і абсталяваньня да бухгалтарскага ўліку ў якасьці аб'ектаў асноўных сродкаў»;
  • «фінансаваньне навукова-дасьледчых, досьледна-канструктарскіх і досьледна-тэхналягічных працаў;
  • фінансаваньне праграмаў энэргаашчаджэньня i мерапрыемстваў укараненьня новых энэргаэфэктыўных тэхналёгіяў і абсталяваньня;
  • пагашэньне крэдытаў банкаў, а таксама выдадзеных за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў бюджэтных пазык»;
  • «вылучэньне пазык»[3].

Пагатоў грошы і «маёмасьць, акрамя каштоўных папераў і маёмасных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасьці», такога фонду вызваляюцца ад падатку на прыбытак і адзінага падатку для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі: «Грашовыя сродкі, атрыманыя кіраўнічай кампаніяй холдынгу – рэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь (за выключэньнем банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыяў, страхавых арганізацыяў) для ўтварэньня ... цэнтралізаванага фонду ад даччыных кампаніяў холдынгу, а таксама атрыманыя ўдзельнікамі холдынгу – рэзыдэнтамі Рэспублікі Беларусь (за выключэньнем банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыяў, страхавых арганізацыяў) ... з цэнтралізаванага фонду, пры вылічэньні падатку на прыбытак і адзінага падатку для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі не ўключаюцца ў склад пазарэалізацыйных даходаў, якія ўлічваюцца пры падаткаабкладаньні». Таксама «Не прызнаюцца аб'ектам падаткаабкладаньня Падаткам на дададзеную вартасьць абароты па бязвыплатнай перадачы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ўдзельніку холдынгу маёмасьці ... пры ўмове яе прыняцьця да бухгалтарскага ўліку ў якасьці аб'ектаў асноўных сродкаў». Паводле падпункта 12.7 Указа, «Кіраўніку кіраўнічай кампаніі холдынгу з удзелам дзяржавы па ўзгадненьні зь дзяржаўным органам можа выплачвацца штогадовае аднаразовае ўзнагароджаньне ў памеры да 2% ад атрыманага па выніках справаздачнага году сукупнага прыросту прыбытку, што застаецца пасьля выплаты падаткаў ... за справаздачны год у цэлым па холдынгу, але ня больш за 15 акладаў ўключна»[3].

1 красавіка 2010 году 1-м холдынгам у Беларусі стаў «Белтэх Холдынг» Уладзімера Пефціева, які поруч з аднайменнай кіраўнічай кампаніяй улучаў ЗАТ «Белтэхэкспарт»[4]. На красавік 2012 г. на ўліку ў Дзяржаўным рэестры холдынгаў Беларусі стаяла 34 прадпрыемствы, якія ўлучалі звыш 200 юрыдычных асобаў. У 17 (палове) зь іх урад Беларусі меў долю ў статутным фондзе: «Гарызонт», «Беларускае оптыка-мэханічнае аб’яднаньне» («БелОМА»), «Беларускія шпалеры», «Аўтакампанэнты» і «Забудова»[2]. 4 красавіка 2016 году лік холдынгаў дасягнуў 100[5]. 22 ліпеня 2021 году ў Дзяржаўным рэестры налічвалася 95 холдынгаў, якія ўлучалі 643 прадпрыемствы і выпускалі каля 1/4 прамысловых вырабаў Беларусі[6].

Буйныя холдынгі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Холдзінг // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17. — С. 44-45. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
  2. ^ а б Леанід Лахманенка. Мікалай Снапкоў: «Прадукцыйнасьць працы як у разьвітых краінах — задача амбіцыйная, але рэальная» // Зьвязда : газэта. — 20 красавіка 2012. — № 78 (27193). — С. 1-2. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б в А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 сьнежня 2009 г. № 660 «Аб некаторых пытаньнях стварэньня і дзейнасьці холдынгаў у Рэспубліцы Беларусь» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 25 чэрвеня 2014 г. Праверана 16 сакавіка 2017 г.
  4. ^ Пералік холдынгаў // Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, 22 ліпеня 2014 г. Архіўная копія ад 22 ліпеня 2014 г. Праверана 16 сакавіка 2017 г.
  5. ^ Пералік холдынгаў (працяг) // Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, 4 красавіка 2016 г. Архіўная копія ад 4 красавіка 2016 г. Праверана 16 сакавіка 2017 г.
  6. ^ Лукашэнка падтрымаў карэкціроўку заканадаўства аб дзейнасьці холдынгаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 ліпеня 2021 г. Праверана 22 ліпеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]